Кім можна ўладкавацца і колькі зарабляць у розных раёнах рэгіёна, мы паглядзелі ў агульнарэспубліканскім банку вакансій па прапановах за верасень.

Маладзечна

Самая высокааплатная прапанова – для машыніста цеплавоза, якому абяцаюць 1200 заробку. Загадчыку вытворчасці з досведам працы ад трох год на кіруючай пасадзе прапануюць ад 1000 рублёў.

Будучага галоўнага ветэрынарнага доктара ў сельскагаспадарчым прадпрыемстве таксама чакае 1000 рублёў.

Па 800 рублёў прапануюць таваразнаўцу з досведам ад года і памочніку машыніста цеплавоза.

Ад 700 рублёў заробяць кіроўца пагрузчыка, слесар па аглядзе і рамонце лакаматываў, зваршчык на машынах кантактнай зваркі, аператар ўпаковачнай машыны, кантралёр-касір, муляр, кіроўца аўтамабіля, галоўны энергетык сельгаспрадпрыемства, ветэрынарны доктар.

Большасць актуальных вакансій абяцаюць заробак ад 330 рублёў. Столькі будуць зарабляць выхавальнік садка, школьны інжынер-праграміст, сакратар каледжа, дворнік, повары ў садках і школах, электраманцёры.

Вілейка

Максімальныя па заробках вакансіі ў банку прадугледжваюць аплату працы ў 800 рублёў для трактарыста і кіроўцы аўтамабіля.

Ад 500 да 700 рублёў прапануюць кіраўніку сельскагаспадарчага прадпрыемства, галоўнаму энергетыку сельгаспрадпрыемства, галоўнаму інжынеру, галоўнаму заатэхніку, галоўнаму бухгалтару, трактарысту-машыністу, слесару, аператару гранулятара, галоўнаму інжынеру, ветэрынарнаму доктару, сталяру, кіроўцу пагрузчыка, брыгадзіру, сартавальніку, трактарысту, юрысконсульту, спецыялісту па ахове працы, інжынеру-энергетыку.

330 рублёў прапануюць юрысконсульту, дворніку, санітару, школьнаму кухоннаму рабочаму. 345 рублёў абяцаюць будучаму дырэктару Ільянскага дзяржаўнага каледжа.

Валожын

Найбольшы заробак з прапанаваных абяцаюць загрузчыку сыравіны – ад 800 рублёў. 700 рублёў заплацяць галоўнаму бухгалтару, інжынеру па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні і кантралёру-касіру.

Ад 300 да 350 рублёў атрымаюць кухонны рабочы, інструктар па працоўнай тэрапіі і кравец.

Мядзел

Максімальны з прапанаваных заробкаў прапануюць метадысту ў дзіцячым цэнтры – ад 1100 рублёў. Ад 1000 рублёў заробіць інжынер па арганізацыі эксплуатацыі і рамонце будынкаў. 900 рублёў заробіць зубны фельчар. Ад 700 – медыцынская сястра.

Ад 330 рублёў атрымае прадавец, кіраўнік фізічнага выхавання.

Па 400 рублёў зарплата афіцыянта, кіроўцы аўтамабіля, токара, электрагазазваршчыка.

Смаргонь

На Смаргоншыне найбольшы заробак прапануюць машыністу тралёвачнай машыны – ад 1200 рублёў. Па 1000 рублёў прапануюць тынкоўшчыку, трактарысту, абліцоўшчыку-плітачніку, муляру, галоўнаму заатэхніку.

900 рублёў атрымае машыніст бульдозера, кіроўца аўтамабіля, начальнік вытворчасці, начальнік аддзела тэхнічнага кантролю.

Ад 330 рублёў заробіць бібліятэкар, бухгалтар, музычны кіраўнік, сацыяльны педагог, фармацэўт, качагар кацельні, падсобны рабочы, вартаўнік.

Ашмяны

Начальнік вытворчасці і галоўны інжынер заробяць найбольш за ўсіх – ад 1260 рублёў. Ад 1000 рублёў атрымае офіс-менеджар прыватнага прадпрыемства. Ад 900 рублёў – грузчык, кіроўца аўтамабіля.

800 рублёў заробяць абвальшчык мяса, кіроўца аўтамабіля, інжынер службы сродкаў дыспетчарскага і тэхналагічнага кіравання прадпрыемстваў сетак, інжынер.

Ад 330 рублёў заробяць балетмайстар, бібліёграф, галоўны бухгалтар, галоўны захавальнік фондаў, загадчык клуба, інспектар па кадрах.

Астравец

Самы высокі з прапанаваных заробкаў на Астравеччыне чакае інжынера па вентыляцыі – ад 1920 рублёў.

Ад 1800 заробіць электразваршчык ручной зваркі, электрагазазваршчык, мантажнік вонкавых трубаправодаў.

Ад 330 рублёў прапануюць дзяжурнаму па зале, інжынеру-механіку, фармацэўту-рэцэптару, ліфцёру, паштальёну, прыбіральшчыку памяшканняў.

• Текст доступен на языке: Русский