17 верасня 1939 года савецкія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Польшчы з мэтай далучыць да СССР землі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны.

У гонар гэтай даты названыя вуліцы амаль у кожным населеным пункце на захадзе Беларусі і пераймяноўваць іх так пачалі ледзь не ў тым жа 1939 годзе.

А 17 верасня 1924 года ў Польшчы ўтварылі Корпус аховы памежжа – вайскова-паліцэйскае фарміраванне, створанае для ўзмацнення памежнай аховы на ўсходзе дзяржавы.

Называць вуліцы ў гонар пэўных дат даволі распаўсюджаная практыка ў палякаў Напрыклад, вуліцы 1 і 3 Мая, 5 Ліпеня, 20 Кастрычніка.

Такія назвы былі ў Польшчы і ў міжваенныя часы. І цалкам магчыма, што ў беларускіх прымежных гарадах і мястэчках, асабліва ў тых, дзе размяшчаліся батальёны Корпуса аховы памежжа, ужо ў 1920-я-1930-я гады маглі з’явіцца вуліцы 17 Верасня.

Дык вось цікава, ці мог бы здарыцца такі гістарычны анекдот. Калі б пасля далучэння да БССР у якім-небудзь заходнебеларускім горадзе новыя ўлады прыняліся б пераймяноўваць польскія назвы вуліц на савецкія і пакінулі б на сваім месцы вуліцу 17 Верасня, памяняўшы ідэалагічны змест з даты ўтварэння Корпуса аховы памежжа на дату вызвалення Заходняй Беларусі? Можа, гісторыкі ці краязнаўцы выяўлялі такі гістарычны прэцэдэнт у нас?

У сучаснай Польшчы таксама ёсць вуліцы 17 Верасня (ul. 17 Września). Напрыклад, ёсць такая вуліца ў гістарычным цэнтры горада Сьрода Велькапольска пад Быдгашчам.

17 верасня ў сучаснай Польшчы ад 2004 года лічыцца Днём сібірака. Дата – у гонар сасланых у Сібір палякаў. І яе таксама з гэтай нагоды маглі выкарыстоўваць у назвах вуліц.

Але ў выпадку са Сьродай, мне здаецца, назва 17 Верасня мае міжваенныя карані. Бо якраз у Быдгашчы, і мабыць, у самой Сьродзе ад 1928 года павінна была размяшчацца восьмая брыгада Корпуса аховы памежжа з чатырох палкоў. Але так і не размясцілася, бо праект пашырэння дзейнасці корпуса на ўсе межы Польшчы быў згорнуты.

Але вуліца 17 Верасня ў цэнтры горада магла быць названая ў гонар гэтай брыгады і захавалася нязменна ад 1930-х гадоў.

• Текст доступен на языке: Русский