Фота osh.by

Ашмяншчыну наведала дэлегацыя з Германіі. Прадстаўнікі адукацыйнага цэнтра па пытаннях міратворчасці нямецкага аб’яднання “За мір” рэалізуюць ідэю сумеснага з Беларускай цыганскай дыяспарай праекта “Забыты генацыд: ромы ў Беларусі 1941 -1944”.

У складзе дэлегацыі аўтары і арганізатары праекта Франк Брэндле і Герыт Цыглер, намеснік аб’яднання “Беларуская цыганская дыяспара” Артур Гоманаў, журналісты і гісторыкі. Да рэалізацыі праекта таксама далучылася гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна з Мінска. Сумеснае нямецка-беларускае даследаванне праходзіць пры падтрымцы міністэрства замежных спраў Германіі.

— Аб генацыдзе ромаў у Беларусі, які быў здзейснены нямецкімі акупантамі, мала што вядома, — расказвае Франк Брэндле. — Сем’і тых, хто выжыў, берагуць памяць пра генацыд да нашых дзён, але грамадства ў сваёй большасці іх не чуе — ні ў Германіі, ні ў Беларусі. Гістарычных даследаванняў практычна няма. Толькі нядаўна некаторыя даследчыкі і грамадскія аб’яднанні пачалі цікавіцца гэтай тэмай. Наш праект закліканы падтрымаць гэтыя ініцыятывы і дапамагчы выратаваць памяць аб жудаснай трагедыі.

Вынікам працы над праектам стане перасоўная выстаўка і відэафільм на рускай і нямецкай мовах, якія будуць экспанавацца як у Беларусі, так і ў Германіі. Выстава адкрыецца ў наступным годзе. Ужо вядома, што з ёй змогуць пазнаёміцца жыхары сталіцы, Бабруйска і Ашмян.

Матэрыял для выставы і фільма збіраецца па ўсёй Беларусі. Дэлегацыя ўжо аб’ездзіла дзясяткі гарадоў, дзе жывуць сведкі жудасных падзей. Даследчыкаў цікавяць успаміны цыган аб трагічных падзеях тых часоў, аб злачынствах акупантаў, прыклады супраціўлення і салідарнасці. Журналісты і гісторыкі размаўляюць з нашчадкамі расстраляных людзей, а таксама з людзьмі, у памяці якіх захаваліся ўспаміны аб генацыдзе.