Чарговае здарэнне на будпляцоўцы АЭС: выдалілі прадстаўніка «Атамбудэкспарта»

Начальніка упраўлення вэнтыляцыі і сістэмы пажаратушэння расійскага прадпрыемства «Атамбудэкспарт» Дзмітрыя Зіноўева выдалілі з будаўнічай пляцоўкі Беларускай АЭС.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведамілі ў інфацэнтры РУП «БелАЭС».

Расійская кампанія «Атамбудэкспарт» (структура «Росатама») з’яўляецца генеральным падрадчыкам, які будуе Беларускую АЭС.

«У нас такі парадак, калі чалавек не спраўляецца са сваімі абавязкамі. Ён выдалены з пляцоўкі, ён больш у нас не зьявіцца і працаваць на пляцоўцы ў нас не будзе», — сказаў начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязей Эдуард Свірыд.

З якой прычыны Дзмітрыя Зіноўева выдалілі з пляцоўкі, паводле Эдуарда Свірыда, гэта трэба ўдакладніць на расійскім прадпрыемстве , бо гэта іх супрацоўнік.

На прадпрыемстве «Атамбудэкспарт» карэспандэнту Свабоды сказалі, што каментаваць сітуацыю не будуць.

«Гэта я каментаваць не магу, а тое, што ён выдалены, мы пацвярджаем», — сказаў Эдуард Свірыд.

Свірыд таксама не сказаў, ці затрыманы Дзмітры Зіноўеў, і параіў звярнуцца ў Следчы камітэт.

Тэлеграм-канал NEXTA апублікаваў ліст з подпісам гендырэктара БелАЭС Міхаіла Філімонава, у якім паведамляецца, што 6 красавіка Дзмітры Зіноўеў быў затрыманы, супраць яго распачата крымінальная справа за камерцыйны подкуп.

Як гаворыцца ў дакуменце, які распаўсюдзіў тэлеграм-канал, Зіноўева затрымалі, калі ён атрымліваў «незаконнае грашовае ўзнагароджанне» ад прадстаўніка ТАА «НВА Вентэхсэрвіс» і ТАА «Леванта Груп».

У Следчым камітэце інфармацыю Свабодзе пакуль не пракамэнтавалі.

Калі ў 2016 годзе ўпаў і быў пашкоджаны корпус рэактара, расійская кампанія «Атамбудэкспорт» выступіла з заявай, што «інфармацыя аб надзвычайным здарэнні на будоўлі ў Астраўцы Беларускай АЭС не адпавядае рэчаіснасці».

І толькі праз два тыдні, калі ўжо літоўцы забілі трывогу, улады вымушаныя былі прызнаць факт аварыі.

• Текст доступен на языке: Русский