Фота lifeandart.ru

Шматдзетная жанчына не атрымае ордэн Маці, калі не дась згоды на тое, каб выканкам высвятляў, ці з’яўляюцца яе дзеці ўсыноўленымі (удачароннымі).

Адпаведнае рашэнне ўтрымліваецца ва Указе Прэзідэнта ад 3 кастрычніка 2019 года № 365, які ўступіў у сілу 6 кастрычніка. Як сказана ў дакуменце, мясцовы выканаўчы і распарадчы орган, які вырашыў хадайнічаць аб узнагароджанні шматдзетнай жанчыны ордэнам Маці, мае права самастойна запытваць і атрымліваць у дзяржорганаў усе дакументы і звесткі, неабходныя для прыняцця гэтага рашэння.

Разам з тым інфармацыя пра тое, ці з’яўляецца дзіця усыноўленым (удачаронным), запытваецца толькі з згоды шматдзетнай маці, якая падлягае ўзнагароджанню ордэнам Маці, і бацькі дзіцяці, адзначаецца ва ўказе № 365.

Калі бацькі не дадуць такой згоды, то чыноўнікі не маюць права хадайнічаць перад прэзідэнтам аб узнагароджанні жанчыны ордэнам Маці.

У ліпені 2019 года Лукашэнка ўжо мяняў правілы ўзнагароджання шматдзетных маці. У прыватнасці, тады вырашылі, што ўзнагароду не атрымаюць жанчыны, якія не маюць беларускага грамадзянства, а таксама тыя з іх, якія неналежным чынам выконваюць свае абавязкі па выхаванні і ўтрыманні дзяцей.

Ордэнам Маці з 1996 года ўзнагароджваюцца жанчыны, якія нарадзілі і выхавалі пяць і больш дзяцей.

• Текст доступен на языке: Русский