1 верасня наведнікі Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханэса Раў са здзіўленнем зазіралі ў канферэнц-залы. У адной рабілі штучнае дыханне пластыкаваму манекену. У другой група людзей кідалася адзін у аднаго клубком нітак…

Бясплатна вучылі 12 гадзін

У традыцыйны Дзень ведаў Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр зладзіў першы гарадскі сацыяльны фестываль. Майстр-класы, лекцыі, дыскусіі, гульні, прэзентацыі, майстэрні ў Мінску на Праўды, 11 ладзілі ад дзесяці раніцы да дзесяці вечара. Пры гэтым усё было бясплатна.Так супрацоўнікі ўстановы адзначылі сваё 25-годдзе.

У розных канферэнц-залах цэнтра ладзілі майстар-класы па першай дапамозе сталым людзям, праектнай дзейнасці, журналістыцы і нефармальнай адукацыі; шылі экаторбы і гатавалі нямецкія стравы; разважалі пра будучыню беларускай літаратуры і лёс вайсковых могілак, правяралі веданне нямецкай мовы, прэзентавалі тэатральныя пастаноўкі і канцэрты.

Высвятлялі, чаму журналісты мала пішуць пра грамадскія арганізацыі

Дзіўная група з клубком нітак – удзельнікі майстар-класа медыятрэнера Марыны Загорскай. Журналісты і прадстаўнікі недзяржаўных грамадскіх арганізацый гутарылі пра тое, чым могуць быць карысныя адзін аднаму.

У летнім дворыку.

А клубок нітак – гэта клубок праблем. Спачатку ўдзельнікі называлі праблемы, якія перашкаджаюць супрацоўніцтву, намотваючы нітку на палец і перакідаючы клубок адзін аднаму. А пасля прапаноўвалі рашэнні і ў гэты час скручвалі клубок.

Такую методыку ўпадабалі многія ўдзельнікі. Адзначылі, што яе можна выкарыстоўваць на многіх трэнінгах, дыскусіях і нават на ўроках у школе.

Сярод праблем назвалі – слабыя кантакты, недасведчанасць журналістаў у вузкіх тэмах, жаданне медыя манетызаваць публікацыі, перасцярога прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый супрацоўнічаць з недзяржаўнымі СМІ, шэрыя і аднастайныя прэс-рэлізы.

Трывожны лёс Вайсковых могілак

Валанцёр Павел Кавалёў падзяліўся досведам пра тое, як неабыякавыя людзі адстойваюць помнікі на Вайсковых могілках. Большасць з іх, у многім унікальных, улады планавалі знесці і замяніць аднолькавымі бетоннымі надгалоўнікамі. Некаторыя пахаванні сапраўды не пазбегнулі гэтага лёсу. Некаторыя ўдалося ўратаваць.

– Я працую экскурсаводам, – распавядаў Павел. – І вельмі крыўдна, калі я мушу казаць удзельнікам экскурсіі пра тое, што тут некалі было, а цяпер няма. Не хацелася б, каб такі лёс напаткаў адзін са старэйшых мінскіх некропаляў – Вайсковыя могілкі.

Афіцыйныя прывітанні і пачастунак у 25 кілаграмаў

Падчас афіцыйнага адкрыцця фестывалю супрацоўнікаў IBB-цэнтра віталі яго нямецкі дырэктар з Дормунда Астрыд Зам, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Германіі ў Беларусі Манфрэд Хутэрэр, дырэктар інстытута Гётэ ў Мінску Якаб Рачак.

Як распавёў падчас адкрыцця старшыня Віктар Балакіраў, 28 год таму нямецкі ўрад выдзеліў грошы для будаўніцтва ў Мінску адукацыйнага цэнтра. А з’явіўся ён тут праз тры гады.

Торт для ўсіх

– IBB-цэнтр стаў пляцоўкай для канструктыўнага дыялогу паміж нашымі краінамі, – адзначыў у сваім віншаванні пасол.

Побач з будынкам адукацыйнага цэнтра пасадзілі дрэва гінкга білоба – падарунак інстытута Гётэ.

А яшчэ падчас фестывалю гасцей пачаставалі адмыслова прыгатаваным тортам. Хапіла ўсім. Бо вага ласунку была 25 кілаграмаў.

Фота са старонкі IBB у фэйсбуку.

• Текст доступен на языке: Русский