Спаборніцтвы з чытання вершаў на нямецкай мове зладзілі не ў школе і не ў бібліятэцы. Юных чытальнікаў арганізатары сабралі ў адным з маладзечанскіх бараў.

– Мы спецыяльна так зрабілі, – расказала напачатку бібліятэкар залы замежных моў Маладзечанскай раённай бібліятэкі Таццяна Летунова. – Хацелася, каб дзеці максімальна расслабіліся, не хваляваліся.

Расслаблення дадавала гарбата з чызкейкам і піца. Пачастунак праспансавала Пасольства Германіі ў Беларусі. Гэты нямецкамоўны батл зладзілі ў межах тыдняў Германіі ў Беларусі.

– Мы вельмі рады, што сёння сюды прыйшлі 23 удзельнікі. Значыць, вы цікавіцеся нямецкай мовай і гісторыяй Германіі. Нездарма кажуць, што англійскую мову ведае шмат хто. Нямецкую – эліта, – адзначыла Таццяна Летунова.

Удзельнічалі школьнікі, якія вывучаюць нямецкую мову. А гэта прадстаўнікі школ №№1 і 5, санаторнай школы інтэрната і гімназіі №10.

Ля мікрафона – Дар’я Канановіч.

Удзельнікі па чарзе чыталі вершы Гётэ, Шылера і іншых нямецкіх паэтаў. Ад некалькіх удзельнікаў прагучаў верш Гейнэ пра Ларалею – гераіню нямецкай міфалогіі – дзяўчыну з залатымі валасамі, падобную да нашай русалкі. Ужо шмат гадоў верш вывучаюць у школьнай праграме па нямецкай мове.

Сямікласніца санаторнай школы-інтэрната Дар’я Канановіч чытала два вершы: адзін – пра Ларалею, другі – «Песнь немцаў» – вядомы твор 19 стагоддзя, які пачынаецца словамі «Германія, Германія ўсюды…».

Юля Дземідовіч і Максім Чарнецкі з маладзечанскай школы №5 прадставілі не верш, а нямецкую песню «Лясны пажар».

– Чаму песня? Хацелася, каб нумар быў больш яркім. Да таго ж я даўно спяваю, – расказала карэспандэнту «Рэгіянальнай газеты» Юля Дземідовіч. – Гэта сучасная нямецкая песня пра перажыванні маладой дзяўчыны.

Нямецкай мовай Юлю зацікавіла настаўніца Зоя Дылеўская. Аднак песню да ўдзелу ў батле дзяўчына абрала сама. Настаўніца толькі падтрымала.

Пераможцаў вызначалі журы ў складзе журналіста і паэта Аляксандра Лазоўскага, знаўца нямецкай мовы Анатоля Войніча і акцёра «Батлейкі» Віктара Піліпенкі. А група падтрымкі абірала каго з удзельнікаў адзначыць прызам глядацкіх сімпатый.

Група падтрымкі і арганізатары.

У выніку месцы размеркаваліся так: 1 – Вольга Пятроўская, вучаніца дзявятага класа гімназіі №10, 2 – Ягор Гаранін, вучань шостага класа школы №5, 3 – Аліна Макарэвіч, васьмікласніца са школы №1.

Прыз глядацкіх сімпатый атрымалі Юлія Дземідовіч і Максім Чарнецкі.

– Усё ж песня – не зусім фармат літаратурнага батла. Але Юля і Максім так усім спадабаліся, што іх вырашылі адзначыць прызам глядацкіх сімпатый, – растлумачыла Таццяна Летунова.

Пераможцы атрымалі падарункі ад Пасольства Германіі ў Беларусі.

Фота аўтара.

• Текст доступен на языке: Русский