У Маладзечанскім раёне абясшкодзілі два снарады часоў Другой сусветнай вайны

У Маладзечанскім раёне сапёры абясшкодзілі два снарады часоў Другой сусветнай вайны.

Паведамленні аб выяўленні выбухованебяспечных прадметаў паступілі ў дзяжурную частку міліцыі 17 і 18 верасня.

Першы званок на лінію «102» паступіў ад работнікаў аграпрамысловага прадпрыемства «Гарадзілава». Паблізу вёскі Абухоўшчына брыгадзір аб’язджала пасля дажджу сельгасугоддзі, натыкнулася на прадмет, падобны на баявы снарад. Супрацоўнікі міліцыі неадкладна выбылі на месца здарэння. Небяспечнай знаходкай аказаўся 100-міліметровы артылерыйскі снарад часоў Другой сусветнай вайны з выбухоўнікам. Да прыезду сапёрна-піратэхнічнай групы боепрыпас ахоўвалі міліцыянеры. Цяпер снарад знішчаны.

Другі боепрыпас знайшлі ў межах горада на вуліцы Вакзальнай недалёка ад базы разгрузкі Маладзечанскага вагоннага дэпо. На месца інцыдэнту прыехалі праваахоўнікі. Спецыялісты ідэнтыфікавалі прадмет як корпус 76-міліметровага артылерыйскага снарада без выбуховага рэчыва. Прадмет даўно мінулай вайны сапёры абясшкодзілі.

• Текст доступен на языке: Русский