У Маскве арыштавалі дачку збеглага бізнэсоўца Авяр’янава – былога гаспадара аграфірмы «Ілья»

Як стала вядома kommersant.ru, у Маскве для экстрадыцыі ў Беларусь  арыштавалі Вікторыю Авяр’янаву, гендырэктара ЗАТ «Інтэк», якая валодае папулярнымі клубамі ў Мінску.

Следчы камітэт Беларусі абвінавачвае жанчыну ва ўхіленні ад выплаты падаткаў.

Гэтае злачынства не з’яўляецца арыштным у Расіі. Скандальнасці сітуацыі дадае той факт, што летам суд ужо адхіляў патрабаванне аб узяцці прадпрымальніцы пад варту.

Хадайніцтва пракурора аб арышце Вікторыі Авяр’янавай Цвярскі райсуд Масквы разглядаў тры дні. Калі адвакат паведаміў суддзі, што ў чэрвені суд ужо адхіляў адпаведную просьбу, пракуратуры быў дадзены час на збор дадатковых доказаў. Бо згодна з крымінальна-працэсуальным кодэксам нельга двойчы абіраць меру стрымання па адных і тых жа падставах. Слуханні былі адкладзеныя, і хоць нічога новага, па дадзеных абароны, у справе не з’явілася, дзяжурны суддзя адправіў жанчыну на два месяцы ў СІЗА.

Вікторыя Авяр’янава з’яўляецца гендырэктарам дзвюх кампаній — «Бістроф», якая займаецца гандлем, і «Інтэк», якая кіруе некалькімі сямейнымі рэстаранамі і клубамі.

Паводле сямейнай легенды, яе бацька, Юрый Авяр’янаў, зарабіў на іх, гандлюючы адзеннем на рынках, у тым ліку на мінскім стадыёне «Дынама». У 2017 годзе Следчы камітэт Беларусі па матэрыялах праверкі, праведзенай спецслужбамі, пачаў крымінальную справу па ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры). Па версіі следства, ухіленне ад падаткаў на агульную суму 890 тыс. беларускіх рублёў дапусцілі мінскія клубы «Медысан», «Афрыкана» і «Табу», кіраваныя «Інтэкам».

Злачынства было здзейснена, па версіі следства, у перыяд з 2010 па 2015 год. Аднак, як адзначыў адвакат, у запытах аб выдачы Авяр’янавай не ўдакладняецца, пра якія рублі ідзе гаворка.

Улічваючы, што меркаванае злачынства было здзейснена да дэнамінацыі 2016-га, ухіленне магло быць на суму менш за 1 млн расійскіх рублёў, а гэта наогул не падпадае пад крымінальную адказнасць у РФ. Тым больш у адпаведнасці з КПК за падатковыя злачынства ў Расеі нельга арыштоўваць.

Па версіі абароны, Авяр’янава не хаваліся ў Расіі ад следства, а проста сюды пераехала разам з сям’ёй на цалкам законных падставах каля двух гадоў таму і выхоўвае двух дзяцей, самы малодшы з якіх нарадзіўся якраз у разгар расследавання. Пасля паўторнага затрымання, як мяркуе абарона, Авяр’янава магла разлічваць як мінімум на хатні арышт.

Фігурантам расследавання беларускіх праваахоўнікаў таксама з’яўляецца Юрый Авяр’янаў. Па просьбе Генпракуратуры Беларусі яго для экстрадыцыі затрымалі ў Германіі, аднак затым бізнэсмэн быў вызвалены з-пад варты і чакае рашэння судовых інстанцый па сваёй справе пад падпіскай.

Нагадаем, што ў пачатку 2000-х Авяр’янаву, як і некаторым іншым багатым людзям,  дастаўся СВК на Вілейшчыне, куды давялося ўкласці каля $6 мільёнаў.

Ад 2018 года аграфірма «Ілья» за зам з некаторымі іншымі аб’етамі, што належалі Авяр’янаву, выстаўленая на таргі.

• Текст доступен на языке: Русский