Мост, на якім адбылося здарэнне. Фота Gorod214.by.

Здарэнне адбылося 8 кастрычніка.

Увечары жыхар Полацка Віктар М. зайшоў на мост, які ў панядзелак закрылі на рамонт, пералез праз парэнчы і закурыў, піша «Наша Ніва». На мосце знаходзілася група школьнікаў. Падлеткі пачалі здымаць паводзіны мужчыны на відэа. Мужчына блытана патлумачыў, маўляў, «унізе яго дачка», пасля чаго скокнуў у ваду.

М. застаўся жывы. Цяпер ён знаходзіцца ў мясцовай бальніцы.

Што стала прычынай учынку, невядома. Ходзяць чуткі, што на такі крок мужчыну сапраўды падштурхнулі сямейныя праблемы. Тым больш, ён крычаў пра дачку, якая нібыта плавала ўнізе.

Але ж трэнер Уладзімір Куц, які выцягнуў мужчыну з вады, паведаміў, што дачкі мужчыны ў вадзе не было:

«Ішла трэніроўка, мае дзеці плавалі. Я раптам пачуў крык, паглядзеў, што з маіх ніхто не перакуліўся. Бачу, ляжыць чалавек на вадзе. Падплыў на катары, узяў яго за руку, пасадзіў у катар.

Я пагаварыў з ім, акуратна — бо ён пагражаў, што яшчэ раз можа скочыць. Плюс у яго былі ўскрытыя вены, вельмі моцна парэзаныя, кроў цякла… Ён мне сказаў «Вязі мяне ў псіхушку!».

Я асцярожна з ім пагаварыў, пасадзіў у катар, давёз да берага. Там ужо пад’ехалі з МНС, хуткая, міліцыя.

Увогуле, мужчына скочыў удала — можа згубіў на кароткі час прытомнасць ад удара аб ваду, і ўсё. Але нічога не зламаў, здаецца. Цяпер ён у хірургіі праз парэзаныя рукі».

Медыкі выявілі ў мужчыны агульнае пераахаладжэнне, удар грудной клеткі, рэзаныя раны левага перадплечча, паведамляе Gorod214. Мужчына быў п’яным. Зараз палачанін ў свядомасці і знаходзіцца ў рэанімацыі. Раней ён рабіў спробы суіцыду. Полацкі РАУС праводзіць праверку.

• Текст доступен на языке: Русский