У сярэдзіне верасня прамысловыя альпіністы ў вобразах супергерояў мылі вокны ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі ў Бараўлянах.

Сярод любімых герояў былі чарапашкі Ніндзя і Чалавек-павук. А касцюм Бэтмана апрануў хлопец з Вілейкі Дзмітры Субач. Ён расказаў карэспандэнту «Рэгіянальнай газеты» пра гэту дабрачынную акцыю.

Касцюмы спатрэбіліся нестандартныя

– Мы самі прапанавалі такія паслугі цэнтру. А нас арганізаваў мой сябар, таксама прамысловы альпініст Канстанцін. Нешта падобнае хацелі зрабіць летась перад Новым годам. Думалі, праз вокны раздаваць дзецям падарункі. Але позна пачалі займацца і ў выніку нічога не атрымалася, – прыгадвае Дзмітры.

Цяпер жа сваю задуму хлопцы ажыццявілі. У адным з пунктаў пракату ўзялі касцюмы супергерояў. Супрацоўнікі пракату, даведаўшыся пра мэту альпіністаў, далі касцюмы бясплатна. Аднак, па словах Дзімы, з выбарам касцюмаў усё ж былі праблемы:

– Большасць касцюмаў пашытая на стандартных людзей. А мы не зусім стандартныя. Хто ростам – 188, хто – 195.

Хацелі ўзяць чатырох чарапашак Ніндзя, але дзве былі ў хімчыстцы. Таксама звярталі ўвагу на тое, каб у касцюмах зручна было злазіць па сценах будынка. Напрыклад, вялікі шлем не падыходзіў.

Спачатку мылі вокны, а потым зноў забруджвалі

– Мы не толькі мылі вокны. А праз шкло ўсміхаліся дзецям і бацькам, махалі ім. Для нас таксама гэта быў зусім новы досвед, – кажа хлопец.

Па словах Дзімы, большасць гледачоў па той бок шкла ўсміхалася любімым героям. А найбольш спадабалася дзецям даваць альпіністам «пяць» праз шкло.

– Працавалі шэсць гадзін запар. Спачатку мылі вокны, потым забруджвалі, а потым ізноў мылі, – дзеліцца хлопец.

Са сталяроў – у прамысловыя альпіністы

Прамысловым альпіністам Дзмітры Субач працуе некалькі год. Спачатку скончыў Вілейскі дзяржаўны каледж. Цяпер у Вілейцы бывае ў бацькоў і сяброў.

Дізма Субач у вобразе.

Пасля каледжа працаваў па атрыманай спецыяльнасці «сталяр-цясляр» на мінскім прадпрыемстве.

 – Праз некаторы час на заводзе сказалі, што з маімі псіхічнымі і фізічнымі дадзенымі трэба ісці ў мантажнікі.

А ў 2012 годзе пазнаёміўся з прамысловым альпіністам, пагутарыў. І зразумеў, што я таксама хачу гэтаму вучыцца, – прыгадвае хлопец.

За два тыдні спецыяльнасць набыў у Цэнтры МНС у Светлай Рошчы. За гэты час навучылі мала чаму: падымацца і спускацца, ратаваць напарніка. А вось асноўныя фішкі прафесіі спасцігаў ужо падчас працы.

Каму кацяня з дрэва дастаю, каму піяніна падымаю

Сёння Дзмітры Субач жыве і працуе ў Мінску. Мае там ІП. Паслугі прамысловага альпініста ў Вілейцы не асабліва патрэбныя. А ў сталіцы замовы бываюць розныя.

Па той бок шкла.

– Хто просіць кацяня з дрэва дастаць, хто – піяніна падняць праз акно на пятнаццаты паверх.

Неяк на высокі паверх падымалі вялізны і цяжкі акварыум. Шмат размяшчаем на вышыні рэкламную падсветку.

Аднак гэта – бізнес. А акцыю з супергероямі для дзяцей з хоспіса хлопцы зладзілі бясплатна. І гатовыя паўтарыць яшчэ не раз.

Здымкі забяспечаныя героем публікацыі.

• Текст доступен на языке: Русский