Пазаштатны аўтар і сябар «Рэгіянальнай газеты» Алесь Раткевіч выдаў кнігу «Па другі бок мяжы».
У кнізе – краязнаўчыя артыкулы, дзе апісваецца гісторыя, невядомая шырокаму колу грамадства. У цэнтры ўвагі аўтара – Лагойшчына і Вілейшчына.
– Падзеі, пра якія я пішу ў кнізе, ніколі не ўключаліся ў школьную праграму навучання. У артыкулах – не вельмі прыемныя гістарычныя звесткі, якія не адпавядаюць мінулай ды і сённяшняй дзяржаўнай ідэалогіі.
Аўтар кнігі намагаецца абнародаваць невялікую, галоўным чынам, трагічную, частку вялікай гісторыі Лагойшчыны і Вілейшчыны. На думку аўтара, гэтыя дзве адміністрацыйныя адзінкі спрадвеку маюць агульны лёс. Яны кожны раз траплялі пад розныя пераўтварэнні, падзелы і аб’яднанні, разам пакутавалі ад захопніцкіх войнаў.
У кнізе згадваюцца падзеі, пачынаючы ад 16 стагоддзя і заканчваючы часам пасля другой сусветнай вайны.
Аўтар выкарыстоўваў звесткі з кніг «Памяць» Вілейскага, Лагойскага раёнаў і Маладзечанскага раёнаў, «Латыгальскі летапіс» Аляксандра Плавінскага, апублікаваныя ўспаміны.
Але больш увагі нададзена жывым архівам – непасрэдным сведкам тых трагічных часоў. Гэтыя людзі прайшлі праз усе выпрабаванні рэпрэсій і вайны. Але яны выжылі, каб распавесці пра свой боль і данесці нам праўду пра мінулае.
Аўтар не пакінуў без увагі той перыяд нашай гісторыі, які датычыцца 1939-1941 гадоў. Гэта час-загадка, пра які савецкая ідэалогія намагалася замоўчваць.
Некаторыя артыкулы з кнігі Алеся Раткевіча друкаваліся ў ранейшых нумарах «Рэгіянальнай газеты».
• Текст доступен на языке: Русский