Фота drive2.ru

35-гадовы жыхар Маладзечанскага раёна выслаў дзяўчыне інтымнае відэа, пасля чаго яна запатрабавала сем тысяч расійскіх рублёў, распавялі ў Маладзечанскім РАУС.

Беспрацоўны мужчына пазнаёміўся па вайберы з дзяўчынай Алінай. Яна даслала мужчыну відэа інтымнага характару. Але перад камерай пазіравала так, каб не было бачна твару.

Мужчына даслаў інтымнае відэа ў адказ. У тым роліку ён быў пазнавальны. Сувязь хутка абарвалася. Пасля ў сацыяльнай сетцы з фэйкавай старонкі мужчыну даслалі паведамленне з патрабаваннем грашовага пераводу. Цана пытання была сем тысяч расейскіх рублёў.

У адваротным выпадку, відэазапіс віртуальнага сэксу абяцалі разаслаць сябрам і знаёмым. Жыхар Маладзечанскага раёна не паддаўся на пагрозы і катэгарычна адмовіўся плаціць грошы. У выніку ролік 18+ адправілі сваякам пацярпелага.

Раніцай таго ж дня мужчына звярнуўся ў міліцыю. Па дадзеным факце праводзяць праверку. Устанавілі, што вайбер зарэгістравалі на расійскі нумар, IP-адрас карыстальніка таксама належыць Расійскай Федэрацыі.

У дзеяннях зламысніцы угледжваюцца прыкметы складу злачынства, прадугледжанага арт. 208 КК Рэспублікі Беларусь. За вымагальніцтва падобнага роду можа пагражаць да пяці гадоў пазбаўлення свабоды. Калі ж ашуканцы дзейнічаюць групай, то максімальным па гэтым артыкуле пакараннем будзе пазбаўленне волі тэрмінам да дзесяці гадоў.

Як адзначыў першы намеснік начальніка Маладзечанскага РАУС – начальнік крымінальнай міліцыі Юры Кабакоў, ад пачатку 2019 года зарэгістравалі пяць фактаў, калі ў інтэрнэце за невыдаванне наяўных звестак інтымнага характару вымагаюць грошы.

У некаторых выпадках ахвяры, паддаўшыся шантажу, пералічвалі зламыснікам неабходныя сумы, пасля чаго файлы ўсё роўна траплялі на ўсеагульны агляд.  У апошні час выпадкі падобнага вымагальніцтва пачасціліся, прычым ахвярамі становяцца як жанчыны, так і мужчыны.

Каб засцерагчы сябе ад ашуканцаў, не варта шукаць задавальненне патрэбаў у інтэрнэце з незнаёмымі людзьмі. Нават у асабістай перапісцы з сябрамі не варта размяшчаць адкрытыя фатаграфіі і відэафайлы, падсумаваў Юры Кабакоў.

 

• Текст доступен на языке: Русский