Шкоднаснае паведамленне паступіла на электронную пошту аднаго з прадпрыемстваў Маладзечанскага раёна, найбуйнейшага вытворцы керамічных вырабаў.

Пасля праверкі карэспандэнцыі серверны камп’ютар быў заблакаваны. Для атрымання доступу да зашыфраванай камерцыйнай інфармацыі неабходна было заплаціць пэўную
суму.

Паводле слоў работнікаў прадпрыемства,сёлета гэта трэці факт кібератакі. У папярэдніх выпадках спецыялісты змаглі аднавіць пашкоджаныя файлы, таму кіраўніцтва ў міліцыю не звярталася. На гэты раз вірус  знішчыў усе
інфармацыйныя базы дадзеных, у тым ліку іх рэзервовыя копіі. Гэта
прывяло да дэстабілізацыі дзейнасці прадпрыемства.

Тыднем раней ад хакерскай схемы пацярпела яшчэ адна маладзечанская фірма. Пра гэта праваахоўнікам паведаміла бухгалтар прыватнай кампаніі. Жанчына распавяла, што на экране камп’ютара з’явілася дыялогавае акно. У ім паведамлялася аб шыфраванні файлаў і патрабаванні выкупу ў біткоінах. Каб даведацца суму, неабходна было звязацца са зламыснікамі па названай «электронцы».

Аператыўнікі мяркуюць, што вірус-шыфравальшчык трапіў на камп’ютар пасля праверкі электроннай пошты.

Цяпер па фактах шыфравання карыстальніцкай інфармацыі з наступным вымагальніцтвам грошай праводзяць праверку. Прызначылі камп’ютэрна-тэхнічныя экспертызы. У дзеяннях зламыснікаў праваахоўнікі ўгледжваюць прыкметы
складу злачынства, прадугледжанага артыкулам «Распрацоўка, выкарыстанне альбо распаўсюд шкоднасных праграм».

Складанасць раскрыцця кіберзлачынстваў у тым, што хакеры, як правіла, знаходзяцца за мяжой. Вызначыць іх асобы практычна немагчыма. Таму не варта грэбаваць правіламі інфармацыйнай бяспекі. Расшыфраваць камерцыйныя дадзеныя
часта не пад сілу нават самым дасведчаным IT-спецыялістам.

Міліцыя рэкамендуе кожнай арганізацыі выпрацаваць выразную палітыку па барацьбе з кіберзлачыннасцю. Не варта эканоміць на бяспецы, верны спосаб абараніць фінансавыя ўкладанні – звярнуцца да кампетэнтных арганізацый або спецыялістаў. І самае галоўнае, рэгулярна выконвайце рэзервовае капіраванне дадзеных, захоўвайце іх у аддаленым месцы.

• Текст доступен на языке: Русский