Незвычайнае здарэнне адбылося 29 верасня ў Гомельскім раёне на 4-м км аўтадарогі «Піянер — Прыбор — Урыцкае». Кіроўцу выратавалі маладажоны Грыцэвічы. Яны вярталіся з вяселля.

22-гадовы кіроўца, з прыкметамі алкагольнага ап’янення, ехаў на «Рэно Логан». Рухаючыся ў напрамку вёскі Прыбор, на закругленні дарогі не правільна выбраў хуткасць, не справіўся з кіраваннем, выехаў за межы праезнай часткі дарогі і ўрэзаўся ў дрэва. Затым аўтамабіль загарэўся.

— Гэта было ўжо ноччу, мы як раз са свайго вяселля вярталіся, — распавядае Ірына. — Я нават задрамала ў таксі і не зразумела спачатку, што мы яшчэ да дома не даехалі. Нас спыніў хлопец, які прасіў дапамогі. Потым мы ўбачылі палаючую машыну, якая ўрэзалася ў дрэва. У ёй за рулём сядзеў чалавек.

— Вядома, гэта страшнае відовішча, — распавядае Аляксандр, муж Ірыны. – Машына гарыць, а кіроўца самастойна выбрацца не можа. Ён траўмаваны. Я паспрабаваў адчыніць дзверы, але яны ад удару заклінілі.

Пазней, нават сам не ведаю як, у мяне атрымалася не тое, каб адкрыць, а проста вырваць дзверы. Дзейнічаў нават не раздумваючы, бо машына магла і падарвацца. Пакуль я выцягваў пацярпелага, мая жонка ўжо выклікала МНС і хуткую дапамогу.

— Я знаходзілася ў шоку, яшчэ такога ніколі не бачыла, — дадае Ірына. — Гэта сапраўды страшна. Але ў той момант жаданне дапамагчы чалавеку перасіліла страх. Я думаю, што так павінен быў паступіць кожны, не праехаць міма, а дапамагчы. З вайсковай часткі, якая знаходзілася побач, прыехала пажарная машына, а потым і хуткая дапамога. Толькі пасля гэтага мы з мужам адправіліся дадому.

Паводле інфармацыі Упраўлення ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама, у выніку здарэння кіроўца і 16-гадовы хлопец, які ехаў з ім у якасці пасажыра, атрымалі цялесныя пашкоджанні і былі шпіталізаваны.

• Текст доступен на языке: Русский