З заробкаў з Расіі. Мужчына ехаў праз Маладзечна дадому, а на вакзале скралі ўсе грошы

Сталічныя аператыўнікі затрымалі гамяльчанку, якая выкрала звыш 31000 расійскіх рублёў.

Мужчына вяртаўся з заробкаў з Расіі. Падчас стаянкі цягніка ў Маладзечна ён зайшоў у прывакзальнае кафэ для таго, каб паабедаць. Да яго століка падышла жанчына з дзіцем. Завязалася размова, падчас якой мужчына пачаставаў дзіця шакаладкай. Потым мужчына і жанчына выйшлі на вуліцу, каб пакурыць, дзіця пры гэтым пакінулі глядзець рэчы.

У кафэ мужчына вярнуўся ўжо адзін: ні дзіцяці, ні жанчыны не было. Рэчы стаялі на сваіх месцах. У цягніку рабочы выявіў прапажу 31000 расійскіх рублёў, якія ён зарабіў. На бліжэйшай станцыі мужчына звярнуўся да праваахоўнікаў па дапамогу.

Міліцыянеры праглядзелі запісы камер відэаназірання ў кафэ і ўстанавалі, што грошы выкрала тая самая жанчына. Яе затрымалі ў Мінску. Пры гэтым выкрадзеных грошай пры ёй не было. Жанчына аказалася з Гомеля, яна распавяла, што выпадкова ўбачыла буйную суму грошай у мужчыны ў той момант, калі ён даставаў дзіцяці шакаладку. З яе слоў, у яе паспеў план завалодаць грашыма. Разам з мужчынам яна выйшла на вуліцу, аднак у кафэ вярнулася раней за яго, дастала грошы і сышла з дзіцем. Частку выкрадзеных грошай яна выдаткавала на адзенне, а частку на асабістыя патрэбы. Жанчыну раней ужо судзілі за крадзеж.