У маладзечанскай бальніцы №2 адкрылі шэсць ложкаў для пацыентаў з псіхасаматычнымі расстройствамі.

– У адпаведнасці з Канцэпцыяй развіцця псіхіятрычнай дапамогі ў нашай краіне на 2016-2020 гады, у Мінскай вобласці запланавана адкрыццё псіхасаматычных ложкаў у Барысаўскім, Салігорскім і Маладзечанскім раёнах. Наш раён першым падышоў да рэалізацыі гэтых абавязацельстваў. Сімвалічна, што гэта адбылося ў Сусветны дзень псіхічнага здароўя, – адзначыла падчас адкрыцця галоўны доктар цэнтральнай раённай бальніцы Дар’я Калядзіч.

Неабходнасць у арганізацыі такой дапамогі вялікая. Як сказала Кацярына Катаргіна, галоўны пазаштатны спецыяліст па псіхатэрапіі і дзіцячай псіхіятрыі Галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Мінскага аблвыканкама, за апошнія дзесяць гадоў колькасць неўратычных расстройстваў вырасла ў 20 разоў.

Доўга працякаючы ў выглядзе дэпрэсіўных, панічных, трывожных расстройстваў, яны вымотваюць чалавека, вычэрпваюць рэсурсы арганізма. Стрэс з’яўляецца вядучым фактарам ва ўзнікненні такіх захворванняў, як гіпертанічная хвароба, нейрадэрміт, цукровы дыябет, інфаркт міякарда, мігрэнь і многіх іншых. Між тым псіхасаматычныя засмучэнні лечацца, маюць зварачальны характар, і вельмі важна, каб такому пацыенту была аказана своечасовая і прафесійная дапамога. Яе інтэграцыя ў агульналячэбную сетку – сучасная тэндэнцыя як сусветнай, так і беларускай медыцыны.

Дзве палаты для пацыентаў з псіхасаматычнымі засмучэннямі (для мужчын – на два месцы, для жанчын – на чатыры месцы) знаходзяцца на чацвёртым паверсе бальніцы ў пульманалагічным аддзяленні. Яны адасобленыя, размешчаныя ў канцы калідора. У штат бальніцы ўведзена стаўка доктара-псіхатэрапеўта, акрамя таго, падрыхтаваныя медсёстры для працы з такімі пацыентамі.

НАКІРАВАННІ НА ЛЯЧЭННЕ Ў СТАЦЫЯНАРЫ БУДУЦЬ ВЫДАВАЦЦА ЛЕКАРАМІ ПСІХАНЕЎРАЛАГІЧНАГА ДЫСПАНСЭРА, ЯКІЯ ПРАЦУЮЦЬ У ЦЕСНАЙ ЗВЯЗЦЫ З УСІМІ ЛЯЧЭБНЫМІ ЎСТАНОВАМІ РАЁНА.

Загадчыкі паліклінікамі, іншыя зацікаўленыя спецыялісты былі запрошаны на адкрыццё. З імі за круглым сталом абмеркавалі алгарытм сумесных дзеянняў пры аказанні дапамогі.

– Пацыентаў з якімі дыягназамі будуць у вас лячыць? – спыталі мы ў загадчыцы бальніцай №2 Юліі Цэлікавай.

– З неўрозамі, лёгкай дэпрэсіяй, трывогай, з вегето-сасудзістай дыстаніяй, з многімі іншымі псіхасаматычнымі і неўратычнымі засмучэннямі, – пералічвае Юлія Яўгенаўна. – Раней пацыенты нават з лёгкімі формамі псіхасаматычных расстройстваў вымушаныя былі лячыцца ў НПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках, што не заўсёды было апраўдана. Цяпер у маладзечанцаў і жыхароў суседніх раёнаў будзе магчымасць пралячыцца ў звычайнай лякарні.

Акрамя палат ў бальніцы №2 адкрыты кабінет псіхатэрапіі, дзе доктар-псіхатэрапеўт будзе праводзіць з пацыентамі індывідуальныя гутаркі, абавязковыя ў комплексным лячэнні. У кабінеце лячэбнай фізкультуры будуць праходзіць групавыя сеансы.

– Адкрыццё гэтых палат – вялікі крок наперад. Гэта дазволіць прадухіліць ў многіх людзей цяжкія псіхічныя захворванні, якія, як паказвае статыстыка, могуць прывесці не толькі да страты здароўя, працаздольнасці, але нават да суіцыду, – кажа загадчык псіханеўралагічнага дыспансэра Аляксандр Бажко. – Цяперашні Сусветны дзень псіхічнага здароўя прысвечаны аб’яднанню намаганняў супраць самагубстваў.

У СВЕЦЕ КОЖНЫЯ 40 СЕКУНД АД САМАГУБСТВА ГІНЕ ЧАЛАВЕК. У НАШАЙ КРАІНЕ Ў МІНУЛЫМ ГОДЗЕ САМАГУБСТВА ЗДЗЕЙСНІЛІ 1806 ЧАЛАВЕК.

Таму так важная інфармацыя ў СМІ як аб сённяшнім мерапрыемстве, так і пра месцы аказання дапамогі тым, хто ў ёй мае патрэбу. Сам чалавек з такой праблемай не справіцца, на дапамогу яму абавязкова павінен прыйсці спецыяліст.

Куды можна звярнуцца па дапамогу

Тэлефон «Даверу» псіхалагічнай службы раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва ў Маладзечне: (8-0176) 77-66-20 (з 8.00 да 17.00).

«Тэлефон даверу» службы экстранай псіхалагічнай дапамогі ў Мінску: (8-017) 202-04-01(8-029) 899-04-01 (МТС) кругласутачна, без выходных, ананімна.
Маладзечанскі псіханеўралагічны дыспансер: вул. Вялікі Гасцінец, 58, тэл. рэгістратуры 58-04-05. Сайт: mpnd.by.

• Текст доступен на языке: Русский