Фота ohrana.gov.by

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ўзмацняе работу са зваротамі грамадзян і рэагаванне на крытычныя публікацыі ў СМІ. Аб гэтым заявіў журналістам міністр унутраных спраў Беларусі Юры Караеў.

Паводле слоў Караева, узмацняецца работа над якасцю вырашэння зваротаў грамадзян.

– Будзем больш грунтоўна, дэталёва разбірацца з кожнай заявай, каб не атрымалася так, што грамадзяне звяртаюцца да нас, і мы ўсюды ім даём нейкія стандартныя адказы і адпіскі. Будзем разбірацца ў кожным выпадку, глядзець, у чым усё ж супрацоўнікі органаў унутраных спраў парушылі правы грамадзян, недзе паводзілі сябе, можа, не зусім карэктна і нястрымана. Будзем даваць ім прынцыповую ацэнку, каб людзі і грамадства нас пачулі і ўбачылі, што мы не глухія і рэагуем, – падкрэсліў Юры Караеў.

Ён дадаў, што пад больш вострым вуглом будуць аналізавацца і публікацыі ў СМІ наконт работы органаў унутраных спраў, у тым ліку ў інтэрнэце, апазіцыйных медыя.

– Бо яны таксама аднекуль гэтыя матэрыялы бяруць, і не ўсе яны прыдуманыя або паклёп. Недзе пад імі нейкія падставы, значыць, ёсць. Каб не было беспакаранасці і ўсёдазволенасці тых, хто ад імя ўлады можа валодаць нейкімі прывілеямі, як ім здаецца.

– Усе павінны дакладна, як людзі ў пагонах, перш за ўсё выконваць свае абавязкі і помніць, што служаць народу, грамадзяніну, грамадству, абараняюць яго правы, – сказаў Караеў.

• Текст доступен на языке: Русский