Працягваем чытаць газету «Наша думка» – беларускі штотыднёвік, які выходзіў у Вільні напачатку 1920-х.

У №18 за 6 мая 1921 года паведамляюць, што педагогі і навучэнцы з Барунскай настаўніцкай семінарыі 17 мая збіраюцца на экскурсію ў Вільню на чатыры дні. Яны агледзяць помнікі, касцёлы, цэрквы, музей братоў Івана і Антона Луцкевічаў, заводы. «Экскурсанты будуць жыць у Віленскай беларускай гімназіі. Вітаем барунскую семінарыю і зычым удачы на карыснай экскурсіі».

Нічога гаварыць няможна, апрача як хваліць Польшчу

У №16 за гэты ж год аўтар, падпісаны як С., у артыкуле «Проці Польшчы каб ні слова» абураецца, што ў Ашмянскім павеце вельмі шмат паліцэйскіх. «Не ведаю, як у другіх паветах, але ў нас занадта шмат паліцыі – усюды яе поўна. Няўжо ў нас такі лік разбойнікаў якіх ці канакрадаў, што Вільня прымушае вялікія выдаткі несці на ўтрыманне паліцыі.

А як прыгледзішся да працы паліцыянтаў, дык яны ж не разбойнікаў шукаюць, а нібы зброю. Божа літасцівы! Ужо сем гадоў, як усякая ўлада шукае зброю ў нас. Няшчасныя качарэжкі-стрэльбы ўжо даўно забралі ад нас, а ўсё яшчэ шукаюць і шукаюць. Даўно ўжо перапаролі ў нас усё. І зусім напрасна ганяюцца нашы вясковыя коні, на якіх раз’язджаюць паліцыянты, шукаючы зброю.

І нейкія тайныя дапытчыкі ўсюды ходзяць, ездзяць, хітра дапытваюцца, ці няма каго, хто гаворыць проці Польшчы, можа, дзе гаворыць хто-небудзь за Беларусь ці за Літву. Нічога гаварыць няможна, апрача як хваліць Польшчу.

Неяк адзін панскі агітатар так і сказаў, што як пачуеш, што хто гаворыць не за Польшчу, дык хапай яго і цягні ў Ашмяну да старасты…».

Настаўніца – за настаўніцу

У №5 за 4 лютага 1921 года друкуюць ліст, што даслала настаўніца Кузняцова. У лісце яна піша пра сваю калегу з Насілава: «Гаспадзін рэдактар! Будзьце ласкавы надрукаваць у вашай газеце зняпраўджанне. У артыкуле «Культурнае адраджэнне» ў нумары 2 было надрукаванае, што ў Лебедзеўскай воласці ў вёсцы Насілава вучыцелька зазлавалася, што яе не прызначылі ў беларускую школу быццам бы з няведання роднай мовы. І таму яна сама заклала ў Насілаве маскоўскую школу. А было гэта вось як.

Вучыцелька гэтая добра ведае родную мову і любіць яе. Дастаўшы ад кіраўніка школ Лебедзеўскай воласці прызначэнне ў Насілаўскую школу, яна сабрала сход бацькоў, каторыя хацелі пасылаць сваіх дзяцей у беларускую школу.

На гэтым сходзе бацькі былі радыя, што ў іх будзе школа. Яны пагадзіліся прывезці дроў, зрабіць парты і знайсці кватэру пад школу. Ужо было ўсё падрыхтаванае да адкрыцця школы, але да гэтай справы ўбіўся насілаўскі святар Александроўскі. Ён правёў агітацыю супраць беларускай школы. Урэшце школа была адчыненая не вучыцелькай, а сынамі гэтага святара. І не беларуская, а маскоўская».

У наступным нумары нехта пад псеўданімам А. Мсціслаўскі піша пра «лепшага сучаснага беларускага пісьменніка і паэта, жыда з Вялейскага павета» Змітрака Бядулю. А таксама згадвае пісьменніка, што выйшаў з валожынскага ешыбота Х. Н. Бяліка.

Не таргуйся, гад, з бацюшкам

№3 ад 1921 года пачынаецца спачуваннем. «С. Сухадолец, вучыцель з вёскі Дубіна Забрэскай вобласці Ашмянскага павета, памёр па дарозе ў Ліду пасля страшэнных пакутаў ад рук гвалтаўнікоў».

У №26 ад 1920 года пра роднае мястэчка Маркава піша аўтар пад псеўданімам Маркавец. «Нягледзячы на тое, што мястэчка наша недалёка ад чыгункі, але жывём мы толькі чуткамі. Газет на атрымліваем, а калі атрымліваем, дык вельмі рэдка. Начальства, мусіць, хоча, каб спакайней жылі, дык не дапушчае. Вядома, прачытаўшы газету, у галаве яшчэ закруціць. Але і не чытаючы газет, мы бачым, што дарагоўля расце. Нават на царкоўныя патрэбы цэны значна падняліся. Наш маркаўскі бацюшка Васіль Нядзведскі – не промах. Калі зарабіць, дык зарабіць добра.

Надоечы адзін селянін хацеў закупіць імшу па памерлым. Але хаценне яго засталося толькі хаценнем – не старгаваліся. Бацюшка цэннік не вывесіў у свой час, а селянін не ведаў, што благадаць божая падаражэла. Таргаваліся доўга. Бацюшка прасіў пуд жыта і пяцьсот марак. Селянін, не маючы апошніх, даваў толькі жыта. Той не пагадзіўся.

Але традыцыя прымусіла пазычыць грошы, усыпаць у мяшок жыта, сабраць родных і пайсці памянуць нябожчыкаў. Але з чым прыйшлі, з тым і пайшлі. Бацюшка, выйшаўшы з пакоя, адказаў, што яму сёння няма часу служыць імшу. Што азначала: не таргуйся, гад, з бацюшкам. Ён табе заўсёды насоліць, калі захоча».