"Краяны".

Першыя заняткі пройдуць у чацвер, 3 кастрычніка.

Падрабязней пра курсы і тое, як да іх далучыцца, распавяла ўдзельнік маладзечанскага аб’яднання ўкраінцаў “Краяны” Ясенія Мікуліч.

Заняткі: дзе, калі і як

Заняткі будуць праходзіць па чацвяргах ад 18 да 20 гадзін. Для курсаў прадугледжанае памяшканне ў кабінеце №26 па Вялікім Гасцінцы, 52, у Маладзечанскім музычным каледжы імя Агінскага.

Весці заняткі будзе Наталка Бабіна, якая дзеля курсаў будзе прыязджаць з Мінска.

Усё навучанне – цалкам бясплатнае.

Ужо ў групу набралася дзесяць чалавек. Далучыцца да курсаў можа любы ахвотны. Для гэтага проста патэлефануйце на нумар Ясеніі: (8-029) 806-32-81, 760-52-25.

Што будуць вывучаць

Як распавяла Ясенія, пачынаць вывучаць украінскую мову будуць з самага пачатку – з алфавіта. Ужо нават набылі буквар, каб пачаць заняткі.

– Гэта неабходна, каб мы навучыліся правільнаму вымаўленню. Мы з “Краянамі” і задумалі адкрыць курсы, каб у першую чаргу пазбавіцца ад памылак у вуснай гаворцы. А многія з нас, і я ў тым ліку, спяваем украінскія песні. Таму, канешне, у першую чаргу нас будзе цікавіць, як правільна размаўляць па-ўкраінску так, каб не было няёмка перад носьбітамі мовы.

Абмеркаваць ідэю курса прадстаўнікі “Краянаў” хадзілі да старшыні райвыканкама Юрыя Горлава. Як распавяла Ясенія, старшыню зацікавіла, што ў Маладзечне ёсць украінскае аб’яднанне. Ён падбадзёрыў актывістаў тым, што культуру трэба развіваць, а курсы мовы краіны-суседкі будуць гэтаму спрыяць.

Дырэктар музкаледжа Рыгор Сарока адразу пайшоў насустрач актывістам і пагадзіўся даць на бязвыплатнай аснове памяшканне, дзе будуць займацца ўдзельнікі курсаў.

Чаму курсы важныя

У “Краянах” 47 удзельнікаў, яшчэ восем нядаўна далучыліся. Усе ўдзельнікі аб’яднання спяваюць, многія ўдзельнічаюць у сустрэчах з прадстаўнікамі ўкраінскай Амбасады, міжнародных праектах. Таму неабходнасць вучыць мову наспела даўно.

Ясенія – салістка ансамбля “Краяны”. Яна мае ўкраінскія карані, і ў юнацтве гаварыла па-ўкраінску. Пасля выйшла замуж, пераехала на Маладзечаншчыну, і мова набыла беларускія адметнасці. А каб далей спяваць украінскія песні з правільным вымаўленнем, жанчына лічыць неабходным вучыць мову.

• Текст доступен на языке: Русский