У Смаргоні жанчына выпадкова выкінула ў сметніцу разам з чэкам немалыя грошы

Супрацоўнікі банка з вёскі Карані, што на Смаргоншчыне, просяць няўважлівую жанчыну вярнуцца.

Гэтую гісторыю «Нашай Ніве» расказала супрацоўніца банка Марыя Сцепанюк.

– У нядзелю, 13 кастрычніка, наша наведвальніца перадала мне грошы, якія яна выпадкова знайшла, і сказала, што толькі што падняла іх са сметніцы, што стаіць у банку. Мы прагледзелі камеры відэаназірання і ўбачылі, што раней у банку маладая пара з маленькім дзіцем мянялі ў акенцы замежную валюту.

Жанчына кінула ў сметніцу чэк разам з грашыма.

– Агучыць суму я вам пакуль не магу, таму што гаспадары грошай так і не знайшліся. Але магу сказаць, што грошы будуць чакаць у банку паўгода. Пасля чаго, калі іх гаспадары не апомняцца, мы іх перавядзём на які-небудзь дабрачынны рахунак, — расказала Сцепанюк.