Што мы ведаем пра Маладзечна музычнае? Згадваем свята беларускай песні і паэзіі, што ладзяць у горадзе ад 1993 года дзякуючы палітыку і навукоўцу Генадзю Карпенку.

З гонарам успамінаем пра Маладзечанскі музычны каледж і колішнюю фабрыку музычных інструментаў. І канешне, прыгадваем вядомых музыкантаў, якія ў розныя часы былі звязаныя з нашым краем.

Міхал Клеафас Агінскі (1765-1833)

Фота youtube.com.

Князь, кампазітар, дыпламат, палітычны дзеяч. Аўтар знакамітага паланэза «Развітанне з радзімай». Ад 1814 года стаў гаспадаром Маладзечанскага маёнтка пасля смерці свайго дзядзькі. Значную частку пакояў замка Агінскі  аддаў маладзечанскаму павятоваму вучылішчу. Падарыў яму частку сваёй бібліятэкі і музычныя інструменты. Назаўсёды пакінуў маладзечанскія ўладанні ў 1822 годзе.

Сёння маладзечанцы памятаюць пра славутага земляка. Маладзечанскі сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі паставіў оперу «Агінскі. Невядомы партрэт». Краязнаўца і пісьменнік Уладзімір Садоўскі прысвяціў гэтай асобе твор «1813». На будынку маладзечанскага музкаледжа ёсць мемарыяльная дошка ў гонар кампазітара, а побач з будынкам – помнік.

Міхась Забэйда-Суміцкі (1900-1981)

Фота з Вікіпедыі.

Беларускі спявак, тэнар. У 1914 годзе паступае ў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. Праз год, калі набліжаўся фронт Першай сусветнай вайны, семінарыя эвакуявалася ў Смаленск, куды пераехаў таксама Міхась. Скончыў семінарыю ў 1918 годзе і паехаў працаваць у Сібір, куды эвакуявалі маці. Большу частку жыцця пражыў за межамі Беларусі. Пахаваны ў Празе. Імкнуўся выконваць усе творы ў арыгінале і на памяць, каб як найбольш наблізіць твор да слухача.

Акрамя класічнага рэпэртуару Забэйда-Суміцкі абавязкова ўключаў у кожнае сваё выступленне народныя песні і вакальныя творы беларускіх кампазітараў.

Папулярызаваў беларускую народную песню ў свеце.

Мікалай Суднік (1901 – 1974)

Гарманіст,  майстар гармонікаў. Родам з Вілейшчыны. Любоў да музыкі прывіў дзядуля. Самастойна навучыўся іграць на гармоніку і баяне. У 14 год зрабіў першы інстумент.

Пасля Другой сусветнай вайны працаваў у маладзечанскай музычнай арцелі. На адным з рэспубліканскіх конкурсаў гармонік маладзечанскай арцелі заняў першае месца. Інструмент назвалі «Беларусь». Калі ў 1947 годзе ў Маладзечне адкрылі фабрыку музычных інструментаў, разам з братам Іванам пачаў працаваць там.

Слава пра маладзечанскія гармонікі пайшла па ўсяму былому СССР.

Памёр майстар у Маладзечне. Тут і пахаваны. Сёння інструменты Мікалая Судніка захоўваюцца ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі ў Маладзечне.

Іосіф Сушко (1928-2016)

Іосіф Сушко і ансабль “Спадчына”. Фота з архіва РГ.

Беларускі самадзейны кампазітар. Заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь, мастацкі кіраўнік ансамбля песні і танца «Спадчына», лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне». Ганаровы грамадзянін Маладзечна.

Нарадзіўся на Віцебшчыне. З Маладзечна звязаны ад 1959 года, калі паступіў на другі курс мясцовага музвучылішча (цяпер каледж) па класе харавога дырыжыравання.

У Маладзечне вядомы, перш за ўсё, як кіраўнік народнага ансамбля песні і танца «Спадчына». За гады існавання калектыў даў каля дзвюх тысяч канцэртаў.

У 1963-1977 гадах выкладаў харавыя дысцыпліны ў музвучылішчы.

Рыгор Сарока

Фота з архіва “РГ”.

Музыкант, дырыжор, педагог. Заслужаны работнік культуры Беларусі, дырэктар музычнага каледжа імя Агінскага ад 1980 года. Нарадзіўся ў 1944 годзе на Маладзечаншчыне. Скончыў Маладзечанскае музвучылішча і кансерваторыю.

У 1976 годзе стварыў камерны аркестр народных інструментаў. У 1981 годзе калектыву прысвоілі званне «народны». Ад 1979 года – дырыжор сімфанічнага аркестра вучылішча, які атрымаў статус гарадскога. Ад 1989 года калектыў таксама носіць званне «народнага».

Вясной 1996 года па ініцыятыве Рыгора Сарокі ў Маладзечне пачала дзейнічаць канцэртная пляцоўка – музычны падворак «Новыя Агінты».

Дзякуючы яго намаганням у 2001 годзе ў Маладзечне адкрылі помнік Міхаілу Клеафасу Агінскаму.

Юры Антонаў

Фота youtube.com.

Кампазітар, эстрадны спявак, музыкант. Нарадзіўся ў Ташкенце ў 1945 годзе. У Маладзечне прайшло дзяцінства і юнацтва будучага спевака, куды сям’я  прыехала з бацькам-вайскоўцам.

Спачатку маці прывяла сына ў мясцовую музычную школу. Потым хлопец паступіў у Маладзечанскае музвучылішча ў клас да педагога Карла Пагоцкага. Аднагрупнікі прыгадваюць, што Юра Антонаў не быў старанным вучнем.

Алег Елесеенкаў

Фота belta.by.

Кампазітар, выканаўца, дацэнт кафедры мастацтва эстрады Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Нарадзіўся ў Расіі ў 1958 годзе. Пасля сям’я пераехала ў Маладзечна. Бацька будучага кампазітара, Мікалай, быў адным з першых выкладчыкаў Маладзечанскага музвучылішча.

Сам Алег Елесеенкаў жыў і у Маладзечне да 19 год. У 1973 годзе скончыў Маладзечанскае музвучылішча па спецыяльнасці «тэорыя музыкі».

Алена Атрашкевіч

Фота sb.by

Кампазітар, педагог, старшыня Саюза кампазітараў Беларусі. Нарадзілася ў 1966 годзе ў Барысаве. Скончыла Ленінградскую кансерваторыю. Ад 1989 года выкладала ў Маладзечанскім музкаледжы. У Маладзечне стварыла дзіцячую вакальную студыю «Спяваем разам». Аўтар шматлікіх дзіцячых песень. Журы вакальных конкурсаў рознага ўзроўню.

Працуе ў розных жанрах: музыка для дзіцячых спектакляў, песенныя цыклы, харавая і сімфанічная музыка.

Уладзіслаў Сулімскі

Фота operaart.ru.

Оперны спявак, саліст Марыінскага тэатра. Нарадзіўся ў Маладзечне ў 1976 годзе. Вучыўся ў Маладзечанскім музвучылішчы па класе скрыпкі, але быў адлічаны за непаспявальнасць.

Пасля вучыўся ў кансерваторыі ў Санкт-Пецярбургу. У 2000-2004 гадах быў салістам Акадэміі маладых спевакоў Марыінскага тэатра. Ад 2004 – саліст гэтага тэатра. Вучыўся ў Мілане ў прафесара Метрэ.

Уладзімір Александровіч

Оперны спявак. Нарадзіўся ў Маладзечне. Да 19 год займаўся кікбоксінгам, атрымаў тэхнічную адукацыю. У 20 год паступіў у Маладзечанскае музвучылішча, хоць не вучыўся ў музычнай школе. Таленавітага маладзечанца заўважылі на міжнародных конкурсах.

Сёння Александровіч – саліст опернага тэатра ў Фларэнцыі. Прыязджае ў Маладзечна. Дае сумесныя канцэрты з сімфанічным аркестрам музкаледжа. У рэпертуары – арыі, рамансы, эстрадныя песні.

Артур Міхайлаў

Фота з архіва “РГ”.

Эстрадны спявак, саліст беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры». Нарадзіўся ў Маладзечне ў 1990 годзе. З дзяцінства паспяхова ўдзельнічаў у рэгіянальных і вакальных конкурсах. Скончыў інстытут сучасных ведаў імя Шырокава па спецыяльнасці «артыст эстрады, выкладчык вакала». Спявае на беларускай, рускай, грэчаскай, англійскай, французскай, сербскай, іспанскай мовах.

Генеральны партнёр спецпраекта «Маладзечна» Маліноўшчынскі спіртагарэлачны завод «Аквадыў» прадстаўляе мінеральную ваду “Аквадыў”. Падрабязней на akvadiv.by.

Эканомьце ў фірменных магазінах «Аквадыва»

У фірменных крамах «Аквадыва» вы можаце набыць прадукцыю з мінімальнай нацэнкай. Гэта дазваляе сэканоміць ад васьмі да 20 рублёў на адной бутэльцы.

Фірменныя магазіны «Аквадыва»:

  1. Мінск, вул. М. Багдановіча, д. 56.
  2. а.г. Сеніца, вул. Набярэжная, 48 А (Мінский р-н).
  3. Маладзечна, Вялікі Гасцінец, 62-65.
  4. Курортны пасёлак Нарач, вул. Ленінская, 25 (Мінская вобл., Мядзельскі р-н).

 

 

 

 

 

 

• Текст доступен на языке: Русский