29-гадовага Андрэя Селюна з вёскі Журыхі Вілейскага раёна знайшлі ў рэанімацыі падмаскоўнага горада Адзінцова, паведамляе mlyn.by.

Ён на сваім мікрааўтобусе “Мерсэдэс-Бэнц Спрынтар” трапіў у аварыю.

Андрэй перастаў выходзіць на сувязь са сваякамі 4 кастрычніка. У апошні раз ён патэлефанаваў каля 13:00 і паведаміў, што ў Маскве загружае тавары і выязджае ў Беларусь. Тавар ён павінен быў прывезці ў Ждановічы. Аб знікненні мужчыны ў ПВА «Анёл» заявіла сястра.

Адміністратар «Анёла» Юлія Коўган распавяла карэспандэнту МЛЫН.BY:

– З намі звязаўся відавочца дарожна-транспартнага здарэння, у якое ў той жа дзень, 4 кастрычніка, трапіў Андрэй Сялюн. Ён распавёў, што бачыў момант аварыі. Яна адбылася ля вёскі Кубінцы Маскоўскай вобласці, прыкладна ў 100 кіламетры ад сталіцы Расіі ў напрамку Беларусі. Відавочца пазнаў машыну беларуса па нумары. Паводле яго слоў, віляйчаніна з месца ДТЗ эвакуіравалі на верталёце.

Юлія Коўган адзначыла, што «анёлы» звязаліся з бальніцай у Адзінцова, і там усю гэтую інфармацыю пацвердзілі.

Сваякі Андрэя тут жа сабраліся ехаць у Падмаскоўе, але расіяне папярэдзілі, што да пацыента, які знаходзіцца ў рэанімацыі, іх пакуль не пусцяць.

• Текст доступен на языке: Русский