Фота svaboda.org.

Чалавек і дзяржаўны дзеяч, нават калі афіцыйна не пры справе, якім паўстаў перада мной і якім уяўляю сабе. Што галоўнае ў гэтай інтэлектуальнай глыбе, чалавеку энцыклапедычных ведаў. Чаму ён прысвяціў жыццё, да чаго рыхтаваўся?

Асабістай славы прагне чалавек, якому не хапіла ў дзяцінстве цяпла ў бацькоўскім доме. Дзіця, якое вырасла ў добрай сям’і, ставіць перад сабой іншыя мэты.

Ганаруся тым, што маю гонар пісаць пра яго.

Першае знаёмства

1989 год. Я, сябра камісіі па падрыхтоўцы закона “Аб мовах”, яры камуніст і інтэрнацыяналіст, з абурэннем слухаю яго выступленне і заклікі да адраджэння беларускай мовы. Навошта, чаго нам яшчэ не хапае ў жыцці? І хто гэта кажа – сакратар Мінскага гаркама партыі па ідэалогіі!

1990 год. Мы абодва дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР 12 склікання. На пасяджэнні камісіі ВС па міжнародных справах абмяркоўваецца кандыдатура Краўчанкі на пасаду міністра замежных спраў БССР.

Я – супраць. І не адзін я. Аргументаў ніякіх, адны эмоцыі – “продажный аппаратчик”. “Какая Беларусь, мы граждане СССР”… Ды і якія мы, у асноўнай сваёй масе, былі палітыкі?

На наступны дзень Пётр Кузьміч падышоў да мяне, падзякаваў за шчырае выступленне, спакойна і вельмі пераканаўча пачаў тлумачыць сваё разуменне інтэрнацыяналізму, патрыятызму, значэнне гістарычнага шанца для нашага народа стаць роўным іншым народам і краінам.

Гэта была першая размова з Пятром Кузьмічом, падчас якой я адчуў маштаб гэтай асобы.

У тыя гады мы, на жаль, рэдка з ім размаўлялі і бачыліся. Толькі з часам я даведаўся пра тую тытанічную ношу, якую ўзваліў на сябе – давесці да свядомасці ўсяго свету, што ёсць такая дзяржава Беларусь і яе народ, што зрабіў свой унёсак у развіццё чалавецтва.

Мы – не з Расіі

Усведамленне маштабу і значэння гэтай работы пачало прыходзіць пазней і на канкрэтных прыкладах.

Лістапад 1993 года. Парламенцкая дэлегацыя ВС Беларусі, і я ў яе складзе, мы ў мэджлісе Турцыі. У камісіі па ваенных справах нам доўга расказваюць пра сяброўства Турцыі і Расіі. Мы тлумачым, што мы не з Расіі, мы з Беларусі. Здзіўленыя гаспадары просяць паказаць на карце, дзе гэта дзяржава, і распавесці пра яе.

Люты 1994 года. Дэлегацыя камісіі ВС Беларусі па міжнародных справах наведвае Украінскую Раду.

Старшыня камісіі па міжнародных справах Рады са смуткам кажа нам “… вось каб нам такога міністра замежных спраў, як ваш Краўчанка, а то Украіну ведаюць у свеце толькі таму, што ў нас ёсць кіеўскае “Дынама”.

Вельмі рэдкія сустрэчы па некалькі гадзін раз на некалькі год, можу, таму яны так запомніліся. Калі быў паслом Беларусі ў Японіі, Пётр Кузьміч у адзін з адпачынкаў прыехаў з сынам Пятром на нашу Барысаўшчыну, і мы паехалі ў грыбы на маю малую радзіму. Месцы цудоўныя, пейзажы, што заўсёды шчымяць душу.

Хаця я там не жыў, а толькі нарадзіўся, ды ў час блакад партызанскай зоны цягалі мяне па лясных зямлянках, ратуючы ад смерці, як і тысячы іншых дзяцей ваенных гадоў. Расказваю яму, а Пётр Кузьміч – гэта генетычная памяць, значыць, твае продкі шмат пакаленняў жылі ў гэтых месцах. І ўсё нібыта стала на свае месцы.

Там жа ў лесе, на месцы спаленай і не адроджанай вёсачкі Калянішча, дзе засталіся толькі падмуркі ды зараснікі шыпшыны, Пётр Кузьміч у запале крыкнуў сыну: “Пётр, хутчэй сюды, вось ён, сімвал нашай Радзімы, яе гісторыі і лёсу” і прачытаў верш Дубоўкі “Беларусь мая – шыпшына, Зялёны ліст, чырвоны цвет…”

Мяне гэта хвіліна ўразіла. Я дзясяткі разоў быў на гэтым месцы, ведаў лёс гэтай і іншых такіх жа вёсак, ведаў цяжкую і горкую долю сваякоў і землякоў, але мне ў галаву не прыходзіла звязаць гэты кавалак зямлі з гісторыяй свайго народа.

Аднойчы, у годзе 1995-м, мы ехалі з ім з Маладзечна ў Мінск. І літаральна на кожным кіламетры дарогі, ля кожнай вёскі Пятру Кузьмічу было што расказаць пра людзей, якія тут калісьці жылі.

Роднасць душ

Мяне заўсёды ўражвала кола яго знаёмых. Іх цяжка акрэсліць па прафесійнай прыкмеце, не кажучы ўжо пра імёны і прозвішчы. З усімі Пётр Кузьміч размаўляў на роўных, з усімі яму было цікава.

На 50-годдзі Пятра Кузьміча я пазнаёміўся з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі Беларусі, у прыватнасці з Тамарай Кіршчынай. Былі запрошаныя з жонкай на яе творчую выставу, пабывалі разам з ёй у майстэрні Аляксандра Кішчанкі. Сама ўрачыстасць праходзіла не ў рэстаране, а ў будынку ўніверсітэта, што падкрэсліла блізкасць юбіляра да культуры і навукі Беларусі. Яго любоў да культуры, пастаянная зацікаўленасць да яе здзіўлялі.

Тэлефануе мне з Японіі, кажа, што такога і такога чысла будзе прэзентацыя “Новай Зямлі” Якуба Коласа, ілюстраваная Шаранговічам, у гістарычным музеі Мінска, абавязкова пабывай.

Ёсць такое паняцце – роднасць душ. Гэта цяжка сфармуляваць, у кожнага яна свая. Мне падаецца, што з Пятром Кузьмічом я знаёмы ўсё жыццё, усё жыццё ішоў з ім побач. Гэта думка асяніла мяне, калі прачытаў старонкі яго ўспамінаў пра Вільню. Адкрыццё Вільні ў 1966 годзе мяне проста ўзрушыла.

Я пабачыў іншы свет, у якім пасля часта бываў. Да свайго сораму, тады я яшчэ не ведаў месца і значэнне Вільні ў гісторыі нашага народа, яго дзяржаўнасці. Проста хадзіў, глядзеў, дыхаў горадам.

З таго часу шмат дзе быў і што бачыў, але Вільня – як першае каханне, на ўсё жыццё.

Вільня.

А яшчэ – Прага. Аказваецца, у Пятра Кузьміча таксама асаблівыя пачуцці да гэтых гарадоў.

Краўчанка ніколі не наракаў на лёс, прынамсі, пры мне. У 1997 годзе я заехаў да яго дадому. Не ведаў, што ён хварэў, меў праблемы з пазваночнікам. І зноў ні слова пра сябе, толькі пра дзяржаву. Хоць у той час ён не быў запатрабаваны дзяржавай, быў беспрацоўны.

Як прызнаўся праз некалькі год, што ў доме ў яго на той момант на ўсю сям’ю было вядро бульбы.

У працяг тэмы дзяржаўнасці хачу прывесці эпізод, удзельнікам якога быў у 1993 годзе. Леанід Жаўтанога прапанаваў ураду Беларусі адну з праграм далейшага развіцця эканомікі. На дакладзе прысутнічалі акрамя прэм’ера Кебіча яго намеснік Мікалай Косцікаў, дарадца Мікалай Скарынін.

“Даволі цікава”, – заслухаўшы Жаўтаногу, сказаў Кебіч, – “А як ваша думка, колькі часу спатрэбіцца на яе ўвасабленне ў жыццё?” “Гады два-тры”, – быў адказ. “Праз два гады вы будзеце дакладаць іншаму прэм’еру”. Палітычная нестабільнасць навісала над Кебічам, не хапала дзяржаўнай мудрасці і смеласці думаць пра Беларусь.

А Краўчанка 29 чэрвеня 1994 года паехаў у Трыест, нягледзячы на фактычную забарону будучай улады, разумеючы наступствы.

Для мяне дарагі адзін надпіс, які зрабіў Пётр Кузьміч на кнізе “Подзвіг Скарыны”. “З удзячнасцю і павагай Івану Іванавічу Трусаву. Ніколі не забуду сяброўскую падтрымку ў неверагодна складаны, па сутнасці, трагічны час. 21 верасня 1994 года”.

Я бы хацеў аднаго, каб Пётр Кузьміч, гартаючы сваю запісную кніжку, сярод соцень сваіх знаёмых, хаця бы на секунду затрымаўся на маім прозвішчы, а для дзяцей і ўнукаў каб у роднай Беларусі было паболей такіх чыноўнікаў, як Краўчанка. Інтэлект – гэта тое, чаго нам не хапае.

Пётр Краўчанка.

Мы – будзем

У лістападзе 1993 года на прыёме ў прэзідэнта Турцыі Сулеймана Дамірэля нехта з нашай дэлегацыі задаў пытанне: “Як Турцыя стала такой развітой дзяржавай?”. На што далі ганебны для нас адказ:

“40 гадоў таму ў Турцыі не было нават сялян, толькі пастухі і салдаты. У вашай краіне ўсеагульнай пісьменнасці дастаткова трох-пяці год, каб стаць на ўзровень сусветных дзяржаў”.

Сталі.

Пераважная шэрасць на ўсіх узроўнях апанавала краіну, затармазіла жыццё, і час абагнаў нас. Але, як пісала Ларыса Геніюш: “… не ўчора народ наш паўстаў, Не заўтра канец нам прысудзяць, З мінуўшчыны слаўных падзеяў і спраў, мы ёсць. Мы былі! І мы будзем”.

Іван Трусаў, дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання (1990 – 1995).

Даведка “РГ”

Пётр Кузьміч Краўчанка, нарадзіўся 13 жніўня 1950 года. Дзяржаўны дзеяч Беларусі, гісторык, дыпламат. У 1990-94 – міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Кіраўнік дэлегацыі Беларусі на 45-48-й сесіях Генеральнай Асамблеі ААН. З 1998 – надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Японіі. Дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь у 1990 і 1995-96 – старшыня камісіі па міжнародных справах Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. У дзяцінстве шмат часу праводзіў у бабулі ў Ліцьвінках ля Куранца, жыў з бацькамі ў Маладзечне.

• Текст доступен на языке: Русский