Карэспандэнт «Рэгіянальнай газеты» наведалася на трэніроўку па гарадошным спорце да Аляксандра Кулака. Трэнер па гарадках распавёў, чаму Маладзечна – сталіца гэтага віду ў Беларусі.

Гарадкі з гістарычным мінулым

У мінулым жніўні гарадошны спорт адзначыў 95-годдзе. Усё пачалося ў 1923 годзе, калі маскоўскі метадыст распрацаваў першыя правілы. А на першай Усебеларускай спартакіядзе ў 1945 годзе было 12 відаў спорту, і гарадкі ўваходзілі ў іх лік.

У 1949 годзе ў Навабеліцы прайшоў першы камандны чэмпіянат БССР. Маладзечанскія спартсмены там таксама ўдзельнічалі. З таго часу маладзечанцы пастаянна гулялі ў гарадкі на саюзных чэмпіянатах і міжнародных спаборніцтвах. У Савецкім Саюзе ні адзін гарадошнік з Маладзечна не падняўся вышэй за чацвертае месца на чэмпіянатах Еўропы. У 1980-я маладзечанскія спартсмены ўваходзілі ў склад зборнай БССР, якая станавілася чэмпіёнам Савецкага Саюза.

Адзінцоў – самы знакаміты гарадошнік з Маладзечна

Калісьці гарадошная пляцоўка была на гарадскім стадыёне. Яна размяшчалася бліжэй да басейна. Аляксандр Кулак распавядае, што той, хто пачынаў гуляць у 1950-я, расказвалі яму гісторыю пра нацягнутыя адносіны паміж пацыентамі бальніцы і спартсменамі. Пацыенты былі абураныя, што гульцы гучна білі бітамі, тым самым перашкаджалі хворым.

Тыя ж 1950-я запомніліся не толькі супрацьстаяннем гарадошнікаў і пацыентаў, але і выступленнямі Сямёна Адзінцова. У 1953 годзе ён стаў першым чэмпіёнам Беларусі з Маладзечна сярод юнакоў. У наступным годзе Адзінцоў стаў чэмпіёнам сярод дарослых. Яшчэ праз 17 гадоў, у 1971-м, зноў выйграў тытул. У 1988 годзе Адзінцоў у трэці раз узяў першае месца на чэмпіянаце Беларусі.

– Ён гуляў заўсёды на цэнтральным стадыёне. Яго ўсе памятаюць. Сямён таксама быў адным з ініцыятараў будаўніцтва гарадошнага стадыёна. А вось з лічбай 17 у яго цікавая гісторыя – кожныя 17 год становіцца чэмпіёнам! – успамінае Кулак.

Малюнкі выхаванцаў Аляксандра Кулака.

Як Маладзечна стала сталіцай гарадошнага спорту

У 1993 годзе адбылася падзея, якая пацвярджае, што Маладзечна – сталіца гарадкоў. Пасля развалу Савецкага Саюза прадстаўнікі федэрацыі гарадошнага спорту СССР сказалі, што яе больш не існуе, яна самаліквідуецца. Кулак успамінае, што ўсе замкнуліся ў сваіх дзяржавах, не праводзілі чэмпіянатаў, турніраў, а гуляць у Беларусі хацелі.

У тым жа годзе ў Маладзечне яны правялі адкрыты рэспубліканскі турнір. У перыяд гэтых спаборніцтваў заснавалі Міжнародную федэрацыю гарадошнага спорту. На наступны год зладзілі першы чэмпіянат Еўропы, таксама ў Маладзечне. У 1996
годзе маладзечанскі гарадошнік Аляксандр Яршэвіч устанавіў абсалютны рэкорд і стаў чэмпіёнам Еўропы ў асабовым першынстве.

У 2000-я ў гарадкі актыўна пачалі гуляць жанчыны. Усё пачалося з Германіі, калі там правялі чэмпіянат свету. Трэці чэмпіянат у 2006 годзе хацелі зрабіць у Маладзечне, але вырашылі зладзіць у Германіі, каб улада ўбачыла, што ў гарадкі гуляюць не толькі на постсавецкай прасторы. Немцы сказалі, што чэмпіянат будуць праводзіць толькі тады, калі там будуць жанчыны. Раней жанчыны таксама гулялі, але больш эпізадычна.

А яшчэ ў Маладзечне кожны красавік праходзіць «Чарнобыльскі турнір» у памяць ахвяраў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Аляксандр Кулак на рэспубліканскіх спаборніцтвах па гарадкам.

«Гарадошную пляцоўку трэба мадэрнізаваць»

У Маладзечне гарадошную пляцоўку пабудавалі ў 1975 годзе. Трэнер распавядае, што ўсё было пераважна зроблена на стадыёне дзякуючы яго вучням. На яго думку, мадэрнізацыя стадыёна была б лепшым рашэннем, чым перанос. Пра яго пачалі гаварыць пасля візіту начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва Маладзечанскага райвыканкама Святланы Хрусталёвай на стадыён.

– Яна прыходзіла і глядзела нашы пляцоўкі. Сказала, што яны не ўпісваюцца ў архітэктурны ансамбль Маладзечна. Маўляў, трэба пераносіць, – распавядае Аляксандр Кулак.

Трэнер узгадвае, што арганізатары гарадошных спаборніцтваў у Маладзечне сутыкаюцца з праблемай, калі прыязджаюць спартсмены з іншых краін. Кажа, што санвузел у іх – вясковы. Кулак успамінае, калі на турнір у Маладзечна прыехалі фіны.

– Убачылі, трымаліся да гасцініцы. Для іх гэта было непрыемна. Можна ж паставіць біяпрыбіральні.

Шмат дзяцей, з якімі займаецца Кулак, з няпоўных сямей

Сярэдняя школа №2 – гэта базавая школа для секцыі гарадошнікаў. Кулак сам ходзіць у школы, каб запрашаць дзяцей на трэніроўкі. Школа гэта заахвочвае. Дзяцей бяруць з 2-4 класаў, прыходзяць займацца часам і старэйшыя хлопцы і дзяўчаты. У гарадкі можна гуляць у любым узросце, Аляксандр Кулак лічыць, што ніколі не позна.

– Гарадкі – гэта 90% псіхалогіі. Ты можаш выдатна гуляць на трэніроўках, а калі выходзіш адзін на адзін з фігурай або з сапернікам на спаборніцтвах, то ў цябе пачынаюць і ногі дрыжаць, і хваляванне з’яўляецца.

Пакінуць дзіця ў гарадошным спорце цяжка, але магчыма. Кулак прызнаецца, што для гэтага трэба прымяняць свае трэнерскія тэхнікі: арганізоўваць спаборніцтвы, пастаянна займацца з дзецьмі. А цукеркі пасля спаборніцтваў сталі адной з галоўных фішак трэнера.

Аляксандр распавёў пра ідэю, якую даўно выношвае. Шмат дзяцей, з якімі ён займаецца, жывуць у няпоўных сем’ях. Ён хоча зрабіць турнір, у якім будуць удзельнічаць дзеці разам з мамамі. Кажа, гэта дапаможа з’яднаць і дзяцей, і мам, якія ў адзіночку выхоўваюць дзяцей.

Гарадкі – не алімпійскі від спорту

Па словах Кулака, цяпер Міністэрства спорту ставіць задачу: заваёўваць алімпійскія медалі і скарачаць віды спорту, якія не прыносяць медалі.

– Мы не можам адкрыць аддзялення, таму што ёсць такія ўказанні. Нават не ўсе алімпійскія віды маюць фінансаванне. Развіваюць толькі тыя віды спорту, якія прынясуць узнагароды і перамогі, – абураецца трэнер.

Але гарадошную секцыю ў Маладзечне адстойваюць прафсаюзы. На нарадах пастаянна абараняюць ад закрыцця, бо ў маладзечанцаў ёсць прызёры і чэмпіёны першынства Еўропы і свету. Сярод не алімпійскіх відаў спорту аддзяленне гарадкоў знаходзіцца ў прызёрах.

– Шмат каму мы як костка ў горле. Некаторыя функцыянеры лічаць, што гарадкі трэба прыбраць, што яны непатрэбныя, – дзеліцца Кулак.

Аляксандр успамінае, што пасля распаду Саюза, беларуская федэрацыя гарадошнага спорту першай падрыхтавала дакументы для атрымання пасведчання аб прызнанні гэтага віду спорту.

Фота Настассі УТКІНАЙ.

 

Генеральны партнёр спецпраекта “Маладзечна” Маліноўшчынскі спіртагарэлачны завод “Аквадыў” прадстаўляе мінеральную ваду “Аквадыў”. Падрабязней на akvadiv.by.

Эканомьце ў фірменных магазінах “Аквадыва”

У фірменных крамах “Аквадыва” вы можаце набыць прадукцыю з мінімальнай нацэнкай. Гэта дазваляе сэканоміць ад васьмі да 20 рублёў на адной бутэльцы.

Фірменныя магазіны “Аквадыва”:

  1. Мінск, вул. М. Багдановіча, д. 56.
  2. а.г. Сеніца, вул. Набярэжная, 48 А (Мінский р-н).
  3. Маладзечна, Вялікі Гасцінец, 62-65.
  4. Курортны пасёлак Нарач, вул. Ленінская, 25 (Мінская вобл., Мядзельскі р-н).

• Текст доступен на языке: Русский