Ты з Заходняй, я з Усходняй/ Нашай Беларусі,/ Больш з табою ўжо ніколі/ Я не разлучуся…

Аўтар гэтых вершаваных радкоў народны паэт Беларусі Янка Купала.

У верасні 1939 года, 80  гадоў таму, адбылося  ўз’яднанне  Заходняй Беларуcі з БССР. Не засталася ў баку ад лёсавызначальных падзей і Вілейшчына. Сёння невыпадкова  адна з цэнтральных  вуліц раённага цэнтра носіць назву 17-га Верасня.

У Вілейцы віталі вызваліцеляў пад урачыстай брамай

Да падзей 17 верасня 1939 года можна ставіцца па-рознаму, разглядаць іх як злачынства ці акт справядлівасці, шукаць аргументы і доказы да кожнага пункту гледжання. Але трэба памятаць галоўнае – тады была адноўленая цэласнасць нашай краіны і нашага народа. І хоць гэта адбылося не ў выніку нацыянальнай рэвалюцыі ці грамадзянскай вайны, вартасць аб’яднання не меншая.

1 верасня 1939 года гітлераўская Германія напала на Польшчу, чым развязала Другую сусветную вайну. Фашысцкія войскі захапілі амаль усю тэрыторыю Польшчы і ў сярэдзіне верасня падышлі да зямель Заходняй Беларусі, якія непасрэдна апынуліся пад пагрозай фашысцкага зняволення.

17 верасня 1939 года па распараджэнні савецкага ўрада войскі Чырвонай Арміі  перайшлі  савецка-польскую мяжу і ўзялі пад абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Беларусі. Большасць насельніцтва ўспрыняла гэта як акт гістарычнай справядлівасці. Чырвонаармейцаў віталі як сваіх вызваліцеляў.

У многіх гарадах і вёсках пад кіраўніцтвам мясцовых камуністаў будаваліся так званыя брамы, падобныя на арку, якія ўпрыгожваліся кветкамі, партрэтамі Леніна і Сталіна. Так было і ў Вілейцы, па ўспамінах старажылаў, на перакрыжаванні сённяшніх вуліц Шубіна, Савецкай, Стаханаўскай.

Максім Танк: Праз шмат гадоў зноў апынуўся ў знаёмай мне Вілейцы

Прыход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь народны паэт Беларусі Максім Танк (Яўген Скурко) сустрэў у бацькоў у вёсцы Пількаўшчына, цяпер Мядзельскі раён:

 «17/IX.  Не знаю, з чаго нават пачынаць запісваць падзеі гэтага дня. Хіба – з усходу сонца, якое хоць і дакладна ўзышло па календары, але гэта ўжо быў каляндар новага жыцця і іншы ўсход сонца…

Я пазычыў у Глінскіх веласіпед, і мы ўсёй кампаніяй паехалі ў Мядзел, дзе, чуваць, была ўжо Чырвоная Армія. І сапраўды, з Навасёлкаў мы ўбачылі натоўп сялян, якія віталі байцоў, крычалі «Ура!», калі міма праходзілі машыны, танкі. Увесь гэты бясконцы паток людзей, не бачанай намі тэхнікі з шумам і грукатам пераможна плыў на захад…», запісаў ён у сваім дзённіку.

Максім Танк і будынак польскай гімназіі ў Вілейцы, дзе ён вучыўся. Калаж logos1.by.

Фрагменты дзённікаў паэта, якія Максім Танк пісаў да 1939 года і якія, як кажуць, цудам уцалелі, амаль праз трыццаць год выдалі  асобнай кнігай  «Лісткі календара» – першая празаічная кніга вядомага беларускага паэта.

Гартаю старонкі кнігі і з задавальненнем чытаю тыя запісы, якія датычацца Вілейкі. У думках разам  з паэтам пераношуся ў мінулае свайго горада, уяўляю тыя месцы, дзе бываў паэт, людзей, з якімі працаваў, сустракаўся, сябраваў…

Менавіта з незабыўных вераснёўскіх дзён пачынаецца новы перыяд у жыцці і творчасці Максіма Танка. У кастрычніку 1939 года ён зноў вяртаецца ў Вілейку:

« 25/X. Праз шмат год зноў апынуўся ў старой і знаёмай мне Вілейцы. Цяпер цяжка пазнаць гэты былы захалусны павятовы гарадок, слаўны сваім высачэзным касцёлам і пабудаванай яшчэ пры цары  турмой. Калі глядзіш на гэты горад з боку лугу, яго разнаколерныя аднапавярховыя домікі, платы здаюцца бялізнай, развешанай на даўжэзнай вяроўцы, нацягнутай над перапоўненым зеленаватай вадой карытам Віллі…

Ішоў я старымі, знаёмымі вуліцамі, якія амаль зусім не змяніліся, асталіся такімі ж, якімі былі 15-10 год таму назад. Толькі дзе-нідзе над былымі крамамі віселі новыя шыльды: «Абутковы магазін», «Хлеб», «Кнігі і школьныя прылады».

Жыхары Вілейшчыны ўдзельнічалі ў Народным сходзе Заходняй Беларусі

28-30 кастрычніка 1939 года ў Беластоку адбыўся  Народны сход Заходняй Беларусі. Самыя дастойныя прадстаўлялі Вілейшчыну на сходзе, сярод іх былі віляйчанін Антон Сямёнавіч Малевіч, Ганна Аляксееўна Новік з вёскі Варонічы, Фёдар Мікалаевіч Камінскі з Забар’я, Мікалай Іосіфавіч Грынцэвіч з Савіна, Пётр Міронавіч Шушкевіч.

Дэлегаты з’езда аднагалосна прынялі па дакладзе Сяргея Прытыцкага дэкларацыю аб устанаўленні савецкай улады на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі, а таксама аднадушна выказаліся і за ўваходжанне ў БССР.

«28/X. Заўтра ў Беластоку адкрываецца Народны сход. Шкада, што я заняты пераездамі – з Вільні ў Пількаўшчыну, з Пількаўшчыны ў Вілейку, – не змог паехаць нейкім карэспандэнтам ці звычайным гледачом у Беласток. Тое, што там адбываецца, мне як паэту Заходняй Беларусі трэба было пабачыць на свае вочы і чуць сваімі вушамі. Перажытае самім не заменяць ніякія самыя дакладныя справаздачы, карэспандэнцыі, рэляцыі, апавяданні іншых».

Дэпутацкі мандат Антона Малевіча.

Дэпутаты Народнага сходу аднадушна вырашылі звярнуцца ў Вярхоўны Савет СССР з просьбай аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад СССР і ўз’яднанні з БССР. Для перадачы гэтага рашэння выбралі Паўнамоцную камісію ў складзе 66 чалавек, у якую ўвайшлі і прадстаўнікі Вілейшчыны: Антон Сямёнавіч Малевіч і Мікалай Іосіфавіч  Грынцэвіч.

Яны прадстаўлялі народ Заходняй Беларусі на Нечарговай пятай сесіі Вярхоўнага Савета СССР, якая праходзіла  ад 31 кастрычніка да 2 лістапада 1939 года ў Маскве. Там 2 лістапада ў Крамлёўскім палацы Антон Сямёнавіч Малевіч выступіў з самай высокай трыбуны краіны з хвалюючай прамовай, якую закончыў уласным вершам:

Прымі ж, наша партыя,/ Прымі ж сыноў родных /У вашу сямейку, /Рэспублік свабодных!

Удзельнікі сесіі сустрэлі выступленне Малевіча ўсхвалявана, апладысментамі і выклікамі «Ура!».

Сесія прыняла Закон аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР. 12 лістапада 1939 года Нечарговая трэцяя сесія Вярхоўнага БССР пастанавіла: «Прыняць Заходнюю Беларусь у склад БССР і аб’яднаць тым самым вялікі беларускі народ у адзінай беларускай дзяржаве».

У выніку аб’яднання тэрыторыя БССР на той час павялічылася са 125,6 тысячы квадратных кіламетраў да  225,6 тысячы, насельніцтва рэспублікі – з пяці мільёнаў 562 тысяч чалавек да дзесяці мільёнаў 239 тысяч.

На тэрыторыі былой Заходняй Беларусі ліквідавалі ранейшае адміністрацыйнае дзяленне і стварылі пяць абласцей: Баранавіцкую, Брэсцкую, Вілейскую, Пінскую і Беластоцкую.

Як правінцыя стала абласным цэнтрам

Вілейка – ціхі правінцыяльны гарадок па ўказе Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 4 снежня 1939 года становіцца абласным цэнтрам. У горадзе пачынаюцца сацыялістычныя пераўтварэнні.

Перш за ўсё, нацыяналізуюцца друкарні, якіх было дзве. А таксама аптэкі, уладанні прамыславікоў і гандляроў. З’яўляюцца гасцініцы з такімі гучнымі назвамі, як «Асторыя», «Бельгія», «Англія», «Еўропа» і іншыя.

Антон Малевіч выступае з прамовай 2 лістапада 1939 года.

Ліквідуецца панскае землеўладанне. Беззямельныя і малазямельныя сяляне атрымліваюць надзелы, якія раней належалі панам, асаднікам і кулакам. Ствараюць першыя калгасы і саўгасы. З усходу пачынаюць паступаць трактары, машыны, тэхнічнае абсталяванне.

У Вілейцы наладжваюць вытворчасць два лесапільныя заводы: «Беларусь» і  «Перамога» (цяпер ААТ  «Буддэталі»). Магутнасць завода  «Беларусь» – 20 тысяч кубаметраў лесу на год. Пры заводзе быў млын, магутнасць якога – 2,5 тоны мукі на суткі. Млын перапрацоўваў жыта для горада і навакольных вёсак.

На заводзе «Беларусь» у 1940 годзе працавала 50 рабочых. Завод планавалася пераабсталяваць пад выраб буддэталяў для будаўніцтва горада.

Магутнасць лесапільнага завода «Перамога» ў 1940 годзе складала 20 тысяч кубаметраў лесу на год. Пры заводзе таксама быў млын, магутнасць якога – чатыры тоны мукі ў суткі. На заводзе працавалі 45 рабочых.

У Вілейцы арганізоўваюць аўтакалону. Яна мае некалькі дзясяткаў аўтамашын. Наладзілі пасажырскую сувязь з адной трэцяй раёнаў вобласці. У Куранецкі і Ільянскі раёны аўтамашыны ходзяць двойчы на дзень – раніцай і вечарам. Адкрыта пасажырская сувязь з Мінскам.

Кінатэатр, беларуская школа, дзіцячая тэхнічная станцыя

З устанаўленнем Савецкай улады ў заходніх абласцях Беларусі пачынаецца сапраўды культурная рэвалюцыя. У 1940 годзе на асвету, ахову здароўя, культуру выдзяляюцца асігнаванні. У Вілейцы пачынае працаваць беларуская школа, Дом піянераў, дзіцячая тэхнічная станцыя.

Горад Вілейка, як абласны цэнтр, становіцца своеасаблівым паказчыкам таго, як ідзе будаўніцтва новага жыцця.

4 сакавіка 1940 года ў прысутнасці прадстаўнікоў партыйных, савецкіх і грамадскіх арганізацый адкрываецца новы кінатэатр, разлічаны на 150 месцаў і абсталяваны новай гукавой апаратурай. Ад 5 сакавіка яго адчынілі для наведнікаў. Першы фільм, што паказалі ў вілейскім кінатэатры, – «Наезнік з Кабарды», меладраму, знятую на «Ленфільме» ў 1939 годзе.

Вілейская бальніца лечыць людзей. Пры гэтым бясплатна, што вельмі здзіўляе вілейчукоў. У 1940 годзе на ахову здароўя асвоілі ў вымярэнні таго часу 23 рублі 50 капеек на аднаго чалавека.

На старонках «Вілейскай праўды»

Ад лістапада 1939 года пачала выходзіць абласная газета «Вілейская праўда». Яна мела двайную нумарацыю як працяг сваёй папярэдніцы «Віленскай праўды». Рэдакцыя размяшчалася ў доме №7 па вуліцы Георгіеўскай. Цяпер гэта вуліца Вадап’янава,  будынак Палаца культуры. Побач, у доме №13, была друкарня.

Газета вяла палітычную і агітацыйную работу сярод насельніцтва, змяшчала матэрыялы пра грамадскае і культурнае жыццё ў горадзе і павеце.

2 снежня 1939 года газета надрукавала рашэнне Часовага ўпраўлення павета аб перайменаванні вуліц у Вілейцы.

Больш за 30 гарадскіх вуліц памянялі назвы: 11 лістапада – на 17 Верасня, Рачкевіча – на Молакава, 3 Мая – на Кастрычніцкую, Арлоўскага – на Дзяржынскага. Плошча Георгіеўская стала плошчай Свабоды. Гарадскому парку прысвоілі імя Чкалава.

Ад 17 лютага 1940 года газета змяніла назву на «Сялянскую газету» і пачала выходзіць з новай нумарацыяй.

У рэдакцыі газеты працуе 30 чалавек, 15 з іх тэхнічныя работнікі. У штаце рэдакцыі ўжо склаўся даволі прафесійны, творчы калектыў. Тут працавалі вядомыя ўжо на той час паэты: Максім Танк, Алесь Дубровіч, Мікалай Вішнеўскі, Наталля Арсеннева. Як успамінаў Максім Танк, рэдакцыю абласной газеты наведваў і вядомы мастак Язэп Драздовіч і, нібыта, некаторы час працаваў у штаце рэдакцыі.

«27/XI. Як хутка Вілейка мяняе сваё аблічча! Быццам нехта разбудзіў гэты горад, і ён ажыў, пачаў раптам будавацца, як не будаваўся за ўсю сваю гісторыю. Кожны дзень перавозяць сюды апусцелыя асадніцкія ды панскія асабнякі. Трэба было б некаму запісваць і ўчарашні, і сённяшні дзень Вілейкі, найбольш слаўныя даты, імёны былых падпольшчыкаў-рэвалюцыянераў. А то агледзімся мы, ды будзе позна, калі ўсё пакрыецца пылам забыцця. У кожным горадзе, пасёлку трэба, каб быў свой летапісец, каб нічога, вартага ўвагі, не загінула. Бо ніводная газетная хроніка не можа ахапіць усяго, ды часта яе аб’ектыў бывае пастаўлены толькі на парадную старану жыцця…», – пісаў Максім Танк у сваіх дзённіках.

Дэпутацкі білет

Дата 17 верасня 1939 года – бадай адна з самых неадназначных у найноўшай гісторыі Беларусі. І з вышыні сённяшніх дзён гістарычная падзея ўз’яднання беларускіх зямель у 1939 годзе бачыцца як лёсавызначальная.

Шмат цікавых звестак пра той час можна знайсці на старонках  гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Вілейскі раён», а таксама ў Вілейскім краязнаўчым музеі.

Фотаздымкі забяспечаныя аўтара.

• Текст доступен на языке: Русский