30 год Алена Мачэль адпрацавала настаўніцай у Вілейцы. А потым усё кінула, пераехала ў Мінск і пачала выкладаць родную мову і літаратуру ў сталічнай беларускамоўнай гімназіі.

Пра такія імклівыя змены ў жыцці і пра тое, чым сталічныя школьнікі адрозніваюцца ад вілейскіх, мы распыталі Алену Лявонцьеўну.

Хацела стаць спявачкай, але…

Мая суразмоўца хацела стаць спявачкай. Бо ва ўсіх сваякоў па лініі маці прыгожыя звонкія галасы. Але ў роднай Сакалоўцы музычнай школы не было. Таму пасля дзесяці класаў выпускніца вырашыла паступаць у педагагічны інстытут у Мінск.

– Іншых прафесій асабліва і не ведала, – прыгадвае настаўніца. – А мовы ў мяне заўсёды ішлі лепш, чым дакладныя навукі. Ды і настаўнікаў тады вельмі паважалі. Вось і вырашылі з сяброўкай з маёй вёскі паступаць у педагагічны. Паступіла з першага разу. А пасля з жалем даведалася, што тады, у сярэдзіне 1980-х, у БДУ праводзілі эксперымент. Каб паступіць, было дастаткова здаць толькі два экзамены, а я ў педагагічны здавала чатыры.

Інтэрнат у той час на першым курсе не давалі. Студэнтка-першакурсніца жыла ў сваячкі. На другім курсе інтэрнат атрымала. Жыла ў адным пакоі побач з в’етнамцамі. Тыя крыху гаварылі па-руску, бо вучыліся на настаўніц рускай мовы.

– Запомнілася, як яны смажылі селядзец, гатавалі рыс без вады. А яшчэ ўсе шафы былі заваленыя шмоткамі, якія яны прадавалі.

Жыць было весела, але ў хуткім часе мая суразмоўца выйшла замуж і разам з мужам з’ехала на найманую кватэру.

Была класнай «Зэ» класа

Першы настаўніцкі досвед у вілейскай школе №2 (цяпер гімназія «Логас») помніцца вялізнымі класамі:

– У кожным класе было па 30-35 чалавек. І на адной паралелі было шмат класаў. Уявіце, я была класнай у «Зэ» класа. А яшчэ былі і «К», і «Л». Працавалі ў дзве змены. А маладую настаўніцу вучні не заўсёды хацелі слухаць.

Каб наведваць сем’і пасля працы, каапераваліся ўдзвюх з сяброўкай, таксама маладой настаўніцай. Спачатку ішлі да яе вучняў, потым – да маіх, прыгадвае Алена Лявонцьеўна.

Запомнілася таксама, як віншавалі на першым Дні настаўніка ў школе. Маладых педагогаў выклікалі на сцэну, праводзілі з імі віктарыны, конкурсы. А потым падарылі вялізны аловак з паперы.

Не люблю паперы і недарэчныя даручэнні

На маё пытанне, што падабаецца, а што не падабаецца ў настаўніцкай працы, суразмоўца адказала проста:

– Падабаецца праца з дзецьмі: урокі, экскурсіі, вандроўкі. Не падабаюцца шматлікія конкурсы па ўсім і безліч папер. Не люблю і недарэчныя даручэнні: правяраць электрычнасць, дамафоны і халадзільнікі.

Яшчэ Алена Лявонцьеўна любіць займацца з вучнямі даследчай працай. Калі настаўнічала ў Вілейцы, удзельнічала ў стварэнні гуртка «Крок у навуку» пры Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Ладзілі семінары і лекцыі для дзяцей і настаўнікаў.

Са сваімі вучнямі Алена Лявонцьеўна не раз паспяхова выступала на навуковых канферэнцыях. Працы высока ацэньвалі ў Акадэміі навук.

Вілейскія школьнікі больш самастойныя і адказныя

Пераехаць у Мінск пасля 30 гадоў працы ў школе ў Вілейцы настаўніца мусіла па сямейных абставінах. Сёння не шкадуе, што так атрымалася: і яна, і муж маюць працу, у сям’і ўсё добра.

– Цяпер працую ў 23-й беларускамоўнай гімназіі ў Мінску. Тут вучацца дзеці і ўнукі беларускіх пісьменнікаў, паэтаў, палітыкаў. Адчуваецца, што яны добра ведаюць беларускую мову. Калі на ўроках у «Логасе» я часта пыталася ў вучняў, якія словы вам незразумелыя, то тут такіх пытанняў не задаю.

Але, па назіраннях настаўніцы, сталічныя вучні менш самастойныя і менш адказныя. Нават у дзявятым класе забываюцца перадаць інфармацыю бацькам. Таму без суполкі ў вайберы тут ніяк: трэба і вучням сказаць, і бацькам прадубляваць.

Пра настаўніцкі прэстыж

Аднак не траціць сувязяў Алена Лявонцьеўна і са сваімі вілейскімі вучнямі:

– Сёлета дзеці, у якіх я была класным кіраўніком, скончылі 11 класаў. Я ад іх з’ехала ў дзявятым, «кінула іх», як яны тады сказалі.

Але на выпускны вучні запрасілі Алену Лявонцьеўну і зрабілі ёй сюрпрыз:

– У класе быў вельмі таленавіты хлопчык. Ён сам пісаў музыку, спяваў, іграў на гітары. Але яго немагчыма было выцягнуць на сцэну. І вось на выпускным апошнім нумарам аднакласнікі ўсё ж змаглі гэта зрабіць. Калі ён спяваў, я плакала.

Спадарыня Алена прызнаецца, што не можа вызначыць, дзе ёй было лепш:

– Педагога з мяне зрабіў «Логас». А ў 23 гімназіі я ўжо настаўніца з досведам, ад якой шмат чакаюць.

Педагог заўважае, што прэстыж настаўніка зніжаецца. Асабліва ў мінскіх школах. Выхаваная ў вясковай сям’і, Алена Лявонцьеўна прывыкла да таго, што настаўнікаў вельмі паважалі.

– Калі б я прыйшла са школы і сказала маме, што на мяне насварыўся настаўнік, яна б сказала «сама вінаватая», – прыгадвае Алена Лявонцьеўна сваё вясковае дзяцінства. –

Цяпер жа ў бацькоў часта настаўнік вінаваты ва ўсім. І яны нават не імкнуцца разабрацца ў сітуацыі, пішуць скаргі і электронныя звароты.

Маўляў, парушаюцца правы іх дзяцей. А правы настаўніка?

І ўсё ж пры ўсіх гэтых супярэчнасцях Алена Лявонцьеўна не збіраецца мяняць прафесію.

– Неяк падумала пра гэта, калі ў Мінск пераязджала. А потым задала сабе пытанне: «А што я магу рабіць, акрамя таго, як вучыць дзяцей?»

Фотаздымкі забяспечаныя Аленай Мачэль.

• Текст доступен на языке: Русский