Якая сітуацыя на рынку працы ў раёнах Павілля, мы высветлілі з бюлетэня “Сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь” Нацыянальнага статыстычнага камітэта за студзень-ліпень.

Параўнаем сітуацыю на рынку працы за паўгода сёлета і ў 2018 годзе.

Маладзечна

Калі летась на Маладзечаншчыне было 287 зарэгістраваных беспрацоўных, то ў гэтым годзе 126. Так узровень беспрацоўя з 0,5 знізіўся да 0,2.

На нанова створаныя рабочыя месцы ўладкавалі 382 чалавек, а летась – 454.

Вілейка

Зарэгістраваных беспрацоўных на Вілейшчыне за сёлетнія паўгода 41 чалавек, летась – 64. Узровень беспрацоўя знізіўся з 0,4 да 0,2 працэнта.

На наваствораныя працоўныя месцы летась уладкавалі 61 чалавека, а ў гэтым годзе 57.

Валожын

У Валожынскім раёне беспрацоўных за першыя паўгода 2018 года было 35, а сёлета – 23. Узровень беспрацоўя знізіўся з 0,3 да 0,2 працэнта.

Летась уладкавалі 71 чалавека на нанова створаныя рабочыя месцы, у гэтым годзе 48.

Мядзел

Беспрацоўных у Мядзельскім раёне летась за паўгода зарэгістравалі 50 чалавек, сёлета 32. Калі ў 2018 беспрацоўе склала 0,4 працэнты, то ў гэтым годзе – 0,3.

Сёлета ўладкавалі 53 чалавек на нанова створаныя працоўныя месцы, у мінулым годзе – 30 чалавек.

Смаргонь

За паўгода 2018 на Смаргоншчыне зарэгістравалі 113 беспрацоўных, за паўгода сёлета – на двух чалавек меней.

Узровень беспрацоўя застаўся на тым жа ўзроўні – 0,5%.

На нанова створаныя працоўныя месцы ў мінулым годзе за паўгоддзе ўладкавалі 111 чалавек, у гэтым – 110.

Ашмяны

Беспрацоўных у Ашмянскім раёне за шэсць месяцаў 2018 года зарэгістравалі 63 чалавек, 2019 года – 55 чалавек. Узровень беспрацоўя знізіўся з 0,5 да 0,4.

Летась уладкавалі 34 чалавекі на новыя працоўныя месцы, у гэтым годзе – 75.

Астравец

Летась за паўгода беспрацоўных было 39, сёлета – 20 чалавек. Узровень беспрацоўя знізіўся з 0,3 да 0,2 працэнта.

На новыя рабочыя месцы ўладкавалі 163 і 11 чалавек за паўгода 2018 і 2019 гадоў адпаведна.

Як змянілася сітуацыя па краіне

Як паведамляе Міністэрства працы, сёлета за паўгода па краіне звярнулася 96 тысяч чалавек па дапамогу ў працаўладкаванні, сярод іх больш за 50 тысяч чалавек зарэгістраваныя як беспрацоўныя.

Узровень зарэгістраванага беспрацоўя знізіўся з 0,4 да 0,3 працэнта ў адносінах да колькасці працоўнай сілы.

Мінпрацы адзначае попыт на працоўную сілу. За паўгода 2019 у органы па працы прыйшло на 17 працэнтаў больш вакансій, чым за такі ж перыяд мінулага года.

Запатрабаванасць у прадстаўніках рабочых прафесій склала больш за 64 працэнты ад агульнай колькасці прапаноў.

Агулам за паўгода 2019 колькасць беспрацоўных меншая на 30 працэнтаў, чым за такі ж перыяд 2018 года.

Хто сярод беспрацоўных

Найбольшая група сярод беспрацоўных – мужчыны 45-49 гадоў. За імі – мужчыны 40-44 гадоў, на трэцяй пазіцыі група мужчын 55-57 год.

Сярод жанчын найбольш беспрацоўныя групы – 45-49 год, 35-39 год, 40-44 гады.

Агулам сярод беспрацоўных за паўгода 2019 66 працэнтаў мужчын, 19,7 працэнтаў моладзі ад 16 да 30 год.

Сярэдні перыяд працаўладкавання складае 1,4 месяца. А сярэдняя працягласць беспрацоўя па краіне – тры месяцы.

Каго шукаюць

У першым паўгоддзі ў горадзе самымі запатрабаванымі вакансіямі сярод рабочых прафесій былі: кіроўца аўтамабіля, прадавец, швачка, повар, муляр, тынкоўшчык, кантралёр-касір, электраманцёр, электрагазазваршчык, маляр.

Сярод спецыялістаў найбольш шукалі доктара, медсястру, фельчара, інжынера, бухгалтара, ветэрынара, майстра, выхавальніка, спартсмена-інструктара, фармацэўта.

У вёсцы сярод рабочых прафесій было найбольш вакансій трактарыста, кіроўцы, аператара машыннага даення, жывёлавода, муляра, электраманцёра, электрагазазваршчыка, мантажніка, повара, арматуршчыка.

Сярод спецыялістаў на вёсцы найбольш запатрабаванымі былі ветэрынарны доктар, медсястра, заатэхнік, доктар-спецыяліст, бухгалтар, аграном, інжынер, брыгадзір, педагог-псіхолаг, менеджар.

Дзе напружанасць з працай

Сярод тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы на гэты год ёсць раёны з нашага рэгіёна. Гэта Вілейскі, Валожынскі, Маладзечанскі.

• Текст доступен на языке: Русский