У апошні дзень лета ўдзельнікі арт-пікніка ў Крэве на Юравай гары рабілі фотаздымкі кветак. Для гэтага спатрэбілася старая фотапапера, сонечнае святло, самі кветкі і… усё. Фотакамера была непатрэбная.

Такая тэхналогія  фатаграфавання называецца Lumen Prints і вядомая ад 19 стагоддзя.

Дзякуючы сонечнаму святлу і правільным дзеянням фатографа на паперы з’яўляецца адбітак расліны.

Зёлкі, метафізіка, фотаалхімія…

Своеасаблівы арт-пікнік у Крэве для фатографаў, журналістаў, мясцовых жыхароў зладзілі два фатографы з рэгіёна – Сяргей Гапон з Крэва і Сяргей Лескець з Маладзечаншчыны.

Удзельнікі арт-пікніка.

– Я бываў на падобных фестывалях у Польшчы, – расказаў «Рэгіянальнай газеце» фатограф, наш пазаштатны аўтар Сяргей Лескець. – Там даволі распаўсюджаная практыка, калі творцы, мастакі, фатографы збіраюцца, працуюць, нешта ствараюць. А пасля ўсё заканчваецца канцэртам. Захацелася зладзіць нешта падобнае і ў нас.

Па словах Сяргея, на фэст сабралася каля 15 чалавек. Прафесійных фатографаў з іх была толькі палова. Перыядычна далучаліся мясцовыя крэўскія дзеці. І па словах Сяргея, з захапленнем друкавалі кветкі. Прыйшоў і краязнаўца Аляксандр Камінскі са сваімі вучнямі.

Сяргей Лескець распавядае, як здымаць без фотакамеры.

Акрамя заняткаў незвычайнай фотаздымкай, удзельнікі гутарылі пра метафізіку беларускіх траў. Сяргей Лескець прачытаў лекцыю пра фотаалхімію. Бо стварэнне здымкаў толькі з дапамогай сонечнага святла заўсёды лічылася чымсьці магічным.

Былі майстар-класы ад фатографаў, экскурсія па Крэве, канцэрт Сяргея Доўгушава.

Сяргей Гапон: Калі ўсе з’едуць, хто застанецца?

Іншы арганізатар арт-пікніка, Сяргей Гапон, родам з Крэва. У Мінску ён жыў 13 год. Гэта, па словах суразмоўцы, было трэба яму, каб атрымаць адукацыю, прафесійны і жыццёвы досвед.

 – Падумаў: усе едуць у сталіцу. Калі ўсе паедуць, хто ж застанецца ў Крэве, – дзеліцца Сяргей.

Тут, ля падножжа Юравай гары, ён набыў дом і вырашыў застацца. Для фатографа – гэта карысна, перакананы Сяргей Гапон:

– У Беларусі больш партызанскае жыццё. Сюжэты для добрых здымкаў не ляжаць на паверхні. Каб нешта зняць, трэба паназіраць. Таму я шмат здымаю ў Крэве.

Па форме, па тэрыторыі, Крэва засталося такім, як сто год таму, кажа Сяргей. Аднак змест яго мяняецца. Людзі ў пошуках лепшага жыцця і працы выязджаюць у горад.

Бо праца ў Крэве, па словах Сяргея, – гэта або калгас, або лясгас, або нідзе.

Але ў Крэва і ваколіцы прыязджаюць іншыя людзі. І не толькі для таго, каб садзіць бульбу. А з мэтай ладзіць тут культурніцкія праекты.

А раптам нехта захоча набыць у Крэве лецішча?

Арт-пікнік, па словах арганізатараў, накіраваны не столькі на прафесійных фатографаў, колькі на мясцовых людзей, а таксама на прыезджых. На тое, каб кагосьці далучыць да прыгожага, а некаму адкрыць гісторыю Крэва.

Творы.

– Людзі захапляліся мясцінамі, кветкамі, летам, – прыгадвае Сяргей. – А раптам пасля нашай імпрэзы нехта захоча набыць тут лецішча? Неяк вывозячы смецце, я пабачыў на звалцы кавалкі дамоў, відаць, вывезеных з хутароў і вёсак. Такі лёс ні ў якім разе не павінны напаткаць Крэва.

У планах арганізатараў праз год-два зрабіць Крэва арт-рэзідэнцыяй са штогадовымі культурнымі фэстамі.

Фотаздымкі kreva.travel.

• Текст доступен на языке: ruРусский