Віляйчук Зміцер Пасрэднік шэсць год таму з’ехаў з Беларусі. Цяпер ён з сям’ёй жыве ў Бельгіі. Спецыяльна для «РГ» Зміцер распавёў, чаму пакінуў ра­дзіму і якія гасцінцы вязуць яму беларускія сябры.

Вілейскае дзяцінства, навуковае юнацтва і прага да падарожжаў

Для мяне вялікая пашана даць інтэрв’ю для чытачоў «Рэгіянальнай газеты», таму што маё дзяцінства прайшло ў Вілейцы, у мікрараёне Воўкаўшчына.

Пасля заканчэння гімназіі «Логас» я паступіў на біялагічны факультэт БДУ. Абараніў дыпломную і магістарскую працы на кафедры генетыкі і застаўся там працаваць лабарантам і малодшым навуковым супрацоўнікам.

Сафары-парк пры гротах Хана

З дзяцінства я марыў не толькі пра навуковую кар’еру, але і пра вандроўкі і падарожжы, захапляўся кнігамі пра падарожнікаў і экспедыцыі, па тэлебачанні глядзеў усё, што можна, пра іншыя краіны. З жаданнем вандраваць звязаны адзін з самых яркіх успамінаў дзяцінства.

Выкладчыкам мастацкай культуры ў нас быў Эдуард Уладзіміравіч Мацюшонак. Ён з захапленнем распавядаў пра помнікі архітэктуры, карціны, скульптуры. І цяпер, калі маю магчымасць ездзіць па краінах, наведваць музеі, гэта ўражвае ўдвая.

З другога года студэнцтва аўтаспынам вандраваў па Беларусі. А калі старэйшыя сябры пачалі раз’язджацца па Еўропе і дзяліцца сваімі ўражаннямі пра жыццё за мяжой, зразумеў, што надышоў час і мне збіраць стартавы капітал і актыўна рыхтавацца да пераезду.

Пераезд у Германію

У 2013 годзе я атрымаў пазіцыю навуковага супрацоўніка ў шпіталі Мюнстэра ў Германіі.

У мене быў год, каб падрыхтавацца да пераезду. Каб пераехаць, дастаткова ведаць англійскую мову. Але, вядома, у Германіі да паспяховага жыцця патрэбна было вывучыць нямецкую. Трэба дадаць, у Мюнстэры была суполка біёлагаў з БДУ, якіх я ведаў яшчэ па студэнцкім інтэрнаце. Яны вельмі дапамаглі мне.

Экскурсiя з асламi і понi

Мяняеш працу? Мяняй краіну!

У Германіі пражыў тры з паловай гады. У Мюнстэры ў мяне з’явілася сям’я, і калі кантракт скончыўся, мы пераехалі ў Бельгію. Тут, дарэчы, я працую навуковым супрацоўнікам у кампаніі Confo Therapeutics, якая месціцца ў Брусэлі. Кампанія займаецца распрацоўкай медыкаментаў.

Больш за ўсё ўразіла лёгкасць бюракратычнай сістэмы ў параўнанні з Германіяй. Ну і кухня: лічу, што ў Бельгіі сабралі ўсё самае лепшае з усяго свету.

Што тычыцца мовы, то ў Бельгіі цалкам дастаткова англійскай. Але пакрыху вывучаю французскую, бо сорамна жыць у краіне без ведання мясцовай мовы. Ды і трэба разумець сваіх дзяцей, бо яны нарадзіліся тут і французская для іх родная.

Мон-Сэн-Гiбер

Медыцына, адукацыя, жыллё

У Бельгіі абавязковая базавая медыцынская страхоўка, але можна набраць розных опцый, якія каштуюць танна, але пакрываюць усё. Да таго ж яны часта ідуць за кошт работы. Калі патрабуецца не тэрміновая дапамога – па ўсіх пытаннях ідзём да сямейнага доктара. Калі здараецца нешта сур’ёзнае – самі едзем у шпіталь. «Хуткую дапамогу» выклікаюць толькі тады, калі ёсць пагроза жыццю. Нават калі ў цяжарнай жанчыны падыходзіць час нараджаць і яна плануе нараджаць у шпіталі, дабірацца ёй давядзецца самастойна.

У школе дзецям не дураць галовы цыклам развіцця імхоў ці інтэграламі. Школьная адукацыя – жыццёва арыентаваная.

Ва ўніверсітэтах праграма распрацоўваецца самой навучальнай установай. Студэнты самастойна выбіраюць курсы ў залежнасці ад таго, які дыплом жадаюць атрымаць. Адукацыя вельмі якасная: Бельгія знахо­дзіцца ў топ-5 у Еўропе па лёгкасці ўладкавацца на працу з вышэйшай адукацыяй. Але шмат хто атрымлівае і сярэднюю адукацыю, бо спецыяліст у сваёй справе заўсёды добра зарабляе.

Чым далей жыллё ад горада, тым лепшым яно будзе і таннейшым. За грошы, якія дазволяць наняць хіба невялічкую кватэрку ў горадзе, у вёсцы можна жыць у вялікім доме з садам. Але ў гэтым выпадку не абысціся без машыны.

Свята у школе

Адметнасці

Мы жывём у Валонскім рэгіёне, у вёсцы Мон-Сэн-Гібер. У кіламетры ад нас ёсць ферма, дзе ў Напалеона быў арсенал для бітвы пад Ватэрлоа. Літаральна на суседняй вуліцы знаходзіцца вялікі маёнтак графаў Б’ербэ з ансамблем азёраў і паркамі. Калі графы згалелі, маёнтак выкупіла адна сям’я і валодае ім ужо каля 500 гадоў.

А ў дзясятку кіламетраў ад нас – замак Сярэднявечча, адзін з тых, што найлепш захаваліся. Замак знахо­дзіцца ў маёмасці маркіза дэ Тразанье.

Адзін дзень у Бельгіі

Нашы працоўныя дні праходзяць, мусіць, так, як і ў іншых сем’ях з дзецьмі. У нашых краях звычайная практыка, калі бацька працуе ў адным горадзе, маці – у другім, у трэцім дзеці ходзяць у школу ці садок, а жывуць усе ўвогуле ў чацвертым. Так і ў нас.

Раніцай мне трэба адвезці жонку на станцыю ў іншы горад, адкуль яна цягніком едзе на працу, потым вязу дзяцей у школу і садок. А пасля еду на сваю работу. Увечары збіраю ўсіх і мы вяртаемся дадому, дзе вячэраем і рыхтуемся да наступнага дня.

Па суботах і нядзелях мы займаемся дамашнімі справамі, набываем ежу на наступны тыдзень і таксама едзем куды па Бельгіі ці – у летні час – на мора.

На ўзбярэжжы Паўночнага мора. Фота photosight.ru.

«Кожны этап жыцця павінны быць лепшым за папярэдні»

Я жыў у Беларусі, Германіі, цяпер – у Бельгіі. Каб зразумець, чым адрозніваюцца людзі, можна параўнаць краіны, якія пабудаваныя гэтымі людзьмі. Таму што краіна – гэта, перш за ўсё, насельніцтва, якое ў ёй жыве.

Беларусь я не наведваю, але ў госці да мяне прыязджаюць бацькі, родныя, сябры. У Бельгію ў падарунак яны вязуць шакалад, піва, сыры.

Я ні аб чым не сумую, бо лічу, што кожны наступны этап у жыцці павінны быць лепшым за папярэдні.

Калі гэта не атрымоўваецца, значыць, недзе я памыліўся і штосьці раблю не так. Але таксама трэба ўлічваць, што ўсё, што зараз маю і чаго дасягнуў, было б немагчыма без дапамогі маіх родных, сяброў і калег, за што ім бясконца ўдзячны.

• Текст доступен на языке: Русский