Лілі Грун нарадзілася ў Вене ў яўрэўскай сям’і. Падлеткам зацікавілася тэатрам. У 1931 годзе пераехала ў Берлін. Пісала артыкулы, вершы, раман, друкавалася ў газетах  часопісах, іграла ў тэатры. У 1942 годзе яе дэпартавалі ў Мінск. І ў гэтым жа годзе забілі ва ўрочышчы Благаўшчына каля Трасцянца. 

Гісторыя Лілі і яшчэ некалькіх вязняў Трасцянца ляглі ў аснову перасоўнай выставы «Лагер смерці Трасцянец. Гісторыя і памяць». Яе адчынілі 12 верасня у выставачнай зале імя Нікадзіма Сілівановіча ў Вілецы.

На стэндах – фотаздымкі, дакументы, сведчанні-ўспаміны.

Вена і Вілейка страцілі яўрэйскія абшчыны

На адкрыцці прысутнічалі прадстаўнікі нямецкага пасольства і Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханэса Раў, Вілейскага райвыканкама, пасол Аўстрыі ў Беларусі Алаіза Вёргетэр, жыхары Вілейкі.

– У Аўстрыі мы ўзрушаныя бесчалавечнасцю і беззаконнем, якое абрывала жыцці вашых і нашых людзей. Дзесяць тысяч аўстрыйскіх яўрэяў забілі ў Мінску.

Падчас Другой сусветнай вайны Вілейка, як і Вена, згубіла ўсю яўрэйскую абшчыну.

Перажыванні тых трагічных падзей аб’ядноўваюць нас, – адзначыла пасол.

Наведнікі выставы.

Яе падтрымаў старшыня дырэкцыі Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханэса Раў Віктар Балакіраў:

– Над выставай працавалі гісторыкі з чатырох краін: з Беларусі, Чэхіі, Аўстрыі і Германіі. Было няпроста прыйсці да агульнага сцэнара, бо ў кожнага народа – сваё разуменне вайны, розная культуры памяці. і ўсё ж яны зрабілі гэта.

Па словах Віктара Балакірава, ёсць і нямецкамоўны адпаведнік выставы, які падарожнічае па краінах Заходняй Еўропы.

Прыгадалі, як вілейчукі ратавалі яўрэяў

Галоўны архітэктар майстэрні імя Леаніда Левіна Галіна Левіна, якая працавала над выставай, назвала яе момантам ісціны.

На думку арітэктара, каб ушанаваць памяць пра такую маштабную трагедыю чалавецтва, нельга было проста зрабіць шыльдачку.

На адкрыцці мясцовыя жыхары прыгадалі, як падчас вайны вілейчукі, рызыкуючы жыццём сваіх сямей, хавалі яўрэяў.

Архітэктар Галіна Левіна (злева) і намеснік старшыні Вілейскага райвыканкама Святлана Дзяруга.

Недалёка ад Вілейкі, у Тураўшчыне, сям’я схавала 17-гадовую яўрэйскую дзяўчыну. Аднак у хуткім часе нехта паведаміў пра гэта фашыстам. Тыя расстралялі і дзяўчыну, і сям’ю.

Мясцовая жыхарка (злева) распавядае Віктару Балакіраву і Алаізе Вёргетэр, як падчас вайны была ў нямецкіх лагерах.

Напрыканцы экскурсавод Аляксандр Далгоўскі правёў экскурсію для прысутных

Паглядзець выставу можна будзе да 18 кастрычніка ў выставачнай зале Вілейскага краязнаўчага музея.

Дведка РГ

Выстава «Лагер смерці Трасцянец. Гісторыя і памяць» – вынік міжнароднага дыялогу з удзелам гісторыкаў з Беларусі, Германіі, Аўстрыі і Чэхіі, які пачаўся ў жніўні 2014 года.

Арганізатарамі выставы выступілі Міжнародны адукацыйны цэнтр з Дортмунда, Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ёханэса Рау і Фонд «Мемарыял памяці забітых габрэяў Еўропы».

Падчас экскурсіі.

У ваколіцах вёскі Малы Трасцянец, уключанай сёння ў рысу Мінска, ад вясны 1942 года да лета 1944 года існаваў найбуйнейшы лагер смерці на акупаванай тэрыторыі Савецкага Саюза.

Паводле ацэнкі, зробленай Надзвычайнай дзяржаўнай камісіяй у жніўні 1944 года, колькасць ахвяр склала 206 500 чалавек.