На 86-м годзе жыцця памёр савецкі касманаўт Аляксей Лявонаў. Пра гэта паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на прэс-службу Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў.

Аляксей Лявонаў быў першым чалавекам, які выйшаў у адкрыты космас. Гэта было ў сакавіку 1965.

А вы ведаеце, як касманаўт звязаны з Вілейкай?

Пра гэта «Рэгіянальнай газеце» расказала старшы навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея Вольга Коласава:

– У канцы 1970-х у Сосенцы па парадзе Пятра Машэрава набыў сабе лецішча народны мастак СССР Андрэй Сакалоў. Лецішча стала яго майстэрняй.

Мастак шмат маляваў на тэму космаса. У Вілейскім краязнаўчым музеі ёсць яго карціна «Над Аралам». Сакалоў сябраваў са шматлікімі касманаўтамі, якія распавядалі яму пра космас.

Па словах Вольгі Аляксандраўны, Андрэй Сакалоў ад 1965 года працаваў у садружнасці з Аляксеем Лявонавым.

Лявонаў і сам вядомы як мастак. Ад канца 1960-х разам з Сакаловым яны выпускалі калекцыі марак на касмічную тэму.

 

• Текст доступен на языке: Русский