Хочацца сказаць, што яно адназначна ёсць. І мая бабуля па мячы, якая ў свае 83 здзейсніла тры розныя вандроўкі за лета, пагадзілася б дакладна. І ведаеце, жыццё (радаснае, цікавае) на пенсіі мусіць быць. Людзі нямала год адпрацавалі, няважна дзе: дома, на сябе, на дзяржаву або на якую фірму. Заслугоўваюць. У нас жа працуюць да 67-гадовага ўзросту! Мусіць быць. Але рэчаіснасць маем, якую маем, і яна далёка не заўжды адпавядае таму, што ў тэорыі добра. І «залатыя гады» чалавека не беспраблемныя, незалежна ад грама­дзянства.

Кожная краіна мае свае ўласныя праблемы, якія датычацца таксама і пенсіянераў. Мой лёс даў мне шанец зведаць дзве розныя культуры даволі глыбока – іспанскую, натуральна, і беларускую, і ёсць шэраг адрозненняў і падабенстваў, якія могуць любога здзівіць, мяркую.

Паспрабую патлумачыць вам тыя пункты, якія былі для мяне наймацнейшай неспа­дзяванкай.

  1. Узровень адаптацыі гарадоў і вёсак

Спачатку можа падавацца, што такая дробязь зусім не звязаная з пенсіяй, а першая асацыяцыя, якая паўстане са словаспалучэннем «адаптаваны горад», будзе «людзі з інваліднасцю». І гэта, у пэўным сэнсе, правільна: часта здараецца, што людзі з інваліднасцю не могуць шпацыраваць спакойна, уваходзіць у пэўныя будынкі або нават выхо­дзіць з дома без дадатковай дапамогі, бо няма патрэбных для гэтага структур.

Ісабэль, 88-гадовая бабуля Анхелы па кудзелі, даглядае кветкі.

Але інваліднасць – не адзіная прычына фізічных абмежаванняў. Калі чалавек старэе, ёсць безліч фактараў, якія ўплываюць на якасць жыцця і, скажам так, побытавыя здольнасці. Можам зрок страчваць, ногі «ўжо не тыя», стамляемся хутка, могуць развівацца розныя хваробы, якія моцна перашкаджаюць рабіць усё, што рабілі раней. Як кажа мая бабуля (гэтым разам, па кудзелі) – артрыт цябе не заб’е, але і жыць не дасць. Ліфты, пандусы, святлафоры з гукавымі сігналамі… Еўрапейскія стандарты, хочам ці не, да Іспаніі дайшлі (хай і не ўсё ідэальна, вядома). У Беларусі, праўда, штораз лепей з гэтай праблематыкай спраўляемся, але многія старэйшыя будынкі і будоўлі значна ўскладняюць жыццё пенсіянераў.

Таксама, праўда, трэба прымаць пад увагу клімат (у выпадку Беларусі асабліва): зімой снег і лёд з’яўляюцца дадатковай перашкодай для бабуль і дзядуль. І хаця існуюць спосабы даволі аператыўна чысціць вуліцы, канфлікт чалавека з прыродай – старажытны і легендарны з добрых прычын.

З іншага боку, іспанскае лета мае сваю рызыку – людзі сталага ўзросту ці не кожны год паміраюць ад спёкі, што, спадзяюся, у вас, на поўначы, ра­дзей здараецца.

  1. Розніца ў пенсійным узросце

Гэты пункт мяне моцна здзівіў, калі я стала аналізаваць сітуацыю. Па-першае, я не памятаю час, калі людзі ў Іспаніі выходзілі на пенсію раней за 65. Кажуць, было і такое (60, магчыма?). Цяпер пенсійны ўзрост у нас – 67 гадоў. Зразумела, людзі даўжэй і больш якасна жывуць, чым у мінулыя эпохі, але, у любым выпадку, гэта аб’ектыўна шмат гадоў працы.

Анхела і яе сям’я

Па-друоге, да знаёмства з беларускай сітуацыяй я ніколі не бачыла, каб жанчыны выходзілі на пенсію на цэлыя пяць (?) гадоў раней за мужчын. Трэба прызнацца, што мяне асабіста гэта абражала. Нібыта хочуць плаціць жанчынам меншую пенсію і ганяюць раней дадому, або лічаць іх меней здольнымі і «непатрэбнымі» ў 55-58 (маёй маме 58, і яна маладая!).

Потым даведалася, што многія беларускія жанчыны хочуць усё ж мець такую перавагу (добра, я працаголік, што зробіш са мной), і я гэта паважаю, зразумела. Але ўсё ж такі сітуацыя здаецца дзіўнай і ў чымсьці несправядлівай з пункту гледжання дыскрымінацыі (мужчын і жанчын аднолькава, заўважу).

  1. Варыянты актыўнасці на пенсіі

Вось тут іспанцы малайцы, рэальна. І я не хвалю Іспанію часта, я строгая. Клубы, гурткі па інтарэсах, арганізаваныя вандроўкі (і па Іспаніі, і за мяжу), якасныя ТВ-шоу з дэмаграфічнай групай пенсіянераў. Урокі інфарматыкі, музыкі, гімнастыкі ды чаго захочаш яшчэ. Асобныя мабільныя дадаткі, каб шукаць сабе пару.

Сябры маіх бацькоў, якія нядаўна выхо­дзілі на пенсію, пацвярджаюць, што ў іх цяпер менш «вольнага» часу, чым калі працавалі. І ў добрым сэнсе. Перад пенсіянерамі адкрываюцца новыя магчымасці штодня, усё па добрай цане і адаптавана менавіта да іх патрэб. Як спявае «Океан Ельзи» – «життя починається знов». Сэрвіс дужа якасны, і да самых старэнькіх ставяцца, звычайна, з вялікім ра­зуменнем.

Можа, я памыляюся (і была б вельмі радая памыліцца), але я пакуль што не бачыла ў Беларусі столькі варыянтаў для пенсіянераў. І пенсіі меншыя, і многага дазволіць сабе, на жаль, не могуць.

Так, лецішча, безумоўна, папулярны занятак (у нас, дарэчы, далёка не настолькі: паняцця «лецішча» няма як такога, і толькі багатыя людзі «маюць землі», збольшага), але ж прыходзіць час, калі пенсіянер занадта слабы, каб працаваць на лецішчы.

Што потым здараецца? Вось мой добры знаёмы працуе на міжнародным грамадскім аб’яднанні   «Узаемапаразуменне». Быў праект, у рамках якога пажылыя людзі малявалі, пісалі карціны са свайго жыццёвага досведу і, ведаеце, была бомба! Але гэта з таго, што я разумею, яшчэ не норма. І нават існуе пэўная стыгматызацыя пенсіі/старасці: уласнае жыццё чалавека скончылася, цяпер ён, максімум, даглядае ўнукаў і (вельмі не люблю гэты выраз) «дажывае свой век» і чакае смерці. Так быць не павінна, праўда ж?

  1. Чаканні

Адваротны бок гэтай манеткі, канешне. У Іспаніі (і ў заходняй Еўропе ўвогуле) пенсіянер павінны быць актыўным, незалежным, мець некалькі хобі і радавацца жыццю па максімуме. Паўсталі нейкія чаканні для лю­дзей, якія, можа, проста хочуць адпачываць. Працаваў усё жыццё – я цяпер не хачу пайсці на заняткі астрафізікі, а спаць, глядзець тэлік і чытаць рэдкую кніжку.

Яшчэ трэба выглядаць добра пасля пенсіі (прэтэнзія і да мужчын, і да жанчын, дарэчы, хаця, відавочна, жаночы стандарт яшчэ вышэйшы): нельга растаўсцець зусім жа, нельга апранацца, «як бабуля мінулага стагоддзя», валасы трэба захоўваць/фарбаваць/модна насіць. Адчапіцеся ж.

Ёсць адчуванне, што ў Беларусі крыху меней звяртаюць увагу на тое, ці чалавек «актыўна» праводзіць пенсію, а гэта мо, й добра.

  1. Самота: агульная праблема

Мне здаецца, гэта ўсё ж такі глабальна. Нават у краінах, дзе сям’я мае традыцыйную важнасць, як Іспанія і Беларусь (у гэтым, паверце, народы вельмі падобныя), людзі гравітуюць да індывідуалізму. Ёсць тэндэнцыя на высокі ўзровень незалежнасці, на больш павярхоўныя адносіны між сваякамі, на тое, што дзеці пераязджаюць штораз далей (унутраная і міжнародная эміграцыя – таксама супольны пункт між нашымі краінамі, хай і яе прычыны бываюць самымі адрознымі).

Гэта, з аднаго боку, натуральна і няблага: людзі адчуваюць большую свабоду і жывуць сваім сапраўдным жыццём – так, як яны хочуць. Затое варта памятаць пра дзядуль і бабуль, пра састарэлых бацькоў (дзядзькоў, цётак) і пра тое, наколькі цяжка жыць у поўнай самоце. Заўжды сумна, калі знаходзяць цела пенсіянера дома праз пару нават тыдняў, бо ніхто асабліва не наведваў і не тэлефанаваў…

Гэта праблема, супраць якой мусім змагацца, мабыць, разам. Кожнае жыццё мае высокую вартасць, і пенсіянеры яшчэ шмат чаму нас навучаць.