Пакуль у вышэйшай лізе футбольнага чэмпіянату Беларусі ў гарачых баталіях вырашаюцца пытанні па размеркаванні месцаў на п’едэстале, другая ліга радуе гледача сваімі супрацьстаяннямі. Адно з іх – гульня паміж камандамі “Маладзечна” і “Андэрдог”.

Раённае дэрбі павінна было адказаць на пытанне: якая з камандаў з’яўляецца асноўным прэтэндэнтам на трэцяе месца? Паводле чутак, прахаднога, які дае права ў наступным сезоне выступаць у лізе рангам вышэй. “Маладзечна” не бывала там з 2004-га года, а вось у чысцінцаў уражанні больш свежыя – яны ўпершыню спрабавалі сябе ў першай лізе ў мінулым сезоне. Абедзве каманды прыстойна ўмацаваліся ў перыяд дазаявак, прыйшлі нават футбалісты, што яшчэ нядаўна выдатна дзейнічалі на самым высокім узроўні. Да прынцыповага матча маладзечанцы выдалі бліскучую серыю з дзевяці перамог і адной нічыёй, але ў “Андэрдога” заставаўся шанец увязацца ў сур’ёзную барацьбу з землякамі за трэці радок. Для гэтага трэба было перамагаць у вочнай сустрэчы.

З першых хвілін на полі разгарнулася сапраўдная барацьба. І градус бітвы не зніжаўся да фінальнага свістка. Як вынік – абедзве каманды напрацавалі на дзевяць жоўтых і адну чырвоную картку. Выдаленне зарабілі госці. Маладзечанец Грыб, які ў другім крузе выступае за “Андэрдог”, тузануў за майку саперніка і атрымаў справядлівую жоўтую картку. Яна для гульца была ўжо другой у гэтым матчы. А за некалькі хвілін да гэтага “мясцовы” Чэхаў на поўным ходзе ўляцеў у “прыезджага” Кротава. Выглядала вельмі груба і, здавалася, цягнула на чырвоную картку, але арбітр абмежаваўся жоўтай. Гэта было ў сярэдзіне другога тайма і да таго часу лік на табло быў ужо 2:0 на карысць гаспадароў поля. Вырашальная перавага была здабытая ў сярэдзіне тайма першага. Спачатку Кнацько-Штэрк на 28 хвіліне адгукнуўся на падачу са штрафнога і галавой адправіў мяч за спіну Субачу. А праз тры хвіліны Корсак хвостка прабіў у далёкі кут непрыяцельскіх варот і падвоіў перавагу.

Госці засумавалі, але не здаліся. Нават застаўшыся ў меншасці, яны раз за разам шукалі падыходы да варот Антона Шунта. Халадзінскі, Мікіта Мятліцкі і Бялевіч, які выйшаў замест траўмаванага Кротава, умела абвастралі гульню. Але да рэальных пагроз справа так і не дайшла. А вось “Маладзечна” мела шанец давесці лік да буйнога, але Мікіта Дудо загубіў перспектыўны момант. Гэта было ўжо ў канцоўцы сустрэчы, і адзін з лідараў каманды Вяргеенкі да таго часу ўжо добра “наеўся”, выканаўшы вялікі аб’ём працы на цяжкім з-за непагадзі полі.
Моцны дождж, быццам па камандзе, спыніўся, як толькі прагучаў фінальны свісток. Гэта ўзрадавала балельшчыкаў, што наведалі стадыён, не менш за вынік. Была свая, дадатковая радасць і яшчэ ў адной групы, якая арганізавана назірала за гульнёй – салдаты. Іх дэмбель стаў бліжэй на 90 хвілін.

Пасля гульні галоўныя трэнеры абедзвюх камандаў сваімі ўражаннямі падзяліліся з карэспандэнтам.

Маладзечна: Шунта – Лоўгач, Анцыпаў, Татарын, Чэхаў, Мяць, Новік, Емяльянаў (Чабрыцкі,76), Дудо, Корсак (Талькоўскі,90), Кнацько-Штэрк(Крот,90)

Андэрдог: Субач – Філіпенка, Грыб, Дрозд, Гаеў, Бяляўскі, Марозаў (Гайдукевіч,33), Фядотаў (А.Кашэўскі,68), М.Мятліцкі (Чыжэўскі,81), Кротаў(Бялевіч,61), Халадзінскі

Галы: 1:0 Кнацько-Штэрк, 28. 2:0 Корсак, 31.

Аляксей Вяргеенка:

– Галоўнае ўражанне – тое, што мы выканалі план на гульню і зарабілі тры ачкі, нягледзячы на некаторыя недахопы. Я лічу, што якасць гульні супала з вынікам. Толькі ў канцоўцы матча трэба было цалкам вырашыць лёс сустрэчы – для таго былі добрыя моманты.

– Гульня, па сутнасці, ішла за трэці радок. Ці маеце вы дакладную інфармацыю наконт таго, колькі камандаў выйдзе ў першую лігу? Дзве ці тры?

– Гэта не да мяне пытанні. Іх трэба задаваць федэрацыі футбола. Наша задача – выходзіць на поле і гуляць, што хлопцы і робяць.

– Вам ніхто дакладна нічога не гаварыў?

– Не.

Дзяніс Мятліцкі:

– Гэта было дэрбі, і, зразумела, дадаткова матываваць гульцоў не было неабходнасці. Разумелі, што ў складзе маладзечанцаў добрыя выканаўцы ў атацы. Але не атрымалася не даць ім забіць. Сёння мы былі слабейшыя – не выканалі ўстаноўку. Па выдаленні Грыба пытанняў няма – другая жоўтая. А вось у эпізодзе з Кротавым можна было прыняць больш жорсткае рашэнне. Нашаму гульцу ў тым эпізодзе нанеслі сур’ёзную траўму.

– У перыяд дазаявак каманда ўзмацнілася?

– Так, зараз 10 новых чалавек выйшлі на поле, калі параўноўваць з першым кругам.

– Наколькі задаволеныя іх дзеяннямі?

– Сёння незадаволены, а калі браць увогуле… Мы чакалі большага. Большага ад каманды. Няма прэтэнзій да тых хлопцаў, што прыйшлі ў каманду па ходзе сезона. Яны вышэй па ўзроўню і неабходныя патрабаванні выконваюць. На жаль, знізілі патрабавальнасць да сябе тыя хлопцы, што засталіся ў камандзе. І цяпер яны не ўзмацняюць гульню, калі выходзяць на замены. І сённяшні матч быў паказальны ў гэтым плане.

 

Фота Андрэя Рагінскага