Прыгажуня ў нацыянальным строі з караваем вітала прэм’ер-міністра Сяргея Румаса. А яшчэ сустракала з верталёта Аляксандра Лукашэнку. Дзяўчыну завуць Ксенія Камінская, і яна родам з Вілейкі.

Адкрывала паліклініку, батутны цэнтр і Дошку гонару

А пачалося ўсё з таго, што навучэнку ў Віцебскім дзяржаўным каледжы мастацтваў заўважылі з-за яе высока росту і яркай знешнасці. Перыядычна бралі на розныя мерапрыемствы: узнагароджваць пераможцаў або сустракаць гасцей.

Ксенія: Кожная фотасесія з Міхасём – асаблівая. Фота Міхася Куляша.

Першы адказны выхад быў на мерапрыемстве «Чалавек года Віцебшчыны». Ксенія ў народным строі падносіла дыплом старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалаю Шарстнёву. Далей – болей. Штогадовыя дажынкі, адкрыццё паліклінікі, батутнага цэнтра і Дошкі гонару…

Палюбіла Віцебск

А між іншым, некалі дзяўчына хацела стаць міліцыянерам.

Ад нараджэння Ксюша з бацькамі жыла ў Снежкаве. Кажа, з дзяцінства шмат чым захаплялася: малявала, пісала вершы, вучылася ў музычнай школе, займалася баскетболам і валейболам, паспяхова ўдзельнічала ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах.

Калі скончыла дзевяць класаў пятай школы, паспрабавала паступіць у кадэцкае вучылішча ў Віцебску. Не атрымалася. Хаця прафесія міліцыянера падабаецца Ксюшы і цяпер.

На фота вілейскага фатографа Міхася Куляша.

Калі скончыла дзясяты, заўважыла ў інтэрнэце сайт Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры, а там спецыяльнасць «акцёрскае майстэрства».

– Я марыла стаць актрысай, але нікому пра гэта не казала, баялася, што не зразумеюць, – прыгадвае дзяўчына. – Увечары расказала пра каледж маме. І яна спытала «Ты хочаш туды паступіць? Ты ж хацела быць міліцыянерам?».

Ксюша адказала, што падзялілася з мамай проста так, што пойдзе, як і планавала ў адзінаццаты клас. Але ж мамы заўсёды ўсё адчуваюць, заўважае дзяўчына.

У выніку Ксюша паступіла ў каледж на «акцёрскае майстэрства».

– Ужо трэці год, прыходзячы ў каледж, дзе мне вельмі падабаецца, я ўсміхаюся і з удзячнасцю згадваю сваіх бацькоў, якія тады ўсё адчулі і падтрымалі мяне.

Да паступлення прыйшлося рыхтавацца хутка: часу мала, а да экзаменаў трэба было падрыхтаваць верш, байку, прозу, песню, танец і сыграць на музычным інструменце. Тады Ксеніі дапамог падрыхтавацца вілейскі педагог і кампазітар Аляксандр Высоцкі. Увесь рэпертуар падрыхтавалі літаральна за дзень.

– Падчас паступлення абітурыенты расказвалі, як доўга рыхтаваліся, як займаліся ў тэатральных студыях. Гэта дадавала страху і няўпэўненасці. Я вельмі баялася не паступіць. Але здала экзамен на дзве дзясяткі. У спісах залічаных я была першай. Тады і зразумела, што гэта – лёс, – прыгадвае Ксюша.

Вобразы мадэль і фатограф прыдумляюць разам. Фота Міхася Куляша

Дзяўчына прызнаецца, што Віцебск палюбіла адразу. Яшчэ тады, калі спрабавала паступаць у кадэцкае:

– Горад вельмі прыгожы, дастаткова вялікі і, у гэты ж час, спакойны. Так, далёка ад дома. Не атрымліваецца часта прыязджаць у Вілейку. Але я прывыкла.

У каледжы віляйчанка вывучае майстэрства акцёра і рэжысуру, сцэнічную гаворку і рух, фехтаванне, харэаграфію, грым, пастаноўку голасу, ігру на музінструменце, гісторыю тэатра.

Былі фотавобразы Лары Крофт і нявесты

Калі на месяц на канікулах Ксюша ўсё ж прыязджае да бацькоў, паспявае вырашыць асабістыя справы, пагуляць па родным горадзе. А яшчэ зладзіць фотасесіі з вілейскім фатографам Міхасём Куляшом.

– З Міхасём мы пазнаёміліся на фотасесіі, якую я выйграла падчас розыгрышу ў сацсетках. Тады мы і адчулі ўзаемнае жаданне працаваць разам і ажыццяўляць нашы ідэі. Працуем ужо чатыры гады. Разам прыдумваем вобраз, збіраем рэквізіт, адзенне, выбіраем месцы для фотасесій. Мы спрабавалі розныя вобразы: ад нявесты да гераіні камп’ютарных гульняў Лары Крофт. Былі сесіі і ў дождж, і ў снег. І кожная была асаблівай.

Чарговы вобраз. Фота Міхася Куляша.

Сёння ў Віцебску ні адно важнае афіцыйнае мерапрыемства не абыходзіцца без віляйчанкі. Дзе старшыня Віцебскага аблвыканкама, там – і я, кажа Ксюша.

Неяк сустракала з верталёта Аляксандра Лукашэнку:

– Гэта быў двайны адбор: спачатку ў каледжы, а пасля – прадстаўнікамі са сталіцы. Я павінна была сказаць тэкст прывітання і ўручыць кветкі. Далі спецыяльны народны касцюм. Фарбавалася так, як сказалі: лёгкі макіяж, абавязкова – румянец і ніякіх яркіх вуснаў. Галаўны ўбор прыкалолі вялікай колькасцю заколак, каб яго не знесла ветрам ад верталёта, – кажа дзяўчына.

Увесь вечар яна прагаворвала тэкст і хвалявалася. Каб неяк супакоіцца, Ксенія настройвала сябе на тое, што Аляксандр Лукашэнка – такі ж чалавек, як і ўсе, што ўсё будзе добра.

Восень Вілейскі скейт-парк. Фота Міхася Куляша.

– Задача была такая: калі Лукашэнка будзе спускацца з верталёта, падысці да яго на адлегласць, не бліжэй за два метры, і прывітаць. Я так і зрабіла. Але ён сам падышоў бліжэй. Разглядаў, як я апранутая і нафарбаваная. Пасля прывітальных слоў я ўручыла яму букет. Аляксандр Лукашэнка таксама падарыў мне кветкі ў адказ.

Запомнілася і нядаўняя сустрэча з прэм’ер-міністрам Сяргеем Румасам. Задача была тая ж – прывітальныя словы і кветкі. Сустрэча запомнілася Ксеніі тым, што Румас шмат усміхаўся, пацалаваў каравай, а кавалачак адламаў і памачаў у соль.

• Текст доступен на языке: Русский