1-2 кастрычніка ў Мінску зладзілі першы форум годнага даўгалецця. Сярод запрошаных былі госці з Украіны, Аўстрыі, Германіі, Беларусі.

Нямецкія эксперты распавялі пра тое, як у іх працуюць са сталымі людзьмі.

Нямецкае грамадства старэйшае за беларускае

Па словах прадстаўніцы Нямецкага пасольства Ані Лютэр, у Германіі больш сталае грамадства, чым у Беларусі. Ёсць прагноз, што да 2040 года людзей, старэйшых за 67 год, тут будзе 26%. Таму тэма годнага даўгалецця важная для Германіі не менш, чым для Беларусі.

Прадстаўніца пасольства адзначыла:

– Германія і Беларусь падобныя тым, што праблемамі сталых людзей займаецца не толькі дзяржава, але і розныя няўрадавыя арганізацыі. І гэта вельмі добрая тэндэнцыя.

Германія актыўна супрацоўнічае з Беларуссю ў накірунку годнага даўгалецця. Шмат праектаў, у тым ліку ў Валожыне і Маладзечне, фінансуе нямецкі фонд «Памяць. Адказнасць. Будучыня».

Каб пачулі голас сталых

На думку шматлікіх удзельнікаў форуму, Беларусі варта пераняць у немцаў прынцып «нічога для нас без нас» і ў працу па забеспячэнні годнага даўгалецця больш уключаць саміх сталых людзей. Бо хто, як ні яны, найлепш ведаюць пра свае праблемы і патрэбы.

Выступоўца з Бона Іна Фёлькнер расказала пра дзейнасць BAGSO – федэральнай арганізацыі сталых грамадзян у Германіі. Місія арганізацыі – спрыяць таму, каб голас сталых людзей пачулі ў грамадстве.

Актывісты супрацоўнічаюць з дзяржаўнымі органамі. Напрыклад, з Федэральным міністэрствам па справах сям’і, сталых грамадзян, жанчын і моладзі.Арганізацыя прадстаўляе інтарэсы сталых людзей у палітыцы, эканоміцы, грамадстве.Кожныя тры гады супрацоўнікі арганізацыі ладзяць нямецкі дзень сталых. Апошні быў у маі 2018 года ў Дортмундзе.

У 70 – за рулём

І ўсё ж, па словах экспертаў, сталыя ў Германіі вядуць больш актыўны лад жыцця, чым іх беларускія аднагодкі. Тут часта можна сустрэць 70-гадовую жанчыну за рулём. У сталым узросце тут таксама часта ездзяць на роварах.

Калі ў людзей праблемы з рухальным апаратам, яны ўсё роўна выходзяць на вуліцу. Робяць гэта з дапамогай спецыяльных вазкоў.

Некаторыя пераязджаюць жыць у іншыя краіны. Асабліва папулярныя ў пенсіянераў – Швейцарыя, ЗША, Іспанія, Францыя. Хтосьці з’язджае ў больш танныя краіны – Чэхію, Польшчу. Так яны эканомяць на камуналцы і іншых паслугах.Сярэдняя пенсія ў Германіі – каля дзевяцісот еўра.

Ёсць і такія, хто пенсію ўспрымае як час павучыцца. Так, у 2015 годзе ў краіне было 15 тысяч студэнтаў ва ўзросце 65+. Папулярныя накірункі – гісторыя і філасофія.

Сталыя бацькі рэдка жывуць разам з дзецьмі. Карыстаюцца паслугамі сядзелак. Але такіх спецыялістаў хапае не ўсім.

• Текст доступен на языке: Русский