Фота abra.by.

Як павінна выглядаць ссабойка школьніка і ці месца ў ёй бутэрбродам, расказвае дыетолаг-эндакрынолаг Вольга Аўчыннікава.

– Вельмі важна, каб ссабойка складалася з прадуктаў, якія падабаюцца дзіцяці, каб прадукты не хутка псаваліся, былі надзейна запакаваны, без рызыкі запэцкаць рукзак і каб яе было зручна есці ва ўмовах школы. Напрыклад, не кожнаму школьніку будзе камфортна дастаць слоічак супу. Не лепшым варыянтам будзе штосьці з выразным пахам (напрыклад, адварныя яйкі), — кажа доктарка.

Калі дзіця снедае ў школе і будзе абедаць дома, то садавіны (яблыка ці грушы) і жмені арэхаў будзе цалкам дастаткова. Таксама добрым варыянтам будзе невялікая ўпакоўка грэчаскага ёгурту ці тваражок (толькі не глазіраваны сырок).

Калі абед дома не плануецца, то для ссабойкі трэба прадугледзець больш сытны варыянт. Падыдзе карысны бутэрброд: замест белага батона — іржаны хлеб (для разнастайнасці можна лаваш), замест кілбасы — запечаныя курыныя грудкі (або індычку, рыбу, сыр) і абавязкова гародніну і зеляніну. Масла часам можна замяняць на авакада. Такі карысны бутэрброд будзе вельмі апетытным і зручным.

Калі дзіця ў школе не снедае, то пакладзіце яму з сабой кашу (напрыклад, аўсяную) з дабаўленнем фруктаў, ягад, сухафруктаў ці арэхаў.

• Текст доступен на языке: ruРусский