Былы прэзідэнт Францыі памёр 26 верасня. З Жакам Шыракам вёў доўгую перапіску Аляксандр Салагуб з Маладзечна.

Аляксандр Салагуб нарадзіўся ў французскім горадзе Алес, але потым пераехаў жыць у Савецкі Саюз. Дзякуючы лісту да Жака Шырака напрыканцы 1990-х у маладзечанца з’явілася магчымасць зноў наведаць горад дзяцінства.

Марыў вярнуцца ў Францыю шмат год

Салагуб думаў паехаць у Францыю яшчэ ў часы Савецкага Саюза, але гэта мара тады не змагла здзейсніцца. Нават на хвалі гісторый пра тое, што кіраўнікі СССР і ЗША дазвалялі некаторым грамадзянам наведваць савецкія і амерыканскія гарады. Адной са знакамітых гісторый быў прыезд Саманты Сміт, якая вяла перапіску з генеральным сакратаром Юрыем Андропавым і пасля напісала пра візіт кніжку «Падарожжа ў Савецкі Саюз».

У 1999 годзе Аляксандру Салагубу прапанавалі напісаць ліст Жаку Шыраку, які быў прэзідэнтам Францыі ў той час. Шырак даў адказ у 2000-м.

Бліжэй да новага года Аляксандр Салагуб атрымаў пісьмо разам з паштоўкай ад Жака Шырака. Французскі прэзідэнт павіншаваў са святамі, але адзначыў, што не мае права запрашаць беларуса. Шырак патлумачыў, што гэтай справай займаецца французскае пасольства ў Мінску, таму параіў звярнуцца непасрэдна туды.

Салагуб з’ездзіў у пасольства. Консул паразмаўляў з ім і адказаў, што трэба метрыка. Метрыку, па словах Салагуба, забралі ў яго сям’і пры ўездзе ў Савецкі Саюз. Пасля таго, як Аляксандр атрымаў метрыку, консул сумесна з паслом вырашалі пытанне пра візу. І зусім хутка Салагуб атрымаў візу і паехаў у Францыю.

Паездка ў Алес і працяг перапіскі з Шыракам

– Ехаў два дні да Алеса на аўтобусе Масква – Ніца, а пасля перасеў на цягнік. І так яшчэ 150 кіламетраў. Прыехаў у горад – ужо ноч. Вырашыў адразу ісці ў мэрыю. Грукаўся ў дзверы, але мне ніхто не адчыніў. У нас жа заўсёды вахцёры адчыняюць. Пайшоў адтуль, думаў на вакзале пераначаваць.

Салагуб ішоў да вакзала па дарозе, а міма ехаў паліцэйскі аўтамабіль. Ён спыніў машыну, каб французскія праваахоўнікі дапамаглі знайсці месца, дзе пераначаваць. Паліцэйскія спачатку спыталіся, каго ён ведае ў Алесе. Салагуб назваў імя сяброўкі сястры. Паліцыя прывезла да яе дома, але жанчына сказала, што не ведае беларуса.

– Паліцэйскі засмяяўся, адвёз мяне ў горад да нейкага дома. Зайшоў унутр, выйшаў разам з мужчынам. Аказалася, што гэта была начлежка. Гарбачоў не жыў так, як жылі ў гэтай начлежцы. Я там паеў, памыўся.

Раніцай Салагуб пайшоў у мэрыю. Там пазнаёміўся з мэрам, які прадставіў яму гатэль на тры іыдні.

– Хадзіў па сцежках дзяцінства, сустрэў знаёмых. Праўда, я нікога не пазнаваў, а мяне ўсе пазнавалі, таму што якім я быў худым, такім і застаўся.

Пасля вяртання ў Беларусь Салагуб напісаў ліст Шыраку, у якім падзякаваў за магчымасць з’ездзіць у Францыю. Яны вялі доўгую перапіску, у якой віншавалі адзін аднаго са святамі.

– Я разумею, што лісты пісалі яго памочнікі, але ён жа сам распісваўся.

Французская амбасада ведала пра перапіску паміж Салагубам і Шыракам. У канцы верасня Жак Шырак памёр. Па запрашэнні французаў Салагуб наведаў пасольства, дзе пакінуў ліст на беларускай мове са спачуваннямі.

• Текст доступен на языке: Русский