Як жанчыне сумяшчаць сямейныя клопаты і грамадскую дзейнасць? З якімі цяжкасцямі сутыкаецца жанчына, калі яна лідар? На гэтыя і іншыя пытанні адказалі ўдзельнікі круглага стала «Жаночае лідарства». Мерапрыемства ладзілі 4 кастрычніка ў рэдакцыі «Рэгіянальнай газеты».

У абмеркаванні ўдзельнічалі старшыня маладзечанскай украінскай суполкі «Краяны» Ясенія Мікуліч, педагог-арганізатар Маладзечанскага музкаледжа імя Агінскага, сябра Фонду Агінскага Алеся Каролік, заснавальнік аб’яднання бацькоў «Бумеранг дабра» ў Маладзечне Вольга Юргевіч, прадстаўніца грамадскага аб’яднання «Некст Стоп – Нью Лайф» Ірына Тархан.

Вяла круглы стол журналіст Аксана Ярашонак.

Аксана Ярашонак:

– Раскажыце пра сваю грамадскую дзейнасць і крыху пра сябе ў ёй.

Ясенія Мікуліч:

– Я старшыня «Краянаў» – украінскай суполкі ў Маладзечне. У суполцы – 47 чалавек. Мы папулярызуем украінскую культуру. Запусцілі бясплатныя курсы ўкраінскай мовы ў Маладзечне. Першы раз прыйшло каля 20 чалавек.

Ясенія Мікуліч.

Мне цікавая ўкраінская культура і песні. Сама маю ўкраінскія карані. Шмат спяваю на розных мерапрыемствах песень па-ўкраінску, руску, беларуску. Амаль штогод ездзім на фестываль нацыянальных культур у Гродна. «Краяны» ідуць і едуць усюды, дзе іх запрашаюць. Можам самі цалкам скласці і правесці канцэрт. Цяпер у нас у суполцы з’явіліся новыя людзі. Яны ў сталым узросце і цудоўна спяваюць па-ўкраінску. Хочацца, каб пра іх у горадзе больш даведаліся.

Сама я маю чацвярых дзяцей і ўжо бабуля. Працую рабочай на дрэваапрацоўчым заводзе ў Чысці 15 гадоў, але сёлета паступіла вучыцца ў эканамічны ўніверсітэт.

Алеся Каролік:

– Працую ў музычным каледжы педагогам-арганізатарам, а яшчэ ў нас ёсць фонд імя Агінскага. Займаюся моладзевымі праектамі па праграме «Эразмус Плюс». Моладзь шасці краін прыязджае да нас у каледж. На працягу тыдня мы сустракаемся, абмяркоўваем розныя тэмы.

Алеся Каролік.

Калі казаць пра актывізм, тут усё, што звязанае з беларускай мовай і беларускай культурай. Сёння гэта вельмі актуальна. Сябруем з кампаніяй «Будзьма беларусамі», электроннай бібліятэкай «Камунікат». У маёй дзейнасці мне вельмі пашанцавала з кіраўніком. Рыгор Сарока – сапраўдны сумленны беларус.

Я прыйшла ў каледж у 2016 годзе. Калі сказала пра супрацоўніцтва з «Будзьмай», некаторыя ў калектыве казалі, што гэта ж нейкая апазіцыя. А цяпер прыемна, што на педагагічных нарадах прыгадваюць пра наша супрацоўніцтва і кажуць, што мы робім добрую справу.

Вольга Юргевіч:

Наша аб’яднанне ініцыятыўных бацькоў «Бумеранг дабра» ўзнікла з суполкі ў сацсетках. Мы аб’ядналіся для дапамогі дзецям і бацькам, якія маюць у гэтым патрэбу. Наша некамерцыйная арганізацыя ўзнікла сёлета ў красавіку. Зразумелі, што ў горадзе шмат неабыякавых людзей, якія гатовыя аб’ядноўвацца і дапамагаць.

Ясенія Мікуліч, Алеся Каролік, Вольга Юргевіч.

За паўгода мы дапамаглі грашыма і рэчамі дзевяці сем’ям, зладзілі дзве дабрачынныя трэніроўкі ў гарадскім парку. Правялі два вялікія зборы рэчаў. Усім горадам збіралі цацкі, канцылярыю, гігіенічныя сродкі, а потым адвезлі іх у медустановы, перадалі дзецям, зладзіўшы пры гэтым забаўляльную праграму.

Каб далучыць людзей да дабрачыннасці, ладзім майстар-класы.

12 кастрычніка ў нас пройдзе семінар для мам.

Узяліся за новы для нашага горада праект «Бальнічны клоўн». За мяжой нават ёсць такая прафесія. А ў нас пакуль ініцыятыва ўспрымаецца насцярожана. Былі пэўныя перашкоды, але ўсё ж нам дазволілі. Хутка будзе трэнінг, дзе валанцёраў навучаць бальнічнай клаўнадзе.

Ірына Тархан:

– Прадстаўляю рэспубліканскую грамадскую арганізацыю «Некст Стоп – Нью Лайф». Займаемся урбаністыкай, наш праект – «Вуліца стрыт фуда». Ладзім таксама інклюзіўныя праекты. Напрыклад, праект «Супергерой» для сямей, якія гадуюць дзяцей з інваліднасцю.

Ірына Тархан.

Мая ініцыятыва – гэта «Наш двор». Я аб’яднала жыхароў пяці шматкватэрных дамоў. Разам мы аднаўляем традыцыі двара, праводзім святы.

13 кастрычніка ў нашым двары будзе восеньскае свята ўраджаю «Яблычны пірог».

Самае першае свята – Масленіца – сабрала каля 60 чалавек. Ладзілі мерапрыемствы двара і да Дня абароны дзяцей, і да Дня ведаў. 2 верасня да нашага свята ўжо далучылася чалавек сто.

Ладзім таксама і суботнікі. У двары з’явіліся новыя лавачкі і прыгожыя шпакоўні. Інфармацыю пра свае актыўнасці размяшчаем у сацыяльных сетках і ў «Рэгіянальнай газеце».

Аксана Ярашонак: Што ў вашым разуменні «жанчына-лідар» і ці лічыце вы лідарам сябе?

Ясенія Мікуліч:

– Канешне, я лічу сябе лідарам. Я ж мама чацвярых дзяцей. А гэта таксама лідарства. Я імкнуся да лідарства. Гэта – маё. Побач са мной добрыя людзі. І я па магчымасці заўсёды дапамагу і падтрымаю.

Алеся Каролік:

– Для мяне жанчына лідар – гэта моцная асоба, якая давядзе сваю думку. Людзі пачуюць яе і пойдуць за ёй. І пры гэтым яна не ператворыцца ў сцярвозную цётку. Пра сябе я не стараюся казаць, што я лідар. Для мяне гэта вельмі адказны статус. Да таго ж у нашым грамадстве жанчыны-лідары часам сутыкаюцца з мужчынамі, якія не любяць жанчын лідараў. Але калі я нешта раблю і людзі мяне слухаць, то , напэўна, я – лідар.

Вольга Юргевіч:

– Сябе я да лідараў не адношу, бо сарамлівая. Проста я раблю тое, што лічу правільным і патрэбным.

Часам я баюся пайсці ў нейкі кабінет у райвыканкам. Але іду, хоць нервуюся і хвалююся.

Бо ведаю, што гэта неабходна і прынясе некаму карысць. Для мяне жанчына-лідар – гэта чалавек з моцным характарам, харызматычная, амбіцыйная. Гэтыя якасці не залежаць ад полу і аднолькава могуць быць уласцівыя як мужчынам, так і жанчынам.

Ірына Тархан:

– Не магу сказаць, што я – лідар. Думаю, што я і лідарства – рэчы несумяшчальныя.

АЯ: Але ж вы змаглі арганізаваць сто чалавек.

Ірына Тархан:

– Сама ў шоку.

Лічу, што жанчына, нават калі яна лідар, наўрад ці зробіць нешта адна. Абавязкова павінны быць нехта, хто падтрымае: муж, сусед, сяброўка. Мне пашанцавала. У мяне, напрыклад, ёсць суседка, з якой мы на адной хвалі. Ёсць і сусед, у якога я пытаюся: «Андрэй, зробім?». І ён адказвае «Зробім!».

Я ведаю, што ў мяне ёсць апора, і гэта дапамагае. А яшчэ ўсё, што я раблю па праектах, я раблю, перш за ўсё, для сваіх дзяцей.

Калі казаць пра ініцыятыву «Наш двор», то тут прыклад з уласнага дзяцінства. Прыгадваю, як мой бацька заўсёды мог арганізаваць жанчын-суседак, напрыклад, зрабіць грады ў двары. І сёння жыхары двара згадваюць бацьку добрым словам.

Аксана Ярашонак.

АЯ: Як сёння ў нашым грамадстве ставяцца да жанчыны-лідара?

Ясенія Мікуліч:

– У грамадстве не заўсёды гатовыя даць жанчыне быць лідарам. Нас часта лічаць слабымі. Хацелася б больш разумення, каб не баяцца зайсці ў кабінет.

Гэта добра, калі ў нас ёсць жаданне адчуваць сябе і жанчынай, і лідарам, і мамай, і бабуляй.

АЯ: Як вас у «Краянах» успрымаюць як кіраўніка.

Ясенія Мікуліч:

– Вельмі добра. Хоць адразу я хвалявалася, але цяпер не шкадую, што прыняла кіраўніцтва. Раней быў кіраўніком мужчына, Леанід Лысакабылка. Цяпер ён вельмі дапамагае мне, вучыць украінскай мове.

Алеся Каролік:

– Час рухаецца. І ва ўспрыманні жанчыны-лідара ёсць станоўчыя змены. Людзі шмат вучацца, удзельнічаюць у семінарах. Многія пачынаюць разумець, што жанчына павінна не толькі стаяць ля пліты і гадаваць дзяцей. На працы некаторыя не заўсёды ўспрымаюць мяне як лідара. Але гэта дакладна не пра дырэктара. Рыгор Сарока – малайчына. Ён сам вельмі моцны лідар. Сваім лідарствам натхняе і падштурхоўвае мяне да спраў.

Вольга Юргевіч:

– Мне шанцавала. А можа, я проста не звяртала ўвагі на тое, што жанчыну-лідара ўспрымаюць неяк не так. Рабіла патрэбную справу і ўсё. Ёсць крыху іншая праблема. Калі прыходзіш у нейкі кабінет і цябе там не ведаюць, могуць не паслухаць. Калі заручышся падтрымкай уплывовага чалавека, тады ўсё лепш атрымоўваецца.

Ірына Тархан:

– Што б грамадства ні казала, але калі знаёмішся з іншымі актывістамі, бачыш трох мужчын з дваццаці чалавек.

Я шмат езджу на семінары і бачу гэта. Можна зрабіць выснову: хто, калі не жанчына?

Алеся Каролік:

– Але ж калі паглядзець на кіраўнікоў, на дэпутацкі корпус, то тут амаль усе мужчыны. Напрыклад, у нас у каледжы – большасць мужчын у кіраўніцтве. Прэзідэнцкі апарат – таксама.

Ірына Тархан:

– Але звярніце ўвагу. Калі мы вучыліся ў школе, дырэктарамі былі пераважна мужчыны. А цяпер – наадварот. Гэта жанчыны. І яны робяць важныя канкрэтныя крокі для горада. І яшчэ паглядзіце, хто звычайна ў бацькоўскім камітэце? Мамы.

Алеся Каролік:

– Так. Але гэта дробныя структуры.

Ясенія Мікуліч:

– Так, дробныя. Толькі справы робяць вялікія.

Ірына Тархан:

– І самае складанае тое, што жанчыне, хоць яна і лідар, даводзіцца стукацца ў кабінеты да мужчын, якія на высокіх пасадах. Заўважыла таксама і тое, што мужчына часцей заўважыць у жанчыне лідарскія якасці і будзе яе за гэта паважаць. А вось жанчына можа нават раўнаваць.

Аксана Ярашонак: Як вы сумяшчаеце сям’ю і грамадскую дзейнасць?

Ясенія Мікуліч:

– Я даўно ў музыцы. З тых часоў, калі дзеці былі маленькія. Тады гадавала іх адна. Але знаходзіла час збегаць на хор. Я згатую есці, пабягу спяваць, а яны ўчацвярых мяне чакаюць дома. Прыбягаю дамоў, пасля на працу. Дзяцей – некага ў садок, некага ў школу. Спевы мне даюць жыццё. Рада, што дзеці мяне падтрымліваюць. Тры дачкі скончылі музычную школу, сын навучыўся сам іграць на гітары. Я ўсім дала адукацыю. Часам нават сама сабе здзіўляюся. Муж таксама мяне падтрымлівае.

Толькі кажа, што калі я яшчэ пачну займацца танцамі, то ён не пацягне гэта.

На працы мяне падтрымлівае мой дырэктар. Заўсёды адпускае на канцэрты. Падтрымлівае дзейнасць «Краянаў» і кіраўніцтва Маладзечанскага райвыканкама.

Алеся Каролік:

– Мне прасцей, чым іншым. Бо сям’і пакуль няма. Часам думаю, ці пацягну я ўсё, калі з’явіцца сям’я.

Але паглядзіш на такіх жанчын, як Ясенія, – і разумееш, што ўсё магчыма.

Ёсць выхадныя дні, калі сустракаюся з сябрамі. Сябры – гэты мае аднадумцы, мы ў адной дзейнасці. Таму часам не размяжуеш, дзе праца, а дзе адпачынак.

Вольга Юргевіч:

– Працуем разам з мужам. Вось цяпер я ў вас, а ён за мяне працуе. Калі ты займаешся грамадскай дзейнасцю, трэба, каб побач быў чалавек, які цябе падтрымлівае. Звычайна гэта муж.

Муж адной сяброўкі вязе рэчы ў бальніцу, муж іншай церпіць, што адзін пакой у кватэры цалкам завалены сабранымі рэчамі.

Ірына Тархан:

– Сумяшчаць, канешне, нялёгка. Часам прыходзіцца з’язджаць на некалькі дзён, часам позна вяртаюся. Але стараюся хоць кніжку сыну перад сном пачытаць. 15-гадовая дачка ўжо са мной у праектах. Дапамагаюць муж і мама.

АЯ: Што вы можаце сказаць у падвядзенне вынікаў?

Ясенія Мікуліч:

– Дзякуй, што запрасілі і паднялі такую важную тэму. Рада новым знаёмствам.

Алеся Каролік:

– Класна, што сабралі людзей з розных сфер. Часам падаецца, што я адна нешта хачу рабіць. Думаеш, ці трэба гэта. А на такіх мерапрыемствах бачыш, што ёсць яшчэ такія ж людзі. І разумееш, што ўсё робіш правільна.

Вольга Юргевіч:

– Добра, што мы сабраліся. Бачу, што можам зрабіць нешта агульнае. Добра, што тэму жаночага лідарства паднялі ў Маладзечне.

Ірына Тархан:

– Часам апускаюцца рукі, не хочацца нічога рабіць. Тады важна наведаць падобныя сустрэчы, семінары. І зноў з’яўляюцца крылы. Адным пяром у маім крыле была Воля Юргевіч. Я пабачыла, што яна робіць, і падумала: чаму я не змагу?

Некалькі год марыла пра ініцыятыву «Наш двор». Але думала: ці варта? Пасля пазнаёмілася з людзьмі, якія займаюцца тым самым у іншых краінах. Зразумела, што і я змагу.

• Текст доступен на языке: Русский