Ігар Палынскі займаецца музыкай дзесяць гадоў. Ён тэхнічны рэдактар і ка­рэспандэнт «Рэгіянальнай газеты». З нагоды 10-годдзя яго гурта Sumarok Ігар распавядае, як сумяшчаць музыку і журналістыку, як стаць беларускамоўным там, дзе практычна ўсе гавораць на рускай мове, і як пераехаць у Маладзечна, каб знайсці сябе.

Навучыўся іграць, каб стварыць гурт

Музыка ў дзяцінстве Ігара з’явілася дастаткова рана. Ён расказвае, што ў бацькоў заўсёды былі ў доме касеты і пласцінкі. На яго паўплывала музыка розных накірункаў. Гэта і АВВА, выступленне якой ён убачыў па тэлевізары, і рускі рок – «Наўцілус», Цой… А ў 2007 годзе ў жыцці хлопца з’явіліся «Начныя Снайперы». Тады ён зразумеў, што менавіта гэта музыка – яго музыка.

Полацк, 2011 год

– Калі мне было гадоў 13, бацька паказаў пару акордаў на гітары. Праўда, сапраўдная любоў да інструмента з’явілася пазней, – расказвае Ігар.

У 2008-м Ігар і яго школьныя сябры нярэдка праводзілі час на полацкіх рок-канцэртах – яны ладзіліся даволі часта. Асабліва падабаліся по­лацкія гурты Indra і «Версія». Хлопцы нагля­дзеліся на музыкантаў і зразумелі, што таксама хочуць на сцэну. Тады ўзмоцнена пачалі вучыцца іграць на гітарах. У дзяцінстве Ігар займаўся вакалам у школьным гуртку, таму пытання, хто будзе вакалістам будучага гурта, не стаяла. Да таго хлопец пісаў вершы, і падавалася, што пакласці іх на музыку не стане праблемай.

Першы канцэрт і тры назвы гурта

На першую рэпетыцыю  Ігар  і  гітарыст  Антон  Іваноў  сабраліся ­­ 2 чэр­веня 2009 года – гэту дату лічаць днём нараджэння гурта, сёння вядомага як Sumarok. Нанялі студыю, прынеслі гітару, спрабавалі зразумець, што і як робяць сапраўдныя музыканты.

– Пасля той «рэпетыцыі» зразумелі, што практычна нічога не ўмеем, – усміхаецца Ігар. – Пачалі шукаць музыкантаў: неўзабаве з’явіліся яшчэ адзін гітарыст, басіст і барабаншчык. І сталі рыхтаваць праграму.

Полацк, 2012 год

Першы канцэрт у гурта адбыўся ў жніўні таго ж года.

– У Полацку традыцыйна рабілі вечары памяці Віктара Цоя. У 2009-м такі канцэрт мы зладзілі самі. Не ўсё прайшло гладка, але гэта была тусоўка. Мы пазнаёміліся з мноствам музыкантаў, журналістаў і, канешне, атрымалі бясцэнны досвед.

Спачатку гурт Ігара называўся Silence – «цішыня» па-англійску. «Гэта была насмешка з сябе», – кажа Ігар. Калі рыхтаваліся да першага канцэрта, жартавалі, што выйдуць на сцэну і будуць маўчаць, бо не дужа дасканала валодалі інструментамі. Але імпрэза атрымалася гучнай, і пасля яе перайменаваліся ў «Горад N». А праз пяць гадоў яшчэ раз змянілі назву на Sumarok.

Мінск, 2012 год

– У нас былі песні на беларускай і рускай мовах. І мы зразумелі, што назва павінна быць, так бы мовіць, універсальнай, каб не ўзнікала розначытанняў. І якраз пачуў песню Дзіяны Арбенінай пад назвай Sumarok – яна спявалася на прыдуманай мове. Слова так на душу паклалася, спадабалася мелодыкай свайго гучання. У гэтага слова няма канкрэтнага вызначэння. Таму я заўсёды кажу, што кожны, хто паслухае нашы песні, зможа вырашыць, што яно значыць.

Анлайн-канцэрты – новы фармат, які мае права існаваць

У Полацку ў 90-я і нулявыя быў моцны рокерскі рух. Існавала шмат калектываў, якія актыўна выступалі. З цягам часу ўсё пайшло на спад. Па словах Ігара, цяпер стала менш гуртоў. Пакаленне, якое тусавалася ў той час, ужо вырасла, у іх сем’і, дзеці…

Ігар кажа, што мясцовыя гурты сталі арыентавацца на сталічнага або замежнага слухача, у меншай ступені – на Полацк:

– Музыканты, напэўна, справядліва падумалі: навошта збіраць у Полацку 30 чалавек, калі можна сабраць 300 у Мінску. Гэта лагічная гісторыя ў плане маркетынгу. Але для мяне гэта непрымальна. Ведаю, што буду вяртацца ў Полацк і спяваць для Полацка, дзе б ні быў.

Мінск, 2017 год

Да таго ёсць шмат лю­дзей, якія не вельмі хочуць хадзіць на канцэрты. Выступленні любых музыкантаў сёння можна свабодна пагля­дзець на YouTube. Але, кажа Ігар, музыкантам трэба нешта есці, абнаўляць музычныя інструменты. І з’явілася каманда людзей, якія супаставілі абодва факты і вырашылі зрабіць пляцоўку, дзе музыканты могуць іграць канцэрты анлайн і прадаваць на іх білеты.

– Хлопцы прапанавалі мне пасупрацоўнічаць. Мы зробім канцэрт га­дзіны на паўтары. Буду спяваць шмат старых песень і новыя. Гэты КАНЦЭРТ АДБУДЗЕЦЦА 26 кастрычніка. Там са мной можна будзе паразмаўляць анлайн, задаваць пытанні, нават заказваць песні, – кажа Ігар. – А білет на доступ да трансляцыі каштуе зусім сімвалічныя грошы.

Афіша анлайн-канцэрта да 10-годдзя гурта Sumarok

На думку Палынскага, гэты фармат мае права на жыццё: пэўны працэнт забірае платформа, астатняе атрымліваюць музыканты. Для Ігара канцэрт сімвалічны – ён будзе прысвечаны дзесяцігоддзю гурта Sumarok.

«Стала сорамна, што не магу размаўляць па-беларуску»

Ігар пачаў размаўляць па-беларуску ў 2012 годзе. Хоць у школьныя гады ён быў алімпіяднікам па рускай мове, меў міжнародныя дыпломы, да беларускай ставіўся з інтарэсам:

– Дзе можна было пачуць беларускую мову ў Полацку ў пачатку 2010-х? Амаль што нідзе. Але ў той час я пазнаёміўся са студэнтамі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, якія спявалі ў фальклорным гурце «Варган». Яны размаўлялі па-беларуску, і мне стала сорамна, што я так не магу.

Германавічы, 2016 год

Хоць на той момант у гурта ўжо былі песні, напісаныя па-беларуску, той час стаў пераломным. Сёння па-руску Ігар амаль не піша.

Музыкант лічыць, што ў Беларусі шмат людзей, якія любяць і могуць размаўляць па-беларуску. І калі яны будуць размаўляюць на беларускай мове не толькі на ўласных кухнях, але і ў грамадскіх месцах, стан мовы зменіцца ў лепшы бок.

– Мова – гэта сродак камунікацыі. Я ўжо гадоў пяць не чую гэтага «гавары нармальна». Усе не толькі ра­зумеюць, але і імкнуцца адказваць па-беларуску.

Музыкант, журналіст, муж і бацька

Значная частка беларускіх музыкантаў займаецца нечым, акрамя музыкі. Некаторыя людзі, і музыканты гурта Sumarok у тым ліку, пераставалі займацца музыкай, бо не мелі на яе часу, а былі заклапочаныя пытаннем заробку грошай. Сталічныя гурты ў гэтым плане больш стабільныя, кажа Ігар.

Маладзечна, 2018 год

Яго сродак да існавання – журналістыка. Ад 18 гадоў Ігар працаваў у полацкай раённай газеце. Спачатку быў аператарам набору, а потым стаў карэспандэнтам. На мясцовае тэлебачанне пайшоў працаваць, калі яму стала цесна ў фармаце дзяржаўнага выдання:

– На «целеку» ў мяне быў абсалютны выбар у плане тэм, якія я хачу асвятляць. Карыстаўся гэтым: браў культуру, грамадства – і, канешне, імкнуўся рабіць як мага больш сюжэтаў па-беларуску.

Падчас запісу дэбютнага альбому «Мінор», 2015 год. Музыкі гурта Павел Малюжанец і Ціхан Зінкевіч.

Паралельна Ігар завочна скончыў Інстытут журналістыкі БДУ.

У 2018-м ён пераехаў на Маладзечаншчыну і пачаў працаваць у «Рэгіянальнай газеце». Прызнаецца, што было цяжка з’ехаць з Полацка, але не пашкадаваў.

З «РГ» яго пазнаёміла жонка Дар’я. Яна часам пісала ў газету, займалася ў Школе маладога журналіста.

Полацк, 2012 год

– Мы сустрэліся з Даркай у 2012 годзе, яна родам з Краснага, у Полацк прыехала вучыцца. Дарка была беларускамоўнай ужо тады, калі мы сустрэліся. І – вельмі музычнай: іграла на піяніна і аргане. Мы ўзялі шлюб праз два месяцы пасля знаёмства!

Ігар кажа, што ім з жонкай у цэлым падабаецца музыка аднаго кірунку, але іх падыход да музыкі зусім розны. Дарка – больш акадэмічны музыкант, а Ігар можа зрабіць канцэртную праграму за тры дні.

У сям’і Палынскіх двое дзяцей: старэйшы Ян і малодшая Міраслава. Ігар спадзяецца, што яны вырастуць неабыякавымі да музыкі.

Піцер, 2015 год. На канцэрт з Ігарам паехала і жонка Дар’я

Бліц-апытанка

– Самы ўплывовы рок-музыкант Беларусі?

– Лявон Вольскі. Я не люблю займацца іканатворчасцю, але ён мастадонт беларускага року. Нават каб не было Лявона Вольскага, ён мусіў бы з’явіцца.

– Журналістыка ці музыка?

– Сімбіёз. Шмат музыкантаў кажуць, што яны працуюць, каб зарабляць на музыку. Я кайфую ад усяго, чым займаюся: і ад журналістыкі, і ад музыкі. Іначай бы не займаўся 🙂

– Queen ці Майкл Джэксан?

– Queen, хоць Майкл таксама вельмі круты. Але каб у мяне папрасілі выбраць паміж Арбенінай і Сурганавай, я не адказаў бы 🙂

– Што сказаў бы ты Арбенінай, калі б яна зараз сядзела перад табой?

– «Давайце зробім нешта разам, Дзіяна Сяргееўна. Запішам песню па-беларуску, напрыклад».

Запісы Sumarok робіць пераважна на хатніх студыях: так больш атмасферна, сцвярджаюць музыкі

• Текст доступен на языке: Русский