Чатыры з паловай тысячы кіламетраў і пяць гадзін у самалёце – і беларус будзе ў Таджыкістане. У краіне з зусім іншай культурай і ментальнасцю, з якой нас некалі злучаў Савецкі Саюз.

Ці шмат агульнага паміж намі цяпер? Правёўшы дзесяць дзён у Таджыкістане, карэспандэнт “РГ” спрабуе адказаць на гэта пытанне.

Хочаш сысці за мясцовага – надзявай штаны і турбан

Дабрацца з Беларусі да Таджыкістана не так лёгка. Па-першае, паміж краінамі няма прамога авіярэйса. Ляцець давядзецца з перасадкай або ў Маскве, або ў Стамбуле. Па-другое, пералёты дарагія – білет у два бакі абыдзецца каля 550 долараў.

Першае, што адчуваеш па прылёце ў Душанбэ, – спёка. Летам паветра праграваецца да +40. У такім клімаце нялёгка прыходзіцца раслінам.

Таму на вуліцах Душанбэ пастаянна сустракаеш работнікаў, якія паліваюць клумбы і дрэвы. Прычым часта гэта робіцца пры дапамозе звычайных вёдраў і коўшыкаў.

Адзенне мясцовых не заўсёды адпавядае надвор’ю. Дзяўчаты апранаюцца ў шырокія сукенкі даўжэй за калена, пад якія надзяваюць шаравары ў тым жа колеры, а на галаве носяць хусткі і турбаны. Хлопцы, нягледзячы на спёку, носяць штаны і закрыты абутак. Сустрэць чалавека ў кароткіх шортах ці спадніцы тут немагчыма. Гэта абумоўлена і тым, што таджыкі з’яўляюцца мусульманамі.

Другое, што адразу кідаецца ў вочы, – велізарныя расцяжкі з цытатамі прэзідэнта Таджыкістана Эмамалі Рахмона і яго выявамі. Імі завешана ўсё Душанбэ. На адным будынку давялося пабачыць аж шэсць расцяжак. Сустракаюцца яны нават на горных дарогах у бязлюдных мясцовасцях. Рахмон кіруе краінай ад 1994 года.

Плоў ядуць рукамі, заядаючы ляпёшкай

Харчаванне – асобны раздзел у таджыкскай культуры. Стравы часта ставяць на падлозе, паслаўшы абрус, або на нізкім століку, які называецца дастарханам. Вакол яго кладуць тапчаны з падушкамі. Пасля спякотнага дня паваліцца на такі тапчан і есці, лежачы на баку, – тое, што трэба!

Прыемна ўражвае, што на ўваходзе амаль у кожны рэстаран ёсць рукамыйнік: не даводзіцца шукаць прыбіральню, каб памыць рукі. Калі садзішся за стол, разумееш, чаму гэта важна. Многія стравы таджыкі ядуць без прыбораў.

Тыпова таджыкская страва – плоў, у які дадаюць шафран і разынкі. Мясцовыя ядуць яго рукамі з агульнай пасудзіны, спрытна збіваючы рыс у невялікія камячкі. Папулярныя таксама манты – мяса, загорнутае ў тонкае цеста, і самса – булкі з мясной начынкай.

Адразу варта заўважыць, што ў нас з таджыкамі рознае разуменне слова “мяса”. У Таджыкістане мясам называецца ўсё, што не з’яўляецца косткай. Калі ў мантах таджыку трапяцца вузлы ці сухажыллі, якія немагчыма разжаваць, ён не зверне на гэта ўвагі.

Прыехаўшы ў Таджыкістан, немагчыма не зайсці ў чайхану – кавярню з дастарханамі і тапчанамі. Чай, звычайна чорны з лімонам, заварваюць у вялікім чайніку, а пасля разліваюць па піялах. Першую піялу абавязкова падаюць госцю, прыклаўшы правую руку да сэрца.

Піяла – тая рэч, якая неверагодна пасуе ўсходняму ладу жыцця. Рука не падымецца класці ў іх чайныя пакецікі, адным глытком выпіваць напой і бегчы па справах. Піяла патрабуе часу, расслабленага стану і гасцей – каб заварыць чай, разліць яго кожнаму і, пастаянна падліваючы свежы, абмяркоўваць апошнія навіны.

Каву таджыкі амаль не п’юць, а калі і п’юць, то распушчальную. Любяць салодкія напоі – сокі, газіроўкі і колу. На дэсерт часта ядуць турэцкія мядовыя слодычы тыпу баклавы, або проста наразаюць дыню ці кавун.

Хочаце адчуць сябе сапраўдным таджыкам? Ешце любую страву ўпрыкуску з ляпёшкай. Іх пякуць у адмысловых тандырных печках, лепячы цеста на яе сценкі. У складзе цеста няма нічога, акрамя вады, мукі і прыпраў, таму мясцовым ляпёшка замяняе хлеб.

Цэны на харчаванне тут прыемныя для беларусаў. З’есці паўнавартасны абед у рэстаране самаабслугоўвання можна за 3-5 долараў.

У сталіцы дзясяткі фантанаў, у вёсках – няма водаправода

Душанбэ пакідае вельмі неадназначнае ўражанне. Горад ажывае ўвечары, калі спадае спёка. Людзі выбіраюцца гуляць у паркі, якія аздобленыя да такой ступені, што пачынае рабіць у вачах – паўсюль падсветка, ліхтарыкі, агеньчыкі і фантаны.

Нядаўна ў сталіцы з’явіўся 22-метровы штучны вадаспад, для якога давялося змяніць натуральнае рэчышча ракі Душанбінкі. Яго таксама з усіх бакоў падсвечваюць усімі колерамі вясёлкі.

Усё гэта вонкавае багацце мімаволі ўпіраецца ў факты аб штодзённым жыцці таджыкаў. Напрыклад, у тое, што сярэдняя пенсія складае каля 300 самані, ці 30 долараў. У тое, што ўва многія горныя вёскі дагэтуль не пракладзены водаправод, а электрычнасць туды часам падаецца толькі 3-5 гадзін на суткі.

На фоне гэтага не здзіўляе, што з інтэрнэтам у Таджыкістане таксама цяжка. Ён вельмі дарагі. Мадэм з якасным падключэннем на тыдзень можа каштаваць да 50 долараў. Далёка не кожная сям’я ці кавярня можа сабе яго дазволіць.

Гэта адбіваецца на кошце жылля. Зняць кватэру на суткі ў невялікім таджыкскім горадзе каштуе каля 15 долараў. Калі ў кватэры ёсць інтэрнэт – кошт падлятае да 30 і вышэй.

Бяда тут і з грамадскімі туалетамі. Калі яны і ёсць, то найчасцей уяўляюць сабой дзіркі ў падлозе. Для таго, каб зайсці ў некаторыя з іх, варта было б выдаваць на ўваходзе гумовыя боты і процівагазы.

Эканомяць тут на ўсім, на чым магчыма. Напрыклад, на вуліцах гарадоў вы не пабачыце паштовых скрыняў. Абслугоўваць іх – дадатковыя цэны. Таму калі вы захочаце даслаць сябрам паштоўкі з Таджыкістана, будзьце гатовыя да сапраўднага квэста пад назвай “знайсці пошту”. Але місія выканальная, праверана на ўласным досведзе.

Вузкі разрэз вачэй – гэта не пра таджыкаў

Калі адысці ад бытавога і паглыбіцца ў гісторыю Таджыкістана, то ад яе пачынае займаць дух. Гэты ўсходні народ мае багатую культуру і старажытную гісторыю.

Таджыкская мова бярэ свой пачатак у перскай, а сам народ адносіцца да індаеўрапейскай цывілізацыі. Менавіта таму таджыкі, у адрозненне ад узбекаў, кіргізаў і казахаў, маюць тыповы для еўрапейцаў шырокі разрэз вачэй.

Сама назва краіны паходзіць ад слова “тадж” – “карона”. Таму таджыкі – гэта “народ, які носіць карону”. Ды і нацыянальная валюта мае гістарычную назву. Ісмаіл Самані – заснавальнік першай таджыкскай дзяржавы, якая была ўтвораная ў 9 стагоддзі.

Пасля распаду Савецкага Саюза ў Таджыкістане хадзіў таджыкскі рубель, але ад 2000 года яго замяніў самані (націск на апошні склад).

Ад часоў Савецкага Саюза з большасцю таджыкаў можна паразумецца па-руску. Многія таксама могуць чытаць і арабскую вязь – бо менавіта ёй напісаны Каран, свяшчэнная кніга мусульман.

Тое, што патрыярхальныя традыцыі вельмі моцныя, паказваюць штодзённыя сітуацыі. Калі вы дзяўчына і падарожнічаеце з хлопцам, будзьце гатовыя, што вас ніхто не будзе заўважаць. “Эй, братан, куда тебя подвезти?” – запытаецца таксіст. “Лепёшки к супу подавать, брат?” – працягне афіцыянт. Пытацца і глядзець у размове будуць выключна на хлопца.

Аднак да жанчын славянскай ці, як гавораць самі таджыкі, “еўрапейскай” знешнасці, тут больш лаяльнае стаўленне. Калі дзяўчына з русымі валасамі будзе хадзіць у кароткай спадніцы ці купіць віно, на яе звернуць увагу, але прамаўчаць. Што зробіш – турыстка з Еўропы.

Навучыцца танцаваць рукамі і таргавацца па-ўсходняму

Чаго не змогуць адразу зрабіць “еўрапейскія” дзяўчаты, дык гэта патанцаваць пад таджыкскую музыку. Тут трэба абавязкова браць майстар-клас у мясцовых дзяўчат. Танцуюць яны выключна верхняй паловай цела – плячамі, рукамі і вачыма. Пры гэтым рукі рухаюцца настолькі плаўна і мякка, што ад танцуючай таджычкі нельга адвесці вачэй.

Са старадаўніх часоў захаваліся традыцыі роспісу посуду – узорамі і арнаментамі сініх і зялёных адценняў. З яго таджыкі ядуць і цяпер, а для турыстаў мясцовая кераміка стала адным з самых папулярных сувеніраў. Чайны сервіз з піяламі можна набыць за 20 долараў.

Сурвэткі, абрусы і навалкі з традыцыйнай ручной вышыўкай можна чытаць як кнігу, калі ведаць значэнні колераў і арнаменту. У кожным рэгіёне Таджыкістана яны будуць розныя. І кошт на іх будзе залежаць ад памеру вырабу і складанасці вышыўкі. Да прыкладу, навалка на маленькую падушку абыдзецца ў 30 долараў.

Хусткі, цюбецейкі, халаты, шаравары – тое адзенне, дызайн якога мала змяніўся са старажытных часоў. Адзінае, што цяпер яго ўсё часцей робяць са штучнай тканіны.

Для турыстаў выбар адзення ўскладняецца яшчэ і тым, што яго традыцыйная яскравая каляровая гама цудоўна пасуе толькі да таджыкскіх цёмных валасоў і смуглай скуры. А вось да бледных славянскіх твараў і русых валасоў – ужо з нацяжкай.

Хустку можна набыць за тры долары, цэны на сукенкі і шаравары пачынаюцца ад пяці.

Пры пакупцы сувеніраў трэба не забываць, што знаходзішся на Усходзе: торг тут абавязковы. Гэта асобны від слоўнага мастацтва. Саромецца тут не трэба, бо варта памятаць, што для турыстаў прадаўцы часта называюць самыя высокія цэны.

Беларусаў у Таджыкістане любяць. Амаль у кожнага таджыка знойдзецца гісторыя аб тым, як дзед служыў пад Пінскам, сусед працаваў на “Гарызонце”, а пляменнік цяпер па абмене вучыцца ў беларускай ВНУ.

Менавіта гэты кантраст збівае з панталыку, калі падарожнічаеш па Таджыкістане. З аднаго боку, мы абсалютна розныя, а з іншага – маем шмат агульнага. Каб адчуць гэты кантраст, варта хаця б раз змяніць традыцыйны маршрут адпачынку і замест Егіпта ці Адэсы накіравацца ў Цэнтральную Азію.

• Текст доступен на языке: Русский