Анхела. Фота facebook.com.

5 верасня ў Мадрыдзе ўпершыню прайшла абарона доктарскай дысертацыі па беларускай літаратуры. Аўтар працы – іспанка Анхела Эспіноса Руіс. Анхела – пазаштатны аўтар «Рэгіянальнай газеты»

Тэма дысертацыі – «Сімвалізм народнага паходжання ў прозе Яна Баршчэўскага і Густава Адольфа Бэкера». На абароне прысутнічаў прадстаўнік пасольства Беларусі ў Іспаніі. Працу даследчыца абараніла на выдатна.

Мы задалі Анхеле некалькі пытання з нагоды абароны.

– Чаму для даследавання ты абрала менавіта Яна Баршчэўскага?

– У Варшаве, падчас магістратуры, я вучылася ў прафесара Міколы Хаўстовіча – аднаго з самых выбітных спецыялістаў у галіне літаратуры ХІХ стагоддзя, і канкрэтна ў творчасці Яна Баршчэўскага. Ён апублікаваў некалькі манаграфій на гэтую тэму.

Той самы ўнівер у Мадрыдзе. Фота Embajada de Belarús en España.

Хаця сваю магістарскую працу я напісала пра паэзію Міхася Стральцова, у мяне, безумоўна, з’явілася зацікаўленасць да Баршчэўскага. Сам прафесар Хаўстовіч казаў, што, напэўна, магла б выйсці добрая параўнальная праца, калі ўзяць беларускую і іспанскую літаратуры ХІХ стагоддзя. Мы часта абмяркоўвалі Баршчэўскага. Тады я падумала пра Густава Адольфа Бэкера, пра падабенства двух аўтараў. Пачала перачытваць, пераасэнсоўваць.

– Ці ёсць у Іспаніі нейкія традыцыі-забабоны, якія трэба выканаць, каб абарона дысертацый прайшла ўдала?

– Ёсць звычайныя забабоны, якія не толькі абарон тычацца. Напрыклад, не называць сябе кандыдатам навук раней, чым абаронішся. Яшчэ – традыцыйны абед пасля абароны, за які плоціць сам былы аспірант.

– Што найбольш палохала, хвалявала?

– Найбольш палохала магчымасць, што тэхніка не запрацуе. Асабліва таму, што адна ў апанентаў — прафесар Галіна Тварановіч, мелася выступаць праз відэаканферэнцыю.  Таксама быў страх, што могуць задаць нейкае складанае пытанне, або што нехта моцна дачэпіцца і я магу абарону праваліць.

Увогуле апошнія дні адчувала, што ў мяне няма дастатковага ўзроўню на такую ступень, і што мяне раскрыюць акурат на абароне. Сіндром самазванца.

– Колькі было пытанняў на абароне? Якое самае складанае і чаму? А якое самае лёгкае і чаму?

Пытанняў было не так і многа. У нас апаненты робяць поўны каментар, у якім сумяшчаюцца і пахвала, і крытыка, і каментары, і развагі, і пытанні. Таму, мабыць, чыстых пытанняў было чатыры-пяць.

Самае лёгкае — пра матывацыю працы: чаму вырашыла пісаць пра беларускую літаратуру, і яшчэ параўнальным падыходам?

Ян Баршчэўскі. Фота Publik domaln.

Самыя складаныя пытанні — тыя, якія тычыліся канкрэтных кніг і аўтараў, якіх я не выкарыстала. Апанентаў было пяць. Кожны быў спецыялістам у сваёй, адрознай, галіне. Было відавочна, асабліва пры такой міжнароднай працы, што яны хацелі бачыць больш пра сваё, называлі розныя манаграфіі, аўтараў.

Густаў Адольф Бэкер. Фота з вікіпедыі.

Некаторых я чытала і ведала адносна добра, магла ацаніць, а пра іншых — першы раз чула, асабліва ў выпадку румынскіх аўтараў. Але была магчымасць даваць агульныя адказы, каб не затрымлівацца на кожнай падрабязнасці і не зацягваць абарону моцна. Я занатавала прозвішчы аўтараў і назвы кніг. Буду чытаць, каб былі новыя веды на будучыя даследванні.

– Ужо як-небудзь адзначыла ўдалую абарону?

– Апрача ўрачыстага абеду, яшчэ не паспела адзначыць. Я чалавек нудотны крыху, мабыць. Вярталася ў Малагу, шмат спала, адказвала на пытанні інтэрв’ю. Цяпер буду пісаць субтытры да відэа абароны. Можа, зойдзем на абед усёй сямʼёй (і з сябрамі, калі будуць вольныя) на выходныя.

– Што плануеш цяпер? у навуцы, у працы, у жыцці?

– Я цяпер у пошуках працы, постдактарантуры. У навуцы буду далей займацца беларусістыкай. У канцы верасня паеду на Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі, які адбудзецца ў Вільні.

Наконт жыцця — не ведаю. Я задаволеная тым, што ёсць. Хіба што бачыцца часцей з сябрамі хацела б. У залежнасці ад таго, дзе знайду працу, будзе лягчэй ці цяжэй. У родным горадзе амаль ніхто не застаўся, ды й тут славістыкі не існуе. Я, хутчэй за ўсё, хачу зʼехаць за мяжу.

Публікацыі Анхелы можна пачытаць на нашым сайце:

Анхела: Ці ёсць жыццё на пенсіі?

Анхела: «Чаму не хочаш сваіх дзяцей?»

Анхела Эспіноса Руіс: Я стала занадта беларускай для Іспаніі