Маладзечанкі ў нядзелю, 13 кастрычніка, згулялі ў Чысці супраць мацнейшай каманды Беларусі ФК «Мінск». Гэты матч быў часткай моладзевага першынства Мінскай вобласці ў рамках рэспубліканскіх спаборніцтваў па футболе па праграме развіцця жаночага футбола АБФФ і ФІФА.

Паглядзіце яшчэ: Маладзечанскія футбалісткі згулялі супраць ФК «Мінск» (Фота)

Карэспандэнт «Рэгіянальнай газеты» з’ездзіла разам з дзяўчатамі на матч, каб расказаць пра самае цікавае, што адбывалася на полі і за ім.

Спявалі песні і настройваліся на гульню

У мікрааўтобусе, які накіроўваўся з Маладзечна ў Чысць, была звычайная атмасфера для спартыўнай каманды: хтосьці гутарыць між сабой, іншыя настройваюцца на гульню і спяваюць, а нехта моўчкі сядзіць у тэлефоне. Трэнер Сяргей Ляшчынскі спрабуе падбадзёрыць гульцоў і жартуе наконт будучага матча.

– Калі згуляеце ўнічыю – кожнай куплю па кватэры! У Мінску!

Галоўны трэнер Уладзімір Макоўскі спакойна сядзеў у аўто побач з кіроўцам. Ён усё скажа ў распранальні, дзе за паўгадзіны да сустрэчы з мінчанкамі дасць устаноўку на гульню. Канцэнтрацыя і нешматслоўнасць галоўнага трэнера не турбавала дзяўчат, якія амаль усім мікрааўтобусам пачалі спяваць песні.

– Усё! Хопіць спяваць, думайце пра гульню, – сказаў Ляшчынскі.

– Мы такім чынам рыхтуемся да матча, – крыкнуў хтосьці з дзяўчат з задніх сядзенняў.

Вольга Цярэшка.

«Судзіць будзе Цярэшка!»

Пад спевы дзяўчат, гутарку трэнераў з дзяўчатамі пра ўрокі ў школе і будучыя паступленні ў каледжы, мікрааўтобус спыніўся каля стадыёна ў Чысці.

– Судзіць будзе Вольга Цярэшка, – адзначыў Ляшчынскі.

У машыне адразу сціхла музыка, а ўсе футбалісткі пераглядваліся паміж сабой.

– З ёй не спрачацца. Я буду размаўляць, калі што, – працягвае трэнер.

Галоўная суддзя матча Вольга Цярэшка родам з Маладзечна, дзе і пачынала гульнявую кар’еру. Цярэшка гуляла ў футбол да сур’ёзнай траўмы калена, была ў нацыянальнай зборнай, але ў сувязі з пашкоджаннем стала арбітрам. Цяпер яна – рэферы ФІФА. Для дзяўчат з Маладзечна яна як прыклад, а як суддзя на полі – аўтарытэт.

Каманднае фота перад гульнёй.

Прэсінг і шмат галоў ад сапернікаў

У распранальні дзяўчаты атрымалі ад Макоўскага і Ляшчынскага ўстаноўку на гульню, а потым пайшлі размінацца перад матчам. Маладзечанская каманда выйшла на поле чысцінскага стадыёна першай. Футбалісткі з Мінска правялі размінку і разагрэў пазней. Пасля высветлілася, што гэта не перашкодзіла ім выглядаць на полі мацнейшымі за маладзечанак.

Мінчанкі спачатку не моцна ціснулі на саперніц. А пасля першага гола населі на каманду Макоўскага і Ляшчынскага.

– Адразу! Сядаем!

Гэта азначала, што на маладзечанскую каманду пачынаюць прэсінгаваць ужо з таго моманту, як яны разводзяць мяч у цэнтры поля. Мінчанкі пастаянна знаходзіліся на палове поля саперніц, не давалі ім перайсці ў атаку. Ад абароны падапечныя Макоўскага таксама згуляць не змаглі, таму што гублялі мяч у цэнтры.

Першы тайм завяршыўся з лікам 5:0. Другі тайм падарыў мінчанкам столькі ж галоў, а яшчэ і дадаў падарунак ад надвор’я – дождж. Мокры газон і непаслухмяны мяч крыху адцягнулі галявы напад мінчанак, але яны хутка зарыентаваліся ў новых умовах. Каманды пачалі актыўна выкарыстоўваць опцыю замен.

Пасля дзявятага гола Макоўскі выпусціў яшчэ адну новую футбалістку. На пытанне пра чаканасць разгромнага выніку гульні, ён адказаў шчыра:

– ФК «Мінск» – гэта моцная каманда. За 15 матчаў яны не прапусцілі яшчэ ніводнага мяча. Ні адзін гол ім не забілі. Разумееце, што за каманда?

Гульня завяршылася з лікам 10:0. Па кватэры футбалісткі маладзечанскай зборнай не атрымалі.

Фота Настассі УТКІНАЙ.

• Текст доступен на языке: Русский