Пасля смерці мужа маладзечанка адкрыла яго сейф і знайшла патроны

У аператыўна-дзяжурную службу Маладзечанскага РАУС звярнулася 71-гадовая гараджанка. Жанчына расказала, што, калі разбірала рэчы памерлага мужа, у шафе знайшла боепрыпасы. Па паказаным адрасе прыбылі супрацоўнікі міліцыі.

У хатнім сейфе ляжалі 57 патронаў 12-га калібра розных марак. Па словах жанчыны, нябожчык муж быў паляўнічым, але дзевяць гадоў таму гладкаствольную зброю ён здаў на ўтылізацыю. Аб захоўванні ў доме боепрыпасаў ёй вядома не было.

Як прызналася пенсіянерка, што рабіць з небяспечнымі знаходкамі яна не ведала. Адзінае правільнае рашэнне – патэлефанаваць на нумар 102 – падказала сястра, якая ў раённай газеце чытала пра прафілактычную акцыю “Бывай, зброя”. Патроны міліцыянеры канфіскавалі для правядзення балістычнай экспертызы і наступнай утылізацыі.

Паколькі жанчына добраахвотна здала арсенал няўлічаных патронаў, то баяцца адказнасці ёй не варта. А вось яе мужу мог бы пагражаць штраф да 10 базавых велічынь згодна з арт. 23.48 КаАП Рэспублікі Беларусь “Парушэнне правілаў абыходжання з агнястрэльнай зброяй, выбуханебяспечнымі, лёгкаўзгаральнымі, з’едлівымі рэчывамі або піратэхнічнымі вырабамі”.

• Текст доступен на языке: Русский