Спаліць ці утапіць у рацэ. Два браты сагналі аўто, але не прыдумалі, што з ім рабіць

У раённы аддзел міліцыі звярнуўся 26-гадовы маладзечанец, які распавёў, што ў яго выкралі аўтамабіль. Паводле яго слоў, чырвоны Opel быў прыпаркаваны на дваровай тэрыторыі па вул. Валынца. 

Як высветлілася, па дарозе на працу ў мужчыны зламаўся аўтамабіль. Каб не пакідаць яго на праезнай часткі, кіроўца заштурхаў Opel у бліжэйшы двор. Вярнуўшыся за ім праз тры дні, легкавушкі на месцы не аказалася. Мужчына тут жа паведаміў у міліцыю. Шкоду ўладальнік ацаніў на суму каля 1500 рублёў.

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку ўстанавілі асоб, якія падазраюць у крадзяжы аўтамабіля. Імі аказаліся двое беспрацоўных братоў. Фігурантаў затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Аўтамабіль аператыўнікі знайшлі ў вёсцы Забрэззе Валожынскага раёна. Праўда, без рэгістрацыйных нумароў. Адзін з іх згубілі, другі наўмысна выкінулі.

Як распавялі супрацоўнікам міліцыі затрыманыя, у той дзень яны ўбачылі на нібыта іх паркавальным месцы ў двары чужое аўто і прыдумалі план. Мужчыны праніклі ў машыну, завялі яе – і паехалі. Калі пакаталіся, сталі думаць, як пазбавіцца ад аўто. Варыянты на розум прыходзілі розныя: спаліць, утапіць у рацэ. Спыніліся на ідэі прэзентаваць машыну родзічу з Валожынскага раёна. Прыгналі яму аўтамабіль, маўляў, купілі для разбору, пакінулі вяскоўцу. У сваю чаргу, сваяк падвоху ў дзеяннях не ўбачыў.

Па дадзеным факце праваахоўнікі пачалі крымінальную справу па артыкуле «Крадзеж».

Дарэчы, падазраваныя раней ужо фігуравалі ў крымінальных зводках. Адзін з іх прыцягваўся да адказнасці за маёмаснае злачынства, другі – за язду ў п’яным выглядзе. Выкрадзены Opel аператыўнікі вярнулі законнаму ўладальніку.

• Текст доступен на языке: Русский