Пасля верасня 1939 у гарадах і мястэчках рэгіёна з’яўляюцца вуліцы 17 Верасня ў гонар даты аб’яднання дзвюх частак Беларусі ў адну краіну.

Сёння вуліцы з такой назвай ёсць у Маладзечне, Вілейцы, Мядзеле, Валожыне, Ільі. А ў Ашмянах ёсць плошча 17 Верасня. Мы даведаліся, якія назвы мелі вуліцы да 1939 года і як выглядалі некаторыя з іх.

Ашмяны: Рынкавая плошча і плошча Касцюшкі

Як расказалі нам у музеі ў Ашмянах, 17 Верасня – трэцяя назва плошчы.

Спачатку плошчу называлі Рынкавай. Два разы на тыдзень тут ладзілі кірмашы. На Каляды і Вялікдзень гандаль быў асабліва маштабны.

Паралельна з Рынкавай плошчу часам звалі Ратушнай. У канцы 18 стагоддзя тут стаяла драўляная ратуша, дзе размяшчалася кіраўніцтва горада.

За польскім часам месца стала называцца ў гонар кіраўніка паўстання 1794 года Тадэвуша Касцюшкі.

Вілейка: вуліца мяняла назву чатыры разы

Як расказалі ў Вілейскім краязнаўчым музеі, сённяшняя вуліца 17 Верасня мяняла назву чатыры разы.

Вядомыя назвы – 11 Лістапада, Асіпавіцкая і Пушкінская. 11 Лістапада – Дзень незалежнасці Польшчы.

Пушкінская – у гонар стагоддзя з Дня народзінаў Аляксандра Пушкіна.

11 Лістапада – у гонар Дня незалежнасці Польшчы.

Асіпавіцкая – па накірунку.

Ілья: Сцянка – на польскі манер

Няшмат вядома пра вуліцу 17 Верасня ў Ільі, колішнім райцэнтры. Сёння на ёй звычайная вясковая забудова.

Вядома, што да наймення 17 Верасня вуліца называлася па-польску Сцянка. Менавіта так называлі яе ільянцы яшчэ ў 1950-х. Чаму такая назва, у нас высветліць не атрымалася. Будзем удзячныя, калі нехта з чытачоў зможа растлумачыць.

Валожын: 17 Верасня – замест Крывой

У Валожынскім музеі распавялі, што да 17 Верасня кароценькая валожынская вуліца называлася Крывой.

Па форме яна падобная да літары «S». Адсюль і назва. За польскім часам, як і цяпер, тут пераважна размяшчалася прыватная забудова.

Маладзечна: ні пастаяннай забудовы, ні ранейшай назвы

Па словах краязнаўцы Уладзіміра Садоўскага, вуліца на месцы сённяшняй 17 Верасня была. Але на старых картах яна больш падобная да праезду. Рэгулярнай забудовы там амаль не было.

У маладзечанскім музеі на наша пытанне адказалі, што сённяшняя 17 Верасня – савецкі навабуд. Верагодна, вуліца ўзнікла для таго, каб злучыць Лібава-Роменскую і Валынца.

Мядзел: Крамы, пошта і атэлье на вуліцы Даўгінаўскай

Найбольш поўныя звесткі пра сваю вуліцу 17 Верасня далі ў Мядзельскім музеі. Тут захоўваюцца ўспаміны мясцовага жыхара Міхаіла Гардона, якому хутка 90.

Паводле ўспамінаў, за польскім часам вуліца звалася Даўгінаўскай. На рагу стаяў дом сям’і Гардонаў. У палове дома месцілася крама. Прадавалі муку, газу, тытунь, вырабы са скуры. Асноўнымі пакупнікамі крамы былі рыбакі з суседняй вёскі Качаргі. У іх карысталіся попытам рыбацкія боты.

Быў на вуліцы і аднапавярховы будынак польскай пошты. Кіраваў ёй начальнік па прозвішчы Яжэла. Працавалі тэлеграфіст-тэлефаніст і адзін на ўсё мястэчка паштальён, які пошту развозіў на ровары.

Насупраць дома Гардонаў стаяла рыбная крама. Гаспадыню звалі Эстэр Альпяровіч. Прадпрымальніца скупляла рыбу ў мясцовых рыбакоў і гандлявала ёй.

На Даўгінаўскай жыў рыбак Залман Ходас. За яго хатай месціўся доўгі глінабітны дом. А ў ім – швейная майстэрня, крама і пякарня Сімона Берэнштэйна. А яшчэ прыватная аптэка Лізы Ходас.

Была на вуліцы крама «Спулка рольніча». Тут гандлявалі плугамі, баронамі, сярпамі.

На месцы сённяшняй музычнай школы ў 1930-х працавала амбулаторыя з доктарам і медсястрой.

А дзе месціцца цяпер будынак пажарнай часці, было Мядзельскае двухкласнае вучылішча. Яго пабудавалі яшчэ ў 1843 годзе. У 1912-14 гадах тут вучыўся паэт Уладзімір Дубоўка. У польскі перыяд замест гэтага вучылішча пабудавалі сямікласную школу.

Недалёка ад вуліцы Даўгінаўскай месцілася царква. У 1950-х яе зачынілі і разабралі.

Развагі краязнаўцы Уладзіміра Садоўскага на конт назвы 17 Верасня можна пачытаць тут.

 

 

 

 

 

 

 

• Текст доступен на языке: Русский