31 жніўня, напярэдадні 80-годдзя пачатку Другой сусветнай вайны, у Асаўцы на Маладзечаншчыне адкрылі помнік ахвярам гэтай вайны.

Мемарыяльную канструкцыю зрабілі на грамадскія сродкі. Арганізатарамі і каардынатарамі праекта выступілі мясцовыя грамадскія актывісты: аўтар гэтых радкоў Алесь Раткевіч, Васіль Казакевіч і Яўген Тумель.

Нашу справу падтрымала раённая арганізацыя «Беларускі фонд міру», Чысцінскі сельвыканкам.

У адкрыцці паўдзельнічалі работнікі сельвыканкама з Чысці, школа, жыхары Асаўца, Чысці і вёскі Чарты. Былі госці з Маладзечна і Вілейшчыны, прадстаўнікі праўлення раённай арганізацыі «Беларускі фонд міру» і Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Помнік асвяціў ксёндз Павел Шылак з Краснага. Чысцінскі Дом культуры выступіў з канцэртам.

Ад імя арганізатараў праекта я ўдзячны ўсім, хто падтрымаў гэту справу. Нехта дапамог матэрыяльна, нехта – сваёй працай. Маральная падтрымка таксама мела важнае значэнне.

Дзякуй жыхарам Асаўца, Чысці, Маладзечна: Радзевічам, Рафальскім, Лагвянцам, Дзенісенкам, Вішнеўскім, Філіповічам, Янушкевічам. Дзякуй майстру Генадзю Шурпіку і мастаку Алесю Квяткоўскаму, ксяндзу Паўлу.

Асабліва мы ўдзячныя Мамаям з Маладзечна, якія вельмі дапамаглі грашыма, і мясцовым прадпрымальнікам Глаўдзелю, Марозу, Грабяньку, Малашэвіч, Рыжанкову і Чысцінскай ЖКГ.

На дошцы ў Асаўцы – 48 імёнаў загінулых падчас Другой сусветнай.

• Текст доступен на языке: Русский