Рамонт вакзалаў у Вілейцы працягвае падкідаць мясцовым краязнаўцам цікавыя знаходкі.

Днямі жыхар горада, старшыня вілейскай суполкі «Ахова помнікаў» Дзяніс Канецкі знайшоў у зямлі цэлую шкляную бутэльку з коркам, а таксама старыя металічныя рэчы.

Віцебская бутэлька з нямецкай назвай у вілейскай зямлі

На белым корку бутэлькі захаваўся разборлівы надпіс па-руску «Левенбрей. Витебскъ». Адкуль нямецкая назва на віцебскай бутэльцы? Разбіраемся.

Піўная бутэлька. Фота забяспечанае Дзянісам Канецкім.

Як паведамляе Вікіпедыя, Löwenbräu – гэта нямецкі брэнд. З нямецкай мовы перакладаецца як «ільвіны бровар».  Прадпрыемства працавала ў Мюнхене. Першая згадка пра яго ў мюнхенскім архіве датуецца 1746 годам.

Сваёй назвай бровар абавязаны фрэсцы 17 стагоддзя. На ёй – прарок Данііл у канаве з ільвамі. Піва пад Löwenbräu у Мюнхене вырабляюць і сёння.

Фота забяспечанае Дзянісам Канецкім.

А ў 1875 годзе купец Газіас Левенсон пабудаваў бровар у Віцебску. Прадпрыемства называлася  «Баварыя».

А ў 1913 годзе Левінсон з кампаньёнамі на базе завода ўтварылі акцыянерае таварыства. Назвы яго пазычылі ў вядомага мюнхенскага вытворцы піва Löwenbräu. Вось адкуль на бутэльцы, знойдзенай у Вілейцы, узялася нямецкая назва.

Прадпрыемства ў Віцебску выпускала 330 тысяч вядзёр піва ў год. Гэта прыблізна чатыры мільёны літраў.

Пасля ўвядзення сухога закона летам 1914 года завод пераабсталявалі ў хлебапякарню і цукрасушыльню. Ад 1917 года выпускалі шыпучыя воды. У 1921 годзе вытворчасць піва на заводзе аднавілі.

На тое, што бутэльку вырабілі не пазней за 1918 год, указвае літара «ъ» у канцы слова «Витебскъ». Літара выкарыстоўвалася ў рускай мове да 1918 года ў канцы ўсіх слоў, што заканчваліся на зычны гук. Пасля рэформы гэта літара пачала выкарыстоўвацца толькі як раздзяляльны цвёрды знак. У канцы слова ёр скасавалі.

Шыльда ад скрыні Морзэ і корак ад віленскага піва

Сярод знаходак – металічная таблічка ад прыстасавання для перадачы сігналаў азбукі Морзэ. На ёй надпіс – «Русское общ. С. М. Эриксонъ и Ко. Петроградъ 1915 год» і нумар. Таварыства  «Эриксонъ и Ко» заснаванае ў Стакгольме ў канцы 19 стагоддзя. У Пецярбургу фабрыка Эрыксана  адкрылася ў 1897 годзе.

Металічны круглы прадмет з хвосцікам з надпісам «Шопенъ. Вильно»  – цэнтральная частка корка-капсуля ад піўной бутэлькі Віленскага акцыянернага таварыства піваварэння «Шопенъ».

Фота забяспечанае Дзянісам Канецкім.

Завод заснаваў віленскі купец Вільгельм Пятровіч Шапэн у 1869 годзе ў Вільні.

– Днямі яшчэ збіраюся пашукаць нешта на месцы рамонту. Але ўсё самае цікавае, відаць, ужо пад асфальтам, – падзяліўся з карэспандэнтам «Рэгіянальнай газеты» Дзяніс Канецкі.

• Текст доступен на языке: Русский