23 верасня Анастасія Герко выйшла з дому, села на маршрутку, каб дабрацца на працу ў Ждановічы, – і знікла. Пошукі дзяўчыны доўжыліся 9 дзён.

2 кастрычніка яе нарэшце знайшлі – у лесапаласе пад Мінскам, у трохстах метрах ад трасы Мінск-Маладзечна-Нарач.

Цяпер Анастасія знаходзіцца ў шпіталі, яна ў свядомасці, распавяла tut.by мама дзяўчыны.

Анастасія жыве разам з мамай Таццянай Анатольеўнай у Чысці. Кожную раніцу яна дабіралася ў аграгарадок Ждановічы: дзяўчына працуе ў санаторыі «Крыніца». У тую раніцу яна, як звычайна, села ў маршрутку, даехала да месца прызначэння – і знікла.

У той жа дзень, 23 верасня, Таццяна Анатольеўна напісала заяву ў міліцыю.

– Заяву прынялі адразу, без пытанняў. Але потым мы ўсё рабілі самі. Міліцыя нават не паглядзела запісы відэакамер са станцыі. Я сама шукала сведак, якія распавялі, што яна сапраўды выйшла там, дзе і павінна была выйсці. Але знікла, на працы не з’явілася, – усхвалявана расказвае Таццяна Анатольеўна.

Увесь час, пакуль ішлі пошукі, яна развешвала аб’явы аб знікненні дачкі ў Ждановічах і Заслаўі. На ўлётках жанчына пазначала свой нумар тэлефона.

Праз дзевяць дзён на яго патэлефанаваў мужчына. Ён збіраў у лесапаласе грыбы і там знайшоў дзяўчыну, распавядае Таццяна Анатольеўна.

Жанчына кажа, што тут жа патэлефанавала ў міліцыю і «куляй паляцела на месца».

– Яна была без прытомнасці, халодная як лёд, – распавёў брат дзяўчыны Сяргей. Яе асабістыя рэчы былі раскіданыя ў радыусе дзесяці метраў.

Па папярэдняй інфармацыі міліцыі, усе гэтыя 9 дзён Насця правяла ў лесе.

Што менавіта адбылося, чаму дзяўчына не магла выйсці з лесапаласы паблізу трасы, Таццяна Анатольеўна удакладняць не стала.

– Чалавеку стала дрэнна. Гэта ж была раніца! Дачка была абязводжаная і пераахалоджаная калі яе знайшлі. Гэта шчасце, што яна засталася жывая. Цяпер Насця ў бальніцы, яна ў свядомасці. Здароўя таму чалавеку, які знайшоў яе і патэлефанаваў мне. Я з ім звязвалася і буду за яго Богу маліцца. Больш нічога казаць не буду.

Дзяўчыну знайшлі ў лесапаласе недалёка ад вёскі Качына Мінскага раёна, у трохстах метрах ад аўтадарогі Р-28 Мінск-Маладзечна-Нарач.

• Текст доступен на языке: Русский