Алег Страхановіч за кар’еру заваяваў у вышэйшай лізе медалі ўсіх вартасцяў. У 2006 годзе быў прызнаны лепшым футбалістам краіны. Правёў 15 матчаў у форме нацыянальнай зборнай. Вось ужо другі год Страхановіч бегае за «Маладзечна» у трэцім дывізіёне, але нават у свае 39 атрымлівае задавальненне ад футбола.

– У кастрычніку табе споўніцца 40, але ўсё роўна працягваеш гуляць …

– Усё банальна і проста – любоў да футбола. Па-іншаму ніяк. Калі гляджу на многіх і бачу, што яны ходзяць на нелюбімую працу, разумею, што пры першай жа магчымасці яны пойдуць на іншае месца. Я ж атрымліваю задавальненне, здароўе дазваляе гуляць. Плюс камусьці яшчэ патрэбны. Калі не будзе прапаноў, пайду.

– Любоў да футбола – гэта зразумела. Але яна ж павінна падмацоўвацца фінансава.

– Згодзен. Заўсёды кажу маладым: «Пра грошы не думайце, гуляйце». Але я ж ужо не ў такім узросце, ёсць дзеці, трэба іх забяспечваць. Пакуль, дзякуй Богу, у мяне ёсць за што жыць. Так што ў «Маладзечна» фінансы для мяне не гуляюць першараднай ролі. Сама ідэя адраджэння маладзечанскага футбола для мяне больш, чым грошы. І справа не ў іх колькасці. Разумееш, некаторым дай тысячу – яны яе адразу выдаткуюць. Камусьці і 300 хапае. Грошы мне плацяць невялікія, але я кожную капейку берагу. Зразумела, што за зарплату ў «Маладзечне» не магу купіць машыну з салона або зводзіць дзяўчыну ў дарагі рэстаран.

– У сакавіку мінулага года ты ледзь не афіцыйна абвясціў аб завяршэнні кар’еры. Але ўсё роўна працягваеш бегаць, гуляць з-за любові да футбола?

– Нядаўна ўзяў сваю картку футбаліста, дзе напісаны год нараджэння, пазіцыя на поле і статус. Чытаю: «Аматар». Так што, зыходзячы з гэтай карткі, я, напэўна, скончыў. Ну ці кар’ера мая скончылася тады, калі я сышоў з вышэйшай лігі. Але матывацыя ўсё роўна ёсць, у футбол усё жыццё хочацца гуляць.

• Текст доступен на языке: Русский